Рэгесты Цяпінскага

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Духоўная спадчына Беларусі ўключае ў сябе сотні каштоўных артэфактаў, па якіх можна прасачыць ход айчыннай гісторыі. У свой час надзвычай вялікую ролю ў выяўленні сярэднявечных рукапісаў і старадрукаў адыграў Яўхім Карскі, які змог зафіксаваць і апісаць найбольш каштоўныя з іх. Даўно ўжо наспела неабходнасць істотна пашырыць спіс гістарычных першакрыніц за кошт новых, часам даволі нечаканых, знаходак.

/i/content/pi/cult/197/2231/Cyapinski1.jpg 

Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.

Як падкрэслівае галоўны навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгій Галенчанка, зараз неабходна скласці ахоўны вопіс, зафіксаваць усё, што тычыцца пісьмовай спадчыны Беларусі ад глыбокай старажытнасці да нашых дзён. А для таго, каб гэтую задуму рэалізаваць, трэба грунтоўна вывучыць бібліяграфію, рукапісныя матэрыялы, што захоўваюцца ў буйных архіўных і бібліятэчных еўрапейскіх цэнтрах. Для даследчыка артэфактаў духоўнай спадчыны Беларусі, які мусіць ведаць розныя мовы, гісторыю, арыентавацца ў вялікім патоку літаратуры, адчынены дзверы большасці бібліятэк і архіваў.

Асноўныя і найбольш каштоўныя зборы помнікаў беларускай мінуўшчыны знаходзяцца зараз у Польшчы, Расіі, Літве, Украіне, Латвіі. Па словах Георгія Якаўлевіча, у фондах Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве захоўваецца, напрыклад, велізарны збор кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага XV — XVIII стст. У фондах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве маюцца вялікія зборы прыватных архіваў Радзівілаў, шматтомныя калекцыі эпісталярнай спадчыны XIV — XVIII стст.

І тым не менш, вывучэнне нашай духоўнай спадчыны, па меркаванні спецыяліста, мае фрагментарны характар, што звязана з выразнай абмежаванасцю пісьмовых гістарычных крыніц. Захаваліся толькі адзінкавыя пергаментныя лісты і акты, некалькі старажытных рукапісаў і берасцяных грамат перыяду Х — ХІV стст. З распаўсюджаннем таннай паперы значна павялічылася і колькасць пісьмовых дакументаў, але і яны не могуць даць пэўныя звесткі гісторыкам.

На сучасным этапе Георгіем Галенчанкам зафіксавана даволі вялікая колькасць раней невядомых і малавядомых помнікаў духоўнай спадчыны і культурных сувязей Беларусі ХV — сярэдзіны XVII стагоддзяў, што ўвайшлі ў аднайменную кнігу, падрыхтаваную ў межах выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006 — 2010 гады “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры”, якая сёлета пабачыла
 /i/content/pi/cult/197/2231/Cyapinski2.jpg

Гравюра з Нясвіжскай Бібліі. 1563 г.

свет. Па прызнанні аўтара, асноўная мэта выдання, якое мае эўрыстычны характар, — у прыцягненні ўвагі даследчыкаў да дакументальных матэрыялаў гістарычнай і духоўнай спадчыны.

У кнізе апісваюцца такія арыгінальныя і разнастайныя па сваіх жанравых адметнасцях помнікі свецкага пісьменства XVI — XVII стст., як гістарычная праца Самуэля Доўгірда “Генеалогія, або Кароткае апісанне (спраў) вялікіх князёў літоўскіх”, палемічныя выданні Іпація Пацея, Тэадора Намыслоўскага, Аляксея Дубовіча, рэдкія выданні Бібліі, панегірыкі і казанні. Як зазначае Георгій Галенчанка, выбар помнікаў сакральнай кніжнасці для ўключэння ў выданне быў абумоўлены не толькі іх высокім прэстыжам, грамадскай і духоўнай значнасцю, але і недастатковай вывучанасцю нават найбольш вядомых біблейскіх зводаў, што былі выразным адлюстраваннем рэнесансава-гуманістычных і асветніцкіх павеваў, дзяржаўнай і грамадскай талерантнасці.

Апошнім часам у Заходняй Еўропе павышаецца цікавасць да матэрыялаў, звязаных з беларускай гісторыяй. Сведчаннем гэтаму стала перавыданне ў Італіі нясвіжскага альбома архітэктара Бернардоні XVІ ст. з бібліятэкі Храптовіча. У Германіі біблейскай камісіяй перавыдадзена Евангелле Васіля Цяпінскага на старабеларускай мове, а таксама рэгесты 60 дакументаў, што звязаны з яго жыццём і дзейнасцю.

У нашай краіне чакае перавыдання першая друкаваная кніга на тэрыторыі Усходняй Еўропы і ў межах Вялікага княства Літоўскага — “Малая падарожная кніга” Францыска Скарыны, а таксама унікальны помнік XVІ стагоддзя — першы рукапісны летапісны звод беларускага паходжання, што бярэ пачатак у 1502 годзе ў Вільні, а завяршаецца праз пяць гадоў у Супраслі, — аформлены бездакорным каліграфічным стылем з мініяцюрамі, упрыгожанымі золатам і срэбрам. Па сведчанні Георгія Галенчанкі, які пазнаёміўся з гэтай кнігай, фарбы прабіваюць ліст літаральна наскрозь і пры гэтым цягамнекалькіх стагоддзяў не губляюць сваёй яркасці.

“Няпраўда, што рукапісы не гараць: яны рассыпаюцца ад старасці. Некаторыя можна прачытаць, выкарыстоўваючы толькі адмысловую тэхніку,” — зазначае Георгій Якаўлевіч.