Мінулы візіт кіраўніка беларускага Урада на гэты знакавы аб’ект адбываўся пад акампанемент будаўнічых прылад. Гэтым разам Сяргею Сідорскаму давялося пачуць гукі аркестра: калектыў ужо прыступіў да рэпетыцый у шыкоўнай зале абноўленага тэатра. І гэтая акалічнасць дазволіла Прэм’ер-міністру высока ацаніць яе акустычныя ўласцівасці. Ачышчаныя ад будаўнічага смецця фае тэатра зіхацяць навюткім паркетам, пакрытым свежым лакам, у якім адлюстроўваецца святло шматлікіх жырандоляў. На сцэне ўжо наладжаны і гатовы да працы ўсе складаныя канструкцыі.
Уважліва ўнікнуўшы ў кожны з аспектаў такога складанага механізма, як тэатр оперы і балета, Сяргей Сідорскі зрабіў выснову: усе работы па рэканструкцыі паспяхова завершаны, і 8 сакавіка тэатр будзе цалкам гатовы да даўно запланаванай сустрэчы з гледачамі.
Прэм’ер-міністр перакананы, што гэты будынак стане сапраўднай адметнасцю Мінска, куды можна будзе з гонарам запрасіць любога пачэснага госця. Па словах Сяргея Сідорскага, першай, хто атрымае гэтае запрашэнне непасрэдна з яго вуснаў, стане губернатар Санкт-Пецярбурга Валянціна Мацвіенка.
Урада, спяшацца ў гэтай справе не выпадае. Таму 8 сакавіка гледачы ўбачаць не спектакль, а канцэртную праграму, прымеркаваную да першага вясновага свята. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка нагадаў, што білеты на імпрэзы ў абноўленым тэатры ўжо прадаюцца.
Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА