Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу. |
Асноўныя і найбольш каштоўныя зборы помнікаў беларускай мінуўшчыны знаходзяцца зараз у Польшчы, Расіі, Літве, Украіне, Латвіі. Па словах Георгія Якаўлевіча, у фондах Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве захоўваецца, напрыклад, велізарны збор кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага XV — XVIII стст. У фондах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве маюцца вялікія зборы прыватных архіваў Радзівілаў, шматтомныя калекцыі эпісталярнай спадчыны XIV — XVIII стст.
І тым не менш, вывучэнне нашай духоўнай спадчыны, па меркаванні спецыяліста, мае фрагментарны характар, што звязана з выразнай абмежаванасцю пісьмовых гістарычных крыніц. Захаваліся толькі адзінкавыя пергаментныя лісты і акты, некалькі старажытных рукапісаў і берасцяных грамат перыяду Х — ХІV стст. З распаўсюджаннем таннай паперы значна павялічылася і колькасць пісьмовых дакументаў, але і яны не могуць даць пэўныя звесткі гісторыкам.
На сучасным этапе Георгіем Галенчанкам зафіксавана даволі вялікая колькасць раней невядомых і малавядомых помнікаў духоўнай спадчыны і культурных сувязей Беларусі ХV — сярэдзіны XVII стагоддзяў, што ўвайшлі ў аднайменную кнігу, падрыхтаваную ў межах выканання Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006 — 2010 гады “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры”, якая сёлета пабачылаГравюра з Нясвіжскай Бібліі. 1563 г. |
У кнізе апісваюцца такія арыгінальныя і разнастайныя па сваіх жанравых адметнасцях помнікі свецкага пісьменства XVI — XVII стст., як гістарычная праца Самуэля Доўгірда “Генеалогія, або Кароткае апісанне (спраў) вялікіх князёў літоўскіх”, палемічныя выданні Іпація Пацея, Тэадора Намыслоўскага, Аляксея Дубовіча, рэдкія выданні Бібліі, панегірыкі і казанні. Як зазначае Георгій Галенчанка, выбар помнікаў сакральнай кніжнасці для ўключэння ў выданне быў абумоўлены не толькі іх высокім прэстыжам, грамадскай і духоўнай значнасцю, але і недастатковай вывучанасцю нават найбольш вядомых біблейскіх зводаў, што былі выразным адлюстраваннем рэнесансава-гуманістычных і асветніцкіх павеваў, дзяржаўнай і грамадскай талерантнасці.
Апошнім часам у Заходняй Еўропе павышаецца цікавасць да матэрыялаў, звязаных з беларускай гісторыяй. Сведчаннем гэтаму стала перавыданне ў Італіі нясвіжскага альбома архітэктара Бернардоні XVІ ст. з бібліятэкі Храптовіча. У Германіі біблейскай камісіяй перавыдадзена Евангелле Васіля Цяпінскага на старабеларускай мове, а таксама рэгесты 60 дакументаў, што звязаны з яго жыццём і дзейнасцю.
У нашай краіне чакае перавыдання першая друкаваная кніга на тэрыторыі Усходняй Еўропы і ў межах Вялікага княства Літоўскага — “Малая падарожная кніга” Францыска Скарыны, а таксама унікальны помнік XVІ стагоддзя — першы рукапісны летапісны звод беларускага паходжання, што бярэ пачатак у 1502 годзе ў Вільні, а завяршаецца праз пяць гадоў у Супраслі, — аформлены бездакорным каліграфічным стылем з мініяцюрамі, упрыгожанымі золатам і срэбрам. Па сведчанні Георгія Галенчанкі, які пазнаёміўся з гэтай кнігай, фарбы прабіваюць ліст літаральна наскрозь і пры гэтым цягамнекалькіх стагоддзяў не губляюць сваёй яркасці.
“Няпраўда, што рукапісы не гараць: яны рассыпаюцца ад старасці. Некаторыя можна прачытаць, выкарыстоўваючы толькі адмысловую тэхніку,” — зазначае Георгій Якаўлевіч.