Фатограф і скульптар

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

У Клубе дакументальнага кіно відэакомплексу “Цэнтр-відэа” прайшоў паказ новых айчынных стужак. Вечар правяла кандыдат мастацтвазнаўства, член Праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў, галоўны рэдактар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Наталля Сцяжко.

На суд гледачоў былі прадстаўлены тры новыя 20-хвілінныя дакументальныя карціны айчынных кінематаграфістаў.

Першыя дзве стужкі распавялі аб штодзённым жыцці звычайных беларускіх вяскоўцаў. Так, рэжысёр Юрый Гарулёў і аўтар сцэнарыя Вячаслаў Ільянкоў у сваёй рабоце “Фатограф Улляна” распавялі гісторыю жыхаркі палескай вёсцы Чэмерын. Іх гераіня Улляна Мельнік па волі лёсу стала летапісцам жыцця мястэчка. У цяжкія пасляваенныя гады яна фатаграфавала суседзяў на пашпарты, а таксама здымала памятныя падзеі: вяселлі, пахаванні, праводзіны ў армію. Сёння тыя побытавыя здымкі сталі сапраўднымі рарытэтамі пасляваеннага часу сяла па-над Ясельдай.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр “Хвілін жыцця” Вольга Дашук у якасці галоўных герояў выбрала кавалёў з Пастаўшчыны — бацьку і сына Антона і Юрыя Фурсаў. Атрымалася сапраўдная кінабалада аб людзях, якія знайшлі сэнс свайго існавання на зямлі ў тым, што ў суладдзі з прыродай займаюцца сваёй любімай справай.

У адрозненне ад калег, аўтар сцэнарыя і рэжысёр фільма “Ваятель” Станіслаў Гайдук прысвяціў сваю карціну лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі, прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анатолю Арцімовічу. Вядомы скульптар з’яўляецца адным з аўтараў барэльефаў Кургана Славы, мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”. Яго помнікі, прысвечаныя значным асобам гісторыі краіны, упрыгожваюць плошчы Мінска, Заслаўя, Барысава, Калінінграда і іншых гарадоў.

Наш кар.