Акцэнт на нацыянальную

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

У чарговы раз Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’явіла правядзенне конкурснага адбору рэжысёрскіх эксплікацый. Конкурс праводзіцца з мэтай далейшага ўдасканальвання працы з маладымі рэжысёрамі, далучэння іх да ажыццяўлення творчых эксперыментаў у галіне тэатральнага мастацтва, выяўлення і падтрымкі найбольш цікавых з’яў у творчых пошуках таленавітай моладзі.

Да спаборніцтва прымаюцца эксплікацыі па творах беларускай драматургіі і літаратуры. Удзельнікам патрэбна ўлічваць, што конкурс прысвечаны Году роднай зямлі. Адпаведнасць работ усім патрабаванням, арыгінальнасць будуць ацэньваць лепшыя рэжысёры краіны: Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Еранькова, Аляксей Ляляўскі. У склад журы ўвайшоў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч, а таксама выкладчыкі Акадэміі мастацтваў: загадчык кафедры рэжысуры, кандыдат мастацтвазнаўства Рыгор Баравік і загадчык кафедры майстэрства акцёра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Лідзія Манакова. Узначаліў журы дырэктар — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Валерый Анісенка.

Як паказвае практыка, конкурсны адбор эфектыўна дапамагае пашыраць палітру прэм’ер тэатраў краіны. Пастаноўкі пераможцаў ідуць на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага тэатра-студыі кінаакцёра, у Мінскім абласным драматычным тэатры. Міхаіл Казловіч паведаміў, што эксплікацыі дасылаюць не толькі маладыя рэжысёры, але і акцёры. Яскравы прыклад — лялечнік Аляксандр Янушкевіч. Яго творчы праект паводле “Гісторыі аднаго горада” М.Салтыкова-Шчадрына перамог у адным з папярэдніх спаборніцтваў.

Дзякуючы гранту Міністэрства культуры, аднайменны спектакль у рэжысуры канкурсанта з’явіўся ў 2006 годзе ў афішы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

— Асаблівасцю сёлетняга конкурсу стане акцэнт на драматургію і літаратуру айчынных аўтараў, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі журы даводзілася разглядаць эксплікацыі ў асноўным па творах замежных літаратараў альбо па рускай класіцы, — падкрэсліў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры.

Работы прымаюцца камісіяй да 20 красавіка бягучага года. Разгляд прапанаваных праектаў і падвядзенне вынікаў конкурснага адбору працягнецца да 15 чэрвеня. Творы пераможцаў будуць прапанаваны тэатрам рэспублікі для пастаноўкі спектакляў у якасці дзяржаўнага заказу.

Настасся ПАНКРАТАВА