Каласы і галасы Прынёманскага краю

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

27 лютага Вялікая зала Палаца Рэспублікі гасцінна прымала “паслоў культуры” Гродзеншчыны: вобласць, як раней Брэстчына, Гомельшчына і сталіца, прадставіла творчую справаздачу, прысвечаную 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На пачатку канцэрта гасцей і ўдзельнікаў вітаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка, які сказаў так пра асаблівасці Прынёманскага краю: “Гродзеншчына шмат у чым унікальная. Гэта край багацейшай гісторыі і глыбокіх культурных традыцый. Тут даўніна суседнічае з сучаснасцю, тут жывуць і працуюць прадстаўнікі розных народаў і веравызнанняў”.

 
 /i/content/pi/cult/198/2238/Neman1.jpg
 

Урачысты пралог канцэрта —
“Песня пра Нёман”.

Пераканацца ў гэтым можна было ўжо ў фае, паглядзеўшы творы прафесійных мастакоў і народных майстроў. Экспазіцыя, разгорнутая на розных пляцоўках, утварала дзве самастойныя выстаўкі, з’яднаныя не толькі абрысамі “геаграфічна-адміністратыўнай адзінкі”, але і сваёй тэматыкай. З аднаго боку — багатая гісторыя, старадаўнія традыцыі, з другога — сучаснасць мыслення. І, што вельмі важна, усё гэта не наводдаль адно ад аднаго, а— разам, у непадзельным адзінстве. А над усім— амаль забытая сёння гармонія чалавека і прыроды. І звязаная з ёй бясконцасць сімвалічных пераўтварэнняў, у адных выпадках блізкая да народнай міфалогіі, у другіх — да эстэтыкі постмадэрна.
Невыпадкова, мабыць, адна з карцін так і называлася — “Пераўтварэнні”. На ёй — ці то былінкі ў полі, ці то чалавечыя постаці, што згінаюцца на ветры. На другім палатне — дзьмухаўцы, падобныя на пухнатыя “скафандры” жывых істот. Заўважным было і частае выкарыстанне манахромнасці, калі пераважае адна фарба, але ў безлічы адценняў. Адчуваўся і творчы працяг каларыстычных знаходак Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, накіраваных на эфекты “глыбіні” адлюстравання, асаблівай матавасці паверхні.
Тое, што Нёманскі край знаходзіцца на памежжы Беларусі, Літвы і Польшчы, адбілася і на народным мастацтве Гродзеншчыны. Адметна ўпрыгожаныя вербныя галінкі, скураныя, кавальскія вырабы з “водарам” рыцарскага Сярэднявечча, стылізаваныя строі — не адно простанародныя, але і шляхетныя, сялянскія выцінанкі і “каралеўскія” габелены…
Але ў цэнтры экспазіцыі абсалютна справядліва аказалася “шкляная казка” з Бярозаўкі: шматлікія сувеніры, вазы, посуд і нават філасофскія кампазіцыі, быццам зробленыя з застылых слёз суму і радасці. Шкло ператваралася ў разнастайныя ракавінкі, елачку, у “Метэарыты”, “Халодную ваду”, “Паветра” і нават “Цішыню”.
Гістарычна-біблейская тэма гучала як мелодыя спадчыны. Адна толькі Каложская царква, архітэктурная перліна ХІІ стагоддзя, і народзіны Хрыста атрымалі выявы ледзь не ва ўсіх магчымых варыянтах: у жывапісе, вышываных карцінах, абразах, гліняных барэльефах, скураных вырабах, у выцінанцы…
Тэма ж прыроды нечакана набыла касмічнае гучанне. Такі традыцыйны від народнай творчасці, як лозапляценне, быў прадстаўлены не звыклымі кошыкамі, а абстрактна-сімвалічнай кампазіцыяй, сплеценай з мноства клубочкаў-планет бязмежнай касмічнай прасторы. “Трансфармавалася” і разьба па дрэве. Замест лыжак ці нават традыцыйных драўляных скульптур мы ўбачылі поўныя глыбокага філасофскага зместу кампазіцыі, што дазвалялі правесці паралелі з творчасцю Язэпа Драздовіча.
Акрамя касмічных, былі і ўласна прыродныя “фэнтэзі” — аплікацыі з пер’я “У краіне райскай птушкі” А.Клімавай: рыбкі, кветкі, матылькі былі зроблены з выдумкай і любоўю, па-еўрапейску стыльна і па-беларуску мякка, някідка, з душэўным цяплом. Ці не гэтыя “Добрыя рукі”, такія падобныя на гнуткія ліліі, былі ўвасоблены ў метале сярод кавальскай экспазіцыі?

 /i/content/pi/cult/198/2238/Neman2.jpg

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка.

Дый шматлікія музычныя інструменты Мар’яна Скрамблевіча аказаліся вырабленымі па тым жа законе еднасці чалавека з прыродай: старадаўнія рогі, гарадзенскія трубы, шматлікія дудкі, у тым ліку парныя, флейты, у тым ліку перуанская, вялікая калекцыя жалеек, сярод якіх ёсць і незвычайныя па форме — у выглядзе гэткай “дзяўчыны ў спаднічцы”, разнастайныя акарыны, што нагадваюць то рыб, то жалуды. Гэтая экспазіцыя, агучаная выступленнем самога майстра, прыцягнула, бадай, найбольшую ўвагу міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука і Мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.
Шмат у чым незвычайным аказаўся і справаздачны канцэрт пад назвай “Мой край Прынёманскі — маё спрадвечнае каханне”. Рэжысёрска-пастаноўчая група справаздачнага канцэрта не пабаялася парушыць многія стэрэатыпы. Акрамя асобнага каляндарна-абрадавага блока, фальклорныя нумары аказаліся ўдала раскіданымі па іншых частках праграмы.
Пры гэтым восень у каруселі пор года, прадстаўленая кірмашом, стала папраўдзе поліфанічным відовішчам, спалучыўшы ўласна фольк з лялькамі, артыстамі цырка, цыганамі і нават “пераапранутым” мядзведзем. Вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Залатыя каласы” стала мастацкім працягам сельскагаспадарчых і, шырэй, вытворчых здабыткаў Гродзеншчыны, якая летась, як адзначыў у сваім выступленні У.Саўчанка, атрымала 2 мільёны тон збожжавых пры сярэдняй ураджайнасці 52 цэнтнера з гектара. Музычная класіка натуральна паядналася з гісторыяй праўда, пры некаторым парушэнні храналогіі. А ў адлюстраванне гадоў Вялікай Айчыннай арганічна ўпісаўся нядаўна створаны трапар “Усім беларускім святым” Андрэя Бандарэнкі. Добра падабраны відэарад супадаў з музыкай літаральна да такта. Пачаўшыся са знакамітай “Песні пра Нёман” Нестара Сакалоўскага на словы Анатоля Астрэйкі, канцэрт сімвалічна завяршыўся выхадам на сусветныя арбіты — кампазіцыяй “Планета людзей — Зямля”.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА