ПАЛАЖЭННЕ аб адкрытым маладзёжным конкурсе на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г


1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак адкрытага маладзёжнага конкурсу на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы (далей — Конкурс).

2. Заснавальнікамі Конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз кінематаграфістаў”, грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, вытворча-творчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”.

3. Конкурс праводзіцца ў мэтах:

павышэння ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства, захавання і развіцця традыцый нацыянальнага кінавідэамастацтва;

стварэння новых арыгінальных сцэнарыяў ігравых фільмаў, якія ў мастацкай форме адлюстроўваюць эмацыянальныя перажыванні і раскрываюць унутраны свет чалавека, яго імкненне да высокіх духоўных, маральных і эстэтычных ідэалаў, паказваюць лепшыя рысы беларускага народа;

выяўлення і стымулявання эстэтычных пошукаў маладых аўтараў, увасаблення і прасоўвання іх сцэнарных работ на экраны рэспублікі.

4. Работу па арганізацыі, падрыхтоўцы і правядзенні Конкурсу ажыццяўляе арганізацыйны камітэт (далей — аргкамітэт).

Аргкамітэт у мэтах падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу:

разглядае і зацвярджае спіс удзельнікаў Конкурсу;

фарміруе і зацвярджае склад адборачнай камісіі;

разглядае фінансавыя і арганізацыйна-тэхнічныя пытанні;

даводзіць да ўсеагульнага ведама інфармацыю аб парадку і ўмовах правядзення Конкурсу, а таксама яго выніках шляхам яе размяшчэння ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў Інтэрнеце;

вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць пад час падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу.

5. Адборачная камісія:

разглядае заявы на ўдзел у Конкурсе на прадмет іх адпаведнасці ўмовам Конкурсу;

праводзіць папярэдні прагляд заяўленых для ўдзелу ў Конкурсе літаратурных сцэнарыяў;

уносіць на разгляд аргкамітэта прапановы аб допуску літаратурных сцэнарыяў да ўдзелу ў Конкурсе.

6. Конкурс праводзіцца ў г. Мінску. Прыём заяў на ўдзел у Конкурсе ажыццяўляецца ў перыяд з 1 красавіка па 30 верасня 2009 г.

7. Да ўдзелу ў Конкурсе дапускаюцца паўналетнія грамадзяне, узрост якіх на момант прадстаўлення заявы на ўдзел у Конкурсе не перавышае трыццаці аднаго года.

8. Для ўдзелу ў Конкурсе аўтары павінны накіраваць на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пр-т Пераможцаў 11, 220004, г. Мінск) з пазнакай “На конкурс”:

заяву па форме згодна з дадаткам;літаратурны сцэнарый мастацкага фільма, прысвечаны нацыянальнай тэматыцы (далей — літаратурны сцэнарый), у двух экземплярах;

копіі старонак дакумента, якія сведчаць асобу заяўніка, нацыянальнага пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы, што ўтрымлівае звесткі пра прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, дату і месца нараджэння, рэгістрацыю па месцы жыхарства, альбо па месцы знаходжання заяўніка.

Літаратурны сцэнарый павінен быць прадстаўлены на папяровым носьбіце ў фармаце А4 (на адным баку аркуша, шрыфт — Times New Roman (Times New Roman Cyr), звычайны, памер — не менш за 14 пунктаў, міжрадковы інтэрвал — двайны).

Літаратурныя сцэнарыі не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

9. Конкурсныя заявы, прадстаўленыя пазней за 30 верасня 2009 г., да ўдзелу ў Конкурсе не дапускаюцца.

Днём прадстаўлення конкурсных заяў, што перасылаюцца па пошце, лічыцца дата іх адпраўкі (па даце паштовага штэмпеля месца іх адпраўлення).

10. Падвядзенне вынікаў Конкурсу праходзіць у перыяд з 1 кастрычніка па 30 лістапада 2009 г.

11. Адборачная камісія пасля зацвярджэння аргкамітэтам спісу ўдзельнікаў накіроўвае прадстаўленыя імі літаратурныя сцэнарыі на разгляд журы Конкурсу (далей — журы) у тэрмін да 1 лістапада 2009 г.

12. Праца журы арганізуецца ў форме пасяджэнняў. Месца і час правядзення пасяджэння журы вызначаюцца яго старшынёй.

Пасяджэнні журы лічацца правамоцнымі, калі на іх прысутнічае не меней за 2/3 яго спісачнага складу. Члены журы прысутнічаюць на пасяджэннях журы без права замены.

Рашэнне журы прымаецца адкрытым галасаваннем і лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову членаў журы, што прысутнічаюць на пасяджэнні. Пры роўным размеркаванні галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня журы.

Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй журы і яго сакратаром на працягу дня, што ідзе за днём правядзення пасяджэння журы.

Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

13. Пераможцам Конкурсу ўручаюцца адпаведныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры:

адна першая — 40 базавых велічынь;адна другая — 30 базавых велічынь;адна трэцяя — 20 базавых велічынь.

Памер грашовай прэміі вызначаецца, зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай у Рэспубліцы Беларусь на дзень выплаты прэміі.

Па выніках Конкурсу журы пры неабходнасці можа перагледзець колькасць і памер прэмій.

Аргкамітэт мае права зацвярджаць дадатковыя заахвочвальныя прызы і дыпломы, іншыя формы заахвочвання ўдзельнікаў Конкурсу.

14. Абвяшчэнне вынікаў Конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў ажыццяўляецца 17 снежня 2009 г. у рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня беларускага кіно.

15. Ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку права на экранізацыю літаратурных сцэнарыяў, адзначаных на Конкурсе, заснавальнікі Конкурсу могуць прапаноўваць арганізацыям-вытворцам фільмаў (прадзюсерам) з выплатай аўтарам адпаведнага ўзнагароджання.

16. Фінансаванне арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення Конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных Міністэрству культуры ў рэспубліканскім бюджэце на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

17. Аплаце падлягаюць выдаткі, непасрэдна звязаныя з арганізацыяй, падрыхтоўкай і правядзеннем Конкурсу.

За ўдзел у Конкурсе членам журы можа выплачвацца ўзнагароджанне, памеры якога зацвярджаюцца аргкамітэтам у межах каштарысу выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне Конкурсу.

Камандзіровачныя, паштовыя і іншыя выдаткі ўдзельнікаў Конкурсу аплаце не падлягаюць.