Хто памятае радасць сорак пятага?

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Міністэрства культуры сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі і рэжысуры абвясціла Рэспубліканскі конкурс на стварэнне п’ес і інсцэніровак літаратурных твораў, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 65-годдзю Вялікай Перамогі пад дэвізам “Мы памятаем радасць сорак пятага”. У ім прапаноўвалася прыняць удзел усім ахвотным. Вынікі гэтага конкурсу і сталі нагодай для нашага матэрыялу.

 /i/content/pi/cult/197/2211/Socium.jpg
Журы падпісала наступны вердыкт: у намінацыі “П’еса” першае, другое і трэцяе месцы нікому не прысуджаны.
Трыма заахвочвальнымі прэміямі адзначаны “Першая скрыпка” Зінаіды Дудзюк, “Навабранец, або Паслушанне Івана Новікава” Сяргея Дзмітрыева і “Апошняе каханне Нарцыса” Мікалая Рудкоўскага. Сярод інсцэніровак Другую і адзіную прэмію атрымалі “Апошнія сведкі” Уладзіміра Савіцкага. Гледзячы на такі вынік рэспубліканскага конкурсу, пытанні пасыпаліся адно за адным: няўжо ўзровень айчыннай драматургіі ўпаў настолькі нізка, што ў краіне, дзе толькі па афіцыйнай статыстыцы ў вайну загінуў ці не кожны трэці, не знайшлося аніводнага аўтара, здольнага напісаць няхай не геніяльны, але шчыры, пранікнёны, прафесійна зроблены твор пра Вялікую Айчынную?
Чаму беларускія драматургі “дружна” праігнаравалі творчае спаборніцтва, перамога ў якім дае права на ўвасабленне твора ў адным з тэатраў краіны? У рэшце рэшт, для каго ж ладзяцца падобныя конкурсы?

У мінулыя гады на драматургічныя конкурсы, што арганізоўвала Міністэрства культуры, прыходзілі, без перабольшвання, сотні твораў. Сярод іх, натуральна, было нямала слабых работ, але трапляліся і тыя, якія потым паспяхова ўвасабляліся на сцэнічных пляцоўках нашай краіны і з годнасцю прадстаўлялі сучаснае беларускае тэатральнае мастацтва. Сёлета ж у канкурэнцыю ўступілі ўсяго дванаццаць аўтараў, чые імёны, нягледзячы на вынікі конкурсу, хочацца агучыць. Акрамя названых раней, гэта Васіль Ткачоў, які даслаў ажно два творы — “Дошкі” і “Марш Шульгіна”, Віктар Кудлачоў — “Я памятаю пра вайну”, Васіль Ласковіч і Тамара Пятніцкая — “Забудзь імя сваё”, Ірына Фаменкава — “Зоркі і ў сэрцы маім”, Ганна Мароз — “Пайсці і не вярнуцца”, Ігар Слуцкер і Сцяпан Нічыпарэнка — “За Беларусь, або Вайна ў вёсцы Цыцовічы”. Ну як тут было не ўзгадаць другі закон дыялектыкі, згодна з якім колькасць заўсёды пераходзіць у якасць? І што рабіць, калі колькасці катастрафічна не хапае?..

У якасці і мастацкіх вартасцях твораў разбіралася журы конкурсу на чале з рэжысёрам Валерыем Раеўскім. Мяне ж як чалавека старонняга здзівіла, што ніякай актыўнасці не праявіў адзін з арганізатараў конкурсу — Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. Вось ужо на працягу года ён рэгулярна “адкрывае” нам новыя імёны аўтараў-пачаткоўцаў, намагаецца інсцэніраваць іх творы з наступным абмеркаваннем… Але ж ніводзін з гэтых “маладых і перспектыўных драматургаў” не даў сабе рады адарвацца ад уласных рэфлексій і звярнуцца да такой сацыяльна значнай тэмы, як Перамога нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Хаця для іх гэта было б і плённае асваенне аднаго з бакоў прафесіі на канкрэтным досведзе, і цудоўная магчымасць атрымаць выхад на прафесійную сцэну, а разам з гэтым — папрацаваць над сваімі работамі ў канкрэтным тэатральным калектыве. Не адрэагавалі на конкурс і студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, што навучаюцца на самай “профільнай” спецыяльнасці “літаратурная справа — драматургія”. У часе здымак ток-шоу “Жарсці па культуры” мастацкі кіраўнік гэтага курса Андрэй Карэлін сказаў, што нават не ведаў пра спаборніцтва, але гэта, маўляў, і не істотна, бо ў штодзённым навучальным працэсе ён свядома “адаптуе” і пераарыентоўвае сваіх студэнтаў на патрабаванні кінасцэнарнай серыяльнай індустрыі суседняй Расіі. А пры гэтым айчынныя тэатры наперабой кажуць, што з задавальненнем паставілі б новую сучасную п’есу пра вайну. Ды дзе такую сёння адшукаць?

Яшчэ жывыя сведкі тых страшэнных баёў, яшчэ не загаіліся раны ў сэрцах людзей, чые сем’і забрала Вялікая Айчынная, а яна ж не выбірала сабе ахвяр… Ды толькі складваецца ўражанне, што сёння мы ўсякімі магчымымі сродкамі намагаемся... адмахнуцца ад таго, што 65 гадоў таму вызначыла не толькі гісторыю нашай краіны, але і, без перабольшвання, характар беларусаў, менталітэт нацыі. І вайна ўсё больш ператвараецца для нас ці то ў “нешта далёкае і ўжо зусім неактуальнае”, ці то ў нагоду для чарговай серыяльнай казкі-стралялкі, ці то ў псеўдафіласофскую гісторыю, дзе “і сярод нашых былі дрэнныя, але і сярод немцаў былі добрыя”. Дык няўжо ж нам сёння няма чаго сказаць пра “радасць сорак пятага”?


Шляхам аксіялагічных
пераарыентацый?

Згадаць гісторыю ўвасаблення тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў творах беларускіх драматургаў мы папрасілі тэатразнаўцу, аднаго з членаў журы конкурсу Вячаслава ІВАНОЎСКАГА.

— Цягам чатырох пасляваенных дзесяцігоддзяў спектаклі аб Вялікай Айчыннай вайне займалі значнае і пачэснае месца ў рэпертуары тэатраў Беларусі. З лепшымі з іх звязаны значныя эстэтычныя дасягненні айчыннага тэатральнага мастацтва. Розныя па жанрах і стылістыцы, па творчых падыходах да вырашэння галоўнай тэмы, п’есы айчынных драматургаў — “Канстанцін Заслонаў” А.Маўзона, “З народам” і “Людзі і д’яблы” К.Крапівы, “Брэсцкая крэпасць” К.Губарэвіча, “Трыбунал” А.Макаёнка, “Апошні шанц” В.Быкава, “Радавыя” А.Дударава і іншыя — далі ў свой час шматбаковае адлюстраванне падзей Вялікай Айчыннай. У 1940 — 50-я гады матэрыялам мастакоўскага даследавання ў драматургіі аб вайне быў, у асноўным, пэўны дакументальны гістарычны факт альбо гістарычная асоба; у 1960 — 70-я асноўная ўвага драматургаў скіроўвалася на мастацкае даследаванне псіхалогіі чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі, яго барацьбы супраць гітлераўскай навалы. На пачатку 1980-х гадоў выявіўся яшчэ адзін накірунак аўтарскага расповеду аб чалавеку на вайне — паказ салдацкага жыцця на фронце, на перадавой, услаўленне подзвігу.

А вось 1990-я гады адзначыліся агульным спадам інтарэсу тэатраў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Прычыны гэтага можна растлумачыць як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі фактарамі: распад Савецкага Саюза, разрыў эканамічных і творчых сувязей паўплывалі на развіццё ўсёй айчыннай культуры, у тым ліку і тэатра. Да таго ж, пачалі закладвацца асновы рынкавых адносін, у тым ліку і ў сферы мастацкай культуры, і пэўная камерцыялізацыя тэатральнага жыцця рабіла свой уплыў на рэпертуарную палітыку. Ды і публіка выразна і акрэслена расслаілася па сваіх мастацкіх патрэбах.

Пачатак ХХІ стагоддзя ў драматургічным працэсе ў дачыненні да адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай вайны можна ахарактарызаваць як рэфлексійна-ілюстрацыйны, пра што яскрава засведчыў Рэспубліканскі конкурс драматургіі 2004 года, прысвечаны 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: з 88 твораў, прадстаўленых аўтарамі да разгляду, толькі невялікая частка адпавядала крытэрыям мастацкасці. У выніку зразумелым і відавочным стаўся актыўны зварот нашых тэатраў да апрабаваных твораў драматургіі і прозы аб Вялікай Айчыннай вайне, якія па часе стварэння належалі да 1960 — 1980 гадоў.

Сёння ж, калі на першы план у нашым мастацтве зноў выходзіць сфера духоўнасці, праблема захавання маральных каштоўнасцей, традыцыйных для нашага народа і яго нацыянальнага менталітэту, даводзіцца, на жаль, канстатаваць пэўныя выдаткі ў сучаснай беларускай драматургіі, звязаныя, так бы мовіць, з аксіялагічнымі пераарыентацыямі. Сталася так, што ў ёй аказаліся страчанымі вельмі значныя ў нядаўнім мінулым праблемна-тэматычныя накірункі: сышлі ў нябыт гісторыка-рэвалюцыйныя пласты драмы, не натхняюцца сучасныя драматургі героіка-патрыятычнай тэматыкай. Праблемы ўзніклі нават з асэнсаваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны як у аспекце недастатковага мастацкага ўзроўню паказу героікі таго суровага часу, так і ў плане грамадзянскай недаацэнкі велічы народнага подзвігу ў супрацьстаянні фашысцкім акупантам. Напэўна, таму і атрымалася так, што праведзены конкурс не прынёс значных станоўчых вынікаў.


“Не выбіраць
самага-самага, а адзначаць заслугі кожнага”

Яшчэ адным з членаў журы конкурсу стаў драматург Аляксей ДУДАРАЎ, які ў розныя перыяды сваёй творчасці звяртаўся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Ён пракаменціраваў вынікі конкурсу наступным чынам:

— Я вельмі добра памятаю тыя свае адчуванні і перажыванні, калі мне было крыху больш за трыццаць гадоў і я пісаў “Радавых”. Я не думаў тады ні пра славу, ні пра грошы — мяне хвалявала сама тэма, лёсы і перажыванні людзей, што прайшлі праз тыя крывавыя ваенныя жорны.

Вялікая Айчынная вайна не церпіць эксперыментаў над сабой. Тут трэба пісаць проста, без выкрутасаў і “авангардаў” — ісці ад сэрца да сэрца, ад болю да болю, ад пачуццяў да пачуццяў. У асэнсаванні вайны як пакутнага і жахлівага балансавання паміж жыццём і смерцю няма ды і не павінна быць месца для авангарда: усё гэта было і не варта нічога новага прыдумляць. Калі ў якасці члена журы я чытаў конкурсныя творы, то нават не ставіў на першы план літаратарскі прафесіяналізм тых, хто дасылаў п’есы, бо разумею: хтосьці проста можа не мець практычных навыкаў драматурга. Але ж я так і не ўбачыў няхай і неарганізаванага, але сапраўды шчырага, хвалюючага іх, аўтараў, водгуку на падзеі вайны, іх уласнага падключэння да тэмы!
— На вашу думку, у чым прычыны такога пасіўнага ўдзелу драматургаў у конкурсе?
— Мяркую, сёння самі конкурсы ў такім выглядзе, у якім яны існуюць зараз, сябе зжылі. Вельмі часта іх вынікі і пераможцаў можна больш-менш дакладна пралічыць загадзя. А на сцэну пры гэтым трапляюць часта не тыя творы, што былі адзначаны галоўнымі прэміямі, а зусім іншыя: прыкладам, мая п’еса “Ты памятаеш, Алёша…”, якая ў мінулым “ваенным” конкурсе атрымала толькі заахвочвальную прэмію, сёння ідзе ў шэрагу тэатраў.Магчыма, я ідэаліст, але мне больш слушным падаецца японскі прынцып “спаборніцтва”: там на любым прадпрыемстве кожны работнік мае права прапанаваць укараненне ўласных адкрыццяў, няхай і маленькіх, сфармуляваць і ўнесці ідэю адносна таго, як палепшыць работу сваёй установы.

