Пад знакам ружы і любові

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Кажуць, што гісторыю ствараюць мужчыны. Падставы да такога меркавання простыя: сусветныя энцыклапедыі расквечаны біяграфіямі палкаводцаў све- ту, навукоўцаў, што перавярнулі прадстаўленні пра чалавека і прыроду, твор- цаў, якія сваімі работамі прынеслі гонар і славу Айчыне. Але многае з гэта- га не было б здзейснена, каб побач са славутымі мужчынамі не ішлі па жыц- ці жанчыны, у чыё імя і здзяйсняліся подзвігі. Месца знакамітых прадстаў- ніц прыгожага полу ў беларускай гісторыі і асабістыя дасягненні, што зрабі- лі ўплыў на лёс краіны, даследуе журналіст Ірына МАСЛЯНІЦЫНА.

У гісторыіжаночы сілуэт
Мусіць, ваша цікавасць да жаночых вобразаў у гісторыі Беларусі ўзнікла пад час журналісцкай працы?

Дзесьці з сярэдзіны 90-х гадоў, калі ўзнялася хваля інтарэсу да сівой даўніны, масава сталі выходзіць нарысы журналістаў, публіцыстаў, гісторыкаў, прысвечаныя славутым асобам мінуўшчыны, але фігуравалі ў іх амаль адны прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Я вырашыла высветліць, чым выклікана гэтая сітуацыя: тым, што інфармацыю пра мужчын, якія па прыродзе сваёй больш дзейсныя, прасцей знайсці, ці сапраўды значных жаночых імён на працягу вякоў не зяўлялася. Канешне, у апошняе верыць не хацелася. І не дарма.

 /i/content/pi/cult/198/2244/Subsustrechy.jpg
Пасля значнай пошукавай працы, у сааўтарстве з гісторыкам Міколам Багадзяжам, у 1995 годзе выйшла першая кніга нашага творчага тандэма пад назвай “Слава і няслаўе”. На старонкі трапілі гісторыка-біяграфічныя нарысы, якія распавядалі, што знакамітыя беларускія прыгажуні былі не толькі добрымі жонкамі і маці. Адны сталі княгінямі і каралевамі, што дамагаліся значных эканамічных пераўтварэнняў у краіне, другія адкрывалі новыя законы навукі і ўзнімалі на новую вышыню планку мастацтва.

Дарэчы, кніга нават была рэкамендавана Міністэрствам адукацыі ў якасці дадатковага чытання ў сярэдніх школах. З таго часу свет пабачыў тузін кніг аб гістарычных постацях, з якіх палова распавядаюць якраз пра жаночыя імёны ў гісторыі Беларусі.

— Можа, звяртаюцца да гэтых імёнаў не так часта, бо не хапае гістарычных звестак, звязаных з жанчынамі?

— Гэта памылковае меркаванне. Старадаўнія летапісцы не забываліся на жаночыя постаці, якія ўплывалі на ход падзей. Мы падымалі шматлікія дакументы, асабістыя лісты, тастаменты, успаміны гістарычных асоб і знаходзілі безліч неабходнай нам інфармацыі.

Часцяком звяртаемся да архіваў у суседніх краінах, перакладаем работы замежных аўтараў. Ды і навука не стаіць на месцы: пастаянна адкрываюцца новыя крыніцы для натхнення і вывучэння. Упэўнена: сёння кожны адукаваны чалавек зможа назваць з дзесятак славутых беларусак даўніны. Мы ж з дапамогай гістарычна-мастацкіх нарысаў імкнёмся пашырыць гэтае кола.


“Роля другога плана” — таксама мастацтва
— І ўсё ж часцей на гістарычным небасхіле жанчына паўстае ахоўніцай хатняга агменю…

— Так, нам пастаянна гавораць, што для жанчыны на першым месцы павінна стаяць сям’я, але я не бачу ў гэтым выказванні нічога крыўднага. Бог зрабіў жанчыну і мужчыну рознымі, і трэба гэта прымаць як дадзенае. Для мужчыны асноўнае — справа. Калі ён не зможа праявіць сабе, то перастане адчуваць сабе годным чалавекам. Таму і нельга патрабаваць ад яго цалкам прысвячаць сваё жыццё дзецям. Канешне, ёсць гераічныя бацькі накшталт Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, які самастойна выхоўваў сваіх дзяцей пасля таго, як пад час родаў памерла любімая жонка, пакінуўшы яму “семярых па лавах”. Ён больш не ажаніўся ды яшчэ ўзяў на выхаванне чатырох асірацелых пляменнікаў. Але гэты прыклад — выключэнне з правілаў.

Жанчына ж схільная да таго, каб займацца домам, працягваць род. У часы, калі ўсё вырашалася зброяй і грубай фізічнай сілай, уся творчая энергія прыгожай паловы чалавецтва напраўлялася на захаванне генафонду краіны. Колькі б было нас сёння, каб, прыкладам, у XVII стагоддзі, калі не праходзіла і года без ваенных дзеянняў, маці не імкнуліся нараджаць як мага больш дзяцей? Бушавалі войны, эпідэміі выкошвалі насельніцтва, а ў сем’ях з’яўлялася па 10 — 15 спадчыннікаў. Статыстыка той эпохі сведчыць: кожная трэцяя прадстаўніца магнацкіх фамілій памерла ў час родаў. Як бачыце, калі мужчына ахвяраваў сваім жыццём на полі бітвы, то жанчына ахвяравала сабой, сваім талентам дзеля сям’і.

— Ці змяняецца прадстаўленне аб асобных гістарычных фактах, калі глядзець на іх праз прызму сям’і?

— Палітычныя падзеі эпохі ўплывалі на асабістае жыццё кожнай сям’і, але адукаваныя і дзейныя прадстаўнікі фаміліі, у сваю чаргу, аказвалі ўплыў на лёс сваёй Айчыны. Такі ракурс расстаўляе новыя акцэнты і ў звыклых трактоўках мужчынскіх вобразаў. Упэўнена, многія са славутых асоб не зрабілі б тыя рэчы, аб якіх мы сёння ведаем, ці зрабілі б іх інакш, каб, так бы мовіць, не ўпэўненая жаночая рука на іх плячы. Агульнавядома: кожнаму рэфарматару неабходна падтрымка надзейнага сябра. Але таварыш мужчынскага полу можа паквапіцца на ўладу, і толькі каханая бескарысліва суцешыць, падкажа і падтрымае. На маю думку, нават знакаміты сваёй жорсткасцю Іван Грозны мог запомніцца суайчыннікам іншымі метадамі кіравання, калі б баяры не атруцілі яго жонку Настассю. Дарэчы, гэта таксама вялікае мастацтва — усведамляць сваё месца і на ўсё жыццё заставацца героем другога плана. Бліскуча ім валодаюць, у асноўным, жанчыны.

— Напрошваецца выснова, што жанчынам лёсам наканаваны ролі ў ценю.

— Не толькі. Калі яна выдатная жонка, маці, але больш ні ў чым сябе не праявіла, то становіцца падобнай да вусеня, што так і не ператварыўся ў матылька. Вось менавіта “матылькоў”, якія атрымалі ўзлёт боскага натхнення, у беларускай гісторыі шмат: драматург Францішка Уршуля Радзівіл, матэматык Соф’я Кавалеўская, актрыса Гелена Петранэла Маеўская, балерына Апалонія Дарэўская, капітан паўстанцаў Эмілія Плятэр, дачка князя Тура, паляніца Настасся — наша амазонка.
 /i/content/pi/cult/198/2244/Subsustrechy2.jpg

Зрэшты, пералік гэты можна доўжыць і доўжыць. Бясконцая нізка жаночых вобразаў дапамагла выявіць характэрную рысу беларускіх жанчын: гнуткасць характару. Постаці, якія рухалі гісторыю, маглі і не паходзіць з нашай дзяржавы, але, прыехаўшы за каханым, жанчына ўсёй душой прымала яго краіну, веру, культуру. Яна навучылася не толькі любіць тое, што наканавана ёй лёсам, але і ўдасканальваць атрыманую спадчыну. Гэтая сапраўды залатая рыса праяўлялася і ў беларусак, якія з’ехалі за мужамі за мяжу, і нават у іх дачок. Прыкладам, расійская імператрыца Лізавета Пятроўна — напалову наша, бо з’яўляецца дачкой Марты Скаўронскай, адкрыла два універсітэты, адмяніла пакаранне смерцю.

І яшчэ я назвала б славутых жанчын Беларусі збіральніцамі. Ёсць талент, калі чалавек бліскуча парушае асновы, а вось беларускі заўсёды рупліва “збіралі”, нават з аскепкаў, спадчыну, род, краіну. У гэтым спашлюся на Еўфрасінню Полацкую. Зараз прынята бачыць у ёй знакавы вобраз нашай веры, але людзі забываюцца на іншыя бакі яе дзейнасці. Еўфрасіння ўмела вельмі тонка, непрыкметна і дзейсна ўплываць на палітычныя падзеі ў краіне. Паглядзіце: у тагачасным Полацку не было крывавых сутычак паміж хрысціянамі і язычнікамі. Мудрая Еўфрасіння дапамагла пазбегчы народных хваляванняў… адкрыўшы пры манастырах школы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Туды маглі прыйсці ўсе жадаючыя, нават дзеці язычнікаў. Урокі, канешне, вяліся па багаслоўскай літаратуры, малыя распавядалі аб пачутым бацькам, а адукаваны чалавек наўрад ці пойдзе пасля такіх прамоў на капішча. Такім чынам, бяскроўна, без полымя і мяча, на Полаччыне ўкаранялася хрысціянства.


Лёгкай хадой — на падмосткі
— Зрэшты, вашы нарысы пра Заступніцу зямлі беларускай ператварыліся ў п’есу “Крыж Еўфрасінні”. Прэм’ера аднайменнага спектакля хутка адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа...

— Мяне паглынула шматбаковасць вобраза Еўфрасінні, вельмі хацелася адкрыць для шырокага кола зацікаўленых малавядомыя старонкі яе жыцця. Пастаноўка атрымала бласлаўленне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Акцёрам дапамагалі манахіні Полацкага жаночага манастыра.

— Ці чакаеце вы падобнага рэзанансу ад вашай з Міколам Багадзяжам новай кнігі — “Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі”, якая выходзіць у свет акурат напярэдадні Міжнароднага жаночага дня?

— На мой погляд, першы вынік мы атрымалі яшчэ да таго, як выданне трапіла ў друкарню. Справа ў тым, што для афармлення кнігі быў запрошаны мастак Ігар Гардзіёнак. Лёгка намаляваць жанчыну, партрэты якой захаваліся ў музеях і архівах, але як перадаць выяву той, аб якой засталіся толькі рукапісныя радкі ў хроніках? Ігар разам з намі ўзняў архіўныя дакументы, вышукаў у старажытных крыніцах апісанні знешняга выгляду і адзення Рагнеды, лекаркі Саламеі Русецкай, балерыны Апалоніі Дарэўскай.

Атрымаліся адмысловыя ілюстрацыі, якія зрабілі тэкст больш змястоўным і, упэўнена, змогуць стаць штуршком для дакладнага выяўлення гэтых гістарычных постацей у ілюстрацыйнай практыцы.

Шчыра кажучы, з самага пачатку мы з Міколам Багадзяжам спадзяваліся, каб нашы гістарычныя даследаванні, увасобленыя ў літаратурна-мастацкай форме, натхнілі каго-небудзь з пісьменнікаў, музычных дзеячаў, кінематаграфістаў, мастакоў. Мо пяшчотныя і напорыстыя, рамантычныя і ваяўнічыя жаночыя гістарычныя постаці прагучаць на ўсю моц і ў сучасным беларускім мастацтве?

Настасся ПАНКРАТАВА