Колерамузыка габеленаў

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

У Палацы мастацтва працуе юбілейная выстаўка двух вядомых майстроў беларускага габелена Ларысы Густавай і Людмілы Пуцейка. Што звязвае гэтых мастачак? Па-першае, яны на працягу больш чым трыццаці гадоў захоўваюць вернасць класічнай тэхніцы шчыльнага гладкага перапляцення ў прамавугольным фармаце, па-другое, ім аднолькава належаць вастрыня бачання, дысцыпліна вобразнага мыслення, умоўнасць пластычнай мовы і асіметрычныя прыёмы дэкору, якія падпарадкоўваюць логіку рэальнага матыву. Дапаўняючы адна адну, іх работы ўспрымаюцца ў адзінай прасторы вельмі гарманічна, прыгожа, хаця кожная з іх валодае ўласным арыгінальным почыркам і колерамузыкай.

 /i/content/pi/cult/111/222/Koleramuzyka.jpg

Л.Густава "Коні" 

Так, разнастайныя па каларыце, габелены Л.Густавай адрозніваюцца яснасцю задумы і дэкаратыўнай прыгажосцю колеравых спалучэнняў. Любая яе рэч прадумана і ўзважана ва ўсіх дэталях, гучныя лаканічныя сінія, бірузова-ізумрудныя, кінаварна-чырвоныя геаметрызаваныя каляровыя плямы звязаны гармоніяй дзівоснай раўнавагі. Жывыя лініі гладкага ткацтва дапамагаюць увасобіць як немудрагелісты сюжэт, змест якога раскрываецца адразу і непасрэдна ("Белыя кветкі", "Ірысы", "Лілеі"), так і ўмоўныя пейзажы, поўныя наіўнай прастаты і сардэчнай тонкасці ("Поры года").

Работы Л.Пуцейка характарызуюцца пастаяннай цікавасцю да каларыстычных магчымасцей ткацтва ў спалучэнні са структурнымі эфектамі тканай паверхні. Як правіла, выконваючы габелен сваімі рукамі, яна падкрэслівае блізкасць гладкатцкацтва і "імпрэсіяністычнага" жывапісу, максімальна выкарыстоўвае колер, таўшчыню і фактуру ніткі. Стрыманы, мяккі каларыт яе "тканапісу" заснаваны на спалучэнні разнастайных збліжаных охрыстых, жаўтаватых, тэракотава-чырвоных адценняў, ажыўленых успышкамі сіняга і зялёнага колераў, што дазваляе спрошчаным, стылізаваным формам, плаўным лініям і геаметрычным плоскасцям перацякаць, узаемапранікаць адна ў адну, надаючы адчуванне зменлівасці і, разам з тым, цэласнасці. Характэрна яе імкненне да алегарычных тэм і сюжэтаў, жаданне перадаць не канкрэтны матыў, а, хутчэй, настрой і стан ("Восеньскі вечар", "Вясковае лета", "Вераснёўскі сад"), часцей за ўсё элегічны, удумліва-сузіральны. Кожнаму вобразу адпавядае свая колеравая гама - больш насычаная і яркая ("Святочны") ці больш прыглушаная ("Сакавік").

На жаль, сёння габелен як від мастацтва, нягледзячы на яго унікальнасць, "рукатворнасць", карыстаецца далёка не такой увагай і гледачоў, і спецыялістаў, як ён таго заслугоўвае. Ствараючы ў інтэр'еры - грамадскім ці прыватным - асабістае мікраасяроддзе, гэты глыбока традыцыйны, "першасны" від творчай дзейнасці захоўвае пастаянна жывы дотык рук майстра. І гэтая экспазіцыя служыць цудоўным пацвярджэннем таго, што нават у самым маленькім прамавугольніку, сатканым адораным і неабыякавым мастаком, можа ўвасобіцца ўсё багацце навакольнага свету.

Марына ЭРЭНБУРГ