Адказныя спецыялісты гэтыя прапановы разглядаюць, а па выніках усім раздаюць канверты, у якіх кожны атрымлівае столькі, колькі ягоная ідэя прынесла прадпрыемству дывідэндаў. Прычым заахвочваюцца ўсе: і той, хто зрабіў сапраўднае адкрыццё, і той, хто праявіў ініцыятыву, — за ўласную неабыякавасць, якая таксама важная. І ў гэтым мне бачыцца слушнасць: не выбіраць самага-самага, а адзначаць заслугі кожнага.

— А як вы пракаменціруеце той факт, што сярод удзельнікаў конкурсу практычна не аказалася маладых драматургаў? Чаму іх не “зачапіла” гэтая тэма?

— А вы паглядзіце, што іх цікавіць?! Зірніце на іх п’есы, і ўсё стане зразумела: яны могуць пісаць больш ці менш таленавіта, арыгінальна, яскрава, нават захапляльна, але — звычайным гледачам гэта не патрэбна: іх мала цікавяць капанні ў паталогіі і псіхалогіі маргіналаў ды асацыяльных тыпаў.

Магчыма, гэта прагучыць даволі рэзка, але маё глыбокае перакананне: каб гаварыць пра такія сур’ёзныя рэчы, як жыццё і смерць, любоў да Радзімы, патрыятызм і подзвіг, неабходна мець цвёрдае разуменне іх ва ўласнай душы і самому быць гатовым да гэтага. Ці хаця б паважаць гэта ў іншых.


“Складваецца
ўражанне, што нам зрабілі ласку”

Не засталося ў баку ад абмеркавання і ўпраўленне мастацтваў Міністэрства культуры — галоўны заказчык і адзін з арганізатараў конкурсу. З усё тымі ж пытаннямі мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення Міхаіла КАЗЛОВІЧА.

— Чаму ж, Міхаіл Іванавіч, так мала людзей праявілі ініцыятыву і прынялі ўдзел у конкурсе? Можа, прычыны хаваюцца ў недастатковай інфармацыі аб ім? Ці ў большай ступені варта гаварыць пра аўтарскую апатыю і спад цікавасці да драматургічнага жанру ўвогуле?

— Не думаю, што нашы драматургі нічога не ведалі пра абвешчаны конкурс. Міністэрства культуры забяспечыла інфармацыйную падтрымку: конкурснае Палажэнне і ўмовы ўдзелу ў ім былі даступны ўсім ахвотным і на нашым сайце, і ў газеце “Культура”. І аўтары з рэгіёнаў на яго, дарэчы, адгукнуліся, даслаўшы нам свае п’есы.

Іншая справа, што, мяркуючы па саміх творах, складваецца ўражанне, што людзі пісалі іх — нібы рабілі нам ласку. Дзеля птушачкі працавалі, а не з жаданнем стварыць варты сцэнічнага жыцця твор. На жаль, мне не ўдалося ўбачыць у конкурсных п’есах яркага развіцця сюжэтнай лініі, аўтарскага захаплення матэрыялам.

Параўноўваючы з другім драматургічным конкурсам — “Планета дзяцінства”, вынікі якога мы таксама нядаўна падвялі, мушу зазначыць, што там якраз былі цікавыя і таленавітыя работы, нашмат больш яркія. І думаю, што некаторыя з іх змогуць пабачыць святло рампы.

Што ж да незацікаўленасці нашых драматургаў ваеннай тэматыкай — цяжка зразумець, чаму склалася такая сітуацыя. Магчыма, самім аўтарам гэтая тэма падаецца, так бы мовіць, “зацяганай”?

— Звярнула ўвагу на тое, што нашы драматургі-пачаткоўцы, якія яшчэ не паспелі “стаміцца” ад пэўных тэм, практычна праігнаравалі конкурс: самы “малады” з удзельнікаў — Мікалай Рудкоўскі…

— …Які, дарэчы, атрымаў за сваю п’есу заахвочвальную прэмію…

— …І гэта прытым, што сёння так шмат, як, магчыма, ніколі раней, надаецца ўвагі станаўленню і выхаду на прафесійную сцэну маладых! Чаго тут больш: грамадзянскай абыякавасці да сацыяльна значных тэм ці гэта наступства своеасаблівай тэндэнцыі іх заглыблення ва ўласныя ўнутраныя перажыванні?

— Магчыма, і сапраўды: гэткае заглыбленне ў сябе і ўласныя перажыванні — своеасаблівая рэакцыя на тое, што адбываецца звонку, у свеце.

— Мне думаецца, трэба больш мэтанакіравана ўключаць ваенную тэму ў вучэбны працэс нашых профільных творчых ВНУ: Універсітэта культуры, дзе, дарэчы, рыхтуюць студэнтаў па спецыяльнасці “літаратурная справа”, і Акадэміі мастацтваў. Прычым не фармальна — пры набліжэнні тых ці іншых “круглых дат”, а прапаноўваючы працаваць з ёю ў якасці вучэбных ці пазавучэбных заданняў. Не чакаць, пакуль яна зацікавіць маладых, а свядома і мэтанакіравана звяртаць іх увагу на памяць пра Вялікую Айчынную.

— Я цалкам згодны з вамі: можна і трэба захапляць маладых, заахвочваць да практычнага асваення ваеннай тэмы. І, можа, адзін з самых плённых шляхоў — паказ гэтай тэмы на прыкладах яркіх твораў нашай класічнай літаратуры, таго ж Васіля Быкава. Перакананы, што ў нас маецца нямала літаратурных і мастацкіх твораў, здольных выклікаць падобны інтарэс. Тым больш, што вайна — з’ява шматаблічная, і падступіцца да яе можна з розных бакоў, што часам дае самыя нечаканыя для нас формы асэнсавання.

— Тады, магчыма, слушна было б звузіць задачу і прапанаваць конкурс на інсцэніроўку канкрэтных літаратурных твораў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай?

— Але ж у рамках гэтага конкурсу прымаліся і інсцэніроўкі таксама. І мне тым больш было дзіўна і прыкра, што якраз іх фактычна не было! На жаль, аўтары не скарысталі з гэтай магчымасці, а пайшлі шляхам звароту да пэўных драматургічных клішэ. У п’есы пачалі пранікаць растыражыраваныя сюжэты з расійскага кінематографа.

— Паток псеўдапраўдзівых расійскіх ды амерыканскіх фільмаў і серыялаў пра вайну аказаў свой уплыў?

— Безумоўна, існуе пэўны штамп: маўляў, тэма вайны павінна быць цікавай для патэнцыйнага “спажыўца” — чытача ці гледача. І таму вельмі моцна прасочваецца тэндэнцыя да таго, каб не проста зацікавіць, але яшчэ і ўразіць, здзівіць сваёй нешараговасцю і “вынайсці” штосьці арыгінальнае. А тут якраз патрэбна не арыгінальнасць, а асобасны падыход.

Трэба не “прыдумваць” вайну, а зразумець, што і як было на самой справе, прапусціць праз сябе і перадаць уласныя адчуванні, перажыванні.


Якое ж наша
стаўленне да ўласнага мінулага?

Дзеля паўнаты карціны не магла не пацікавіцца і ў нашых драматургаў, чаму яны “не заўважылі” гэтага конкурсу ці, можа, зрабілі выгляд, што не заўважылі? У адказ на маё пытанне адна маладая дзяўчына (якая, схамянуўшыся пасля адказу, папрасіла не называць у газеце яе прозвішча) ліха выпаліла: “Ды я да мінулага юбілею пісала і нават у абласным конкурсе перамагла. Колькі можна? Мне ўжо гэта не цікава!”

У той момант я разгубілася і нават не знайшла, што ёй на гэта адказаць…

З тым большай павагай ад рэжысёра Уладзіміра САВІЦКАГА, чыя інсцэніроўка “Апошнія сведкі” атрымала Другую прэмію, пачула наступнае:

 — Не ведаю, як хто, а я дык зусім не дзеля птушачкі пісаў. А таму што мне насамрэч баліць тая вайна. Пісаў у памяць пра майго бацьку, які ў сорак пятым браў Берлін! А ганарар?.. Я ад яго адмовіўся і папрасіў пералічыць у Фонд ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Таццяна КОМАНАВА