Да Піцера – нон-стопам

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Ужо чацвёрты год запар напярэдадні вясны ў Санкт-Пецярбургу праводзіцца Міжнародны фестываль-конкурс “Акно ў Еўропу”. Выхаванцаў нашага Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна ведаюць на ім добра: летась уладальніцай Другой прэміі стала адна з удзельніц дзіцячага “Еўрабачання” Даша Надзіна (“К” № 10 за 2008 г.), сёлета ж юныя беларускія выканаўцы Маша Новік і Ксенія Сітнік атрымалі першыя прэміі ў намінацыі “Эстрадна-джазавы вакал” у дзвюх узроставых катэгорыях: ад 5-ці да 8-мі і ад 12-ці да 14-ці гадоў.

 /i/content/pi/cult/198/2226/Sitnik.jpg
А між тым, колькасць канкурсантаў і краін-удзельніц год ад года расце. Сёлета ў Піцер сабралася каля тысячы музыкантаў ад 5-ці да 25-ці гадоў з васьмі краін свету: Беларусі, Ізраіля, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. І бліскучая перамога нашых дзяўчатак, якія займаюцца вакалам пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнка, — сведчанне далейшых перспектыў нашай эстрады.

Ну, а сведчаннем таго, што пераможцы не збіраюцца спачываць на лаўрах, сталі здымкі кліпа Ксеніі Сітнік на песню “NonStop”: яны распачаліся адразу ж пасля вяртання дадому.