Сола ў Італіі праз Украіну

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Маладая оперная спявачка Алена Таболіч стала ўладальніцай Гран-пры Міжнароднага конкурсу “Мастацтва ХХІ стагоддзя” на Украіне. Галоўнай узнагародай для яе стане магчымасць правесці ўвесну сольны канцэрт у Італіі.

 /i/content/pi/cult/196/2205/Sola.jpg

Алена з’яўляецца артысткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Але яе імя вы не сустрэнеце ў тэатральных праграмках, бо яна не вядучая салістка, а ўсяго толькі “сціпла” спявае ў хоры. Свае ж сольныя памкненні яна ўжо некалькі гадоў надзвычай удала рэалізуе ў опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — і пад час навучання там, і пасля заканчэння ў 2004-м. Спявала і Маргарыту ў “Фаусце” Ш.Гуно, і Віялету ў “Травіяце” Дж.Вердзі, і Мюзэту ў “Багеме” Дж.Пучыні, якая, дарэчы, была яе дыпломнай працай. Галерэя ж моцартаўскіх гераінь будзе працягнута партыяй Ганны ў “Дон Жуане”, над якой Алена зараз працуе.
А вось конкурс гэты быў для яе, як ні дзіўна, першым. Пра сакрэт поспеху Алены Таболіч мы пагутарылі з загадчыкам кафедры сольных спеваў БДАМ, заслужанай артысткай Беларусі, прафесарам Людмілай Колас — тым больш, што ў яе самой за плячыма стажыроўка ў “La Scala”, бліскучая сольная кар’ера ў Нацыянальнай оперы, міжнародныя перамогі, шматлікія ўдзелы ў журы і, галоўнае, вялікі вопыт па гадаванні зорак. Дый Алена Таболіч — таксама яе выхаванка.
— У Леначкі, — расказала Людміла Якаўлеўна, — адзін з лепшых галасоў, які папраўдзе заслугоўвае ўвагі.
У яе, з аднаго боку, высокае сапрана, з іншага — цудоўны сярэдні рэгістр. І тое, як яе спевы ўжо пасля “завяршэння навучання” ўсё працягваюць удасканальвацца, пакідае надзею на добрую далейшую кар’еру. А перамога на Украіне, дзе ўжо паводле прыродных умоў ледзь не кожны валодае шыкоўным голасам, — гэта як перамога ў Італіі.
— Я вельмі хвалявалася, — падзялілася ўражаннямі сама ўладальніца Гран-пры. — Канкурсантаў было каля 80. Адных украінцаў — чалавек 50, а яшчэ прадстаўнікі Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі. Многія — “са стажам” перамог, былі нават уладальнікі некалькіх Гран-пры. Членаў журы — 18. Літаральна кожны з іх — са сваімі цяперашнімі ці былымі выхаванцамі, якія, натуральна, удзельнічаюць у конкурсе. З Беларусі — я адна. Ва ўсіх сэнсах адна, без аніякай “групы падтрымкі”: без педагога, без прадстаўніка сваёй краіны ў журы, нават без свайго канцэртмайстра. Перамагчы ў такіх умовах, здавалася б, немагчыма. Я і дагэтуль паверыць не магу!

— А што вы спявалі?

— Па ўмовах конкурсу, трэба было абавязкова ўключыць у праграму народную песню сваёй краіны, музыку старадаўнюю, ХІХ стагоддзя і сучасную, канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў. З нацыянальных твораў я спявала нашу “Купалінку” і вельмі мілагучную арыю Надзеі Яноўскай з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана. Маім выступленнем завяршалася дзённае праслухоўванне другога конкурснага дня, і члены журы, пакідаючы залу, ледзь не ў адзін голас выказвