Хаця нарадзілася яна акурат у “жаночым” сакавіку (між іншым, у адзін дзень з І.С. Бахам), нічога вясновага ў яе абліччы, здавалася б, няма: звычайна сур’ёзная, засяроджаная, у ейным адзенні дамінуюць класічна цёмныя фарбы, усмешка ледзь кранае вусны. У музыцы ж — увогуле графічна строгае бяздонне нават не чатырох-, а пяці-, шасцімернай касмічнай прасторы. Затое ў жывапісе — тое раздолле каларыстыкі, што нагадвае “колерамузыку”.
Чалавек вельмі творчы і апантаны, Вольга спрабуе сябе і ў іншых відах мастацтва, і ў іх сінтэзе (сярод яе твораў, дарэчы, ёсць і напісаныя на ўласныя словы). Не абмежаваўшыся Лідскім музычным вучылішчам, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па дзвюх спецыяльнасцях: як кампазітар (па класе прафесара Вячаслава Кузняцова) і арганістка (па класе Уладзіміра Неўдаха). Удасканальвала майстэрства ў магістратуры, асістэнтуры-стажыроўцы, паралельна здабываючы міжнароднае лаўрэацтва.
Прытым, што піша яна пераважна складаныя філасофскія творы, прэм’ера кожнага становіцца падзеяй яшчэ са студэнцкіх гадоў. А імправізавана-тэатралізаваныя выступленні ансамбля “Рацыянальная дыета”, у складзе якога яна ўжо чацвёрты год, збіраюць заўсёдныя аншлагі не толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Еўропе: кампакт-дыск ансамбля, які выходзіць у Італіі, хутка з’явіцца і ў нас.
29 сакавіка Вольга выступіць як арганістка пад час уручэння прэмій “Тэлевяршыня”. Пазней возьме ўдзел у складзе журы кампазітарскага конкурсу. А 16 мая, калі ў нас пройдзе “Ноч арганнай музыкі”, па ўсёй Беларусі будуць выконваць яе новы твор “Час аргана”, што быў замоўлены ёй арганізатарамі свята.
— На мяне, — хавае ўсмешку Вольга, — больш уплывае не вясна, а… Бах: гэта ён грае мне ў снах тыя творы, што я павінна напісаць.
Надзея БУНЦЭВІЧ