Сыграць перамогу над лёсам

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

3-га сакавіка бліскучая актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, заслужаная артыстка Беларусі Галіна Талкачова адзначыла свой 75-гадовы юбілей. Актрыса, якая пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута прыйшла працаваць у Купалаўскі і ніколі не здраджвала гэтай пляцоўцы, і сёння з’яўляецца зоркай першай сцэны краіны.

 
 /i/content/pi/cult/198/2240/Sygrac.jpg

Галіна Талкачова ў спектаклі “Апельсінавае віно”

Нягледзячы на тое, што па сваім характары Галіна Талкачова ніколі не прэтэндавала на ролю “прымы” ў тэатры, амаль кожная яе роля не заставалася незаўважанай. Крытыкі заўсёды адзначалі паглыблены псіхалагізм актрысы, дакладную нюансіроўку вобразаў і, разам з тым, яркую знешнюю выразнасць малюнка ролі. Скульптурна акрэсленыя, правільныя і высакародныя рысы твару, глыбокія вочы-віры… Знешнасць актрысы, надзвычай эфектная і выразная, дазваляла Галіне Талкачовай іграць і сваіх сучасніц, надзяляючы “простых” дзяўчын душэўнай глыбінёй і высакароднасцю, і гераінь класічнага рэпертуару, з’ядноўваючы ў адно дакладнае адчуванне характараў сваіх персанажаў і тую эпоху, прадстаўніцамі якой яны з’яўляліся.
Ёй аднолькава падуладны беларускі рэпертуар, класіка і творы “экзатычных” драматургаў.
Дзве з роляў, у якіх мне пашчасціла бачыць Галіну Талкачову, зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. Адна з іх — Гурмыжская ў “Лесе” М.Астроўскага. Гераіня Талкачовай нечаканым чынам паўстала не багатай немаладой распусніцай, што зацягвае ў сваю сетку-павуцінне маладзенькага сквапнага да багацця хлапчука, а вабнай жанчынай, чыя прыцягальнасць нібыта “нараджаецца ніадкуль”, і прайсці міма яе высакароднай постаці, пільнага і ўважлівага погляду проста немагчыма. Балансаванне на мяжы “высакароднасці” і “ракавой жанчыны” — вось тое, вакол чаго актрыса будуе характар сваёй гераіні.
Але сапраўдным гімнам жаночай прыродзе з’яўляецца яе Голда ў “Памінальнай малітве” Шолам-Алейхема — спектаклі, які ідзе на Купалаўскай сцэне ўжо не першае дзесяцігоддзе, але па-ранейшаму збірае поўныя глядзельныя залы. Насуперак таму, што галоўным героем спектакля з’яўляецца Тэўе ў выкананні Аўгуста Мілаванава, гераіня Талкачовай незаўважна, без аніякіх знешніх праяў сваёй “валадарнасці” выводзіць на першы план тэму жаночага лёсу як спрадвечнага цярпення і спагадлівасці. Менавіта яна “цэментуе” сям’ю, і нават перад уласнай смерцю ў знакавай сцэне-маналогу, дзе Талкачова дэманструе нам бліскучы і, разам з тым, вытанчаны ўзор акцёрскага майстэрства і віртуознасці псіхалагічнай нюансіроўкі, яе Голда ў сваёй шчырай пакорлівасці жаночаму лёсу застаецца… нязломленай. І гэта — вялікая перамога Жанчыны над Лёсам.
А сваім шчырым прыхільнікам ды і ўсім тэатралам, якія паважаюць і цэняць у тэатры акцёрскі прафесіяналізм і “сыходзячую натуру” — майстэрства “старой” школы, — Галіна Талкачова прапануе свой бенефісны спектакль “Апельсінавае віно” па п’есе Алехандра Касона “Дрэвы паміраюць стоячы...”.


Таццяна КОМАНАВА