Аташэ па культуры Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Давуд Мірзахані адзначыў: “У апошняе дзесяцігоддзе ў Мінску прайшло вельмі шмат нашых выставак. Але мы хацелі б як мага бліжэй пазнаёміцца і з іншымі гарадамі вашай краіны і, у той жа час, прадставіць свой народ, сваю краіну”.
Ён дадаў, што мэтай гэтай выстаўкі з’яўляецца пашырэнне культурных зносін, знаёмства людзей з традыцыямі і мастацтвам старажытнай імперыі, якая налічвае больш за 6 тысяч гадоў.
Гомельскія гледачы могуць пазнаёміцца з творчасцю выбітнага мастака Усходу — Махмуда Фаршчыяна, які працуе ў плыні традыцыйнага мастацтва Ірана, і ў той жа час з’яўляецца сучасным жывапісцам. Сюжэты “Тысячы і адной ночы” прадстаўлены ў 57 мініяцюрах майстра.
Супрацоўнікі гомельскага Палаца сцвярджаюць, што ён з’яўляецца наватарам, які ўдыхнуў новае жыццё ў старажытнае мастацтва, змяніў нашы ўяўленні пра магчымасці ўсходняй мініяцюры.
Давуд Мірзахані паабяцаў, што ў будучыні жыхары іншых беларускіх рэгіёнаў змогуць пабачыць не толькі карціны Фаршчыяна, але і яго асабіста. А напрыканцы сакавіка гамяльчане пазнаёмяцца з творчасцю сапраўдных іранскіх музыкантаў: горад наведае іранскі фальклорны ансамбль.
Віталь ДОЎГІ,
навуковы супрацоўнік ДГКУ
“Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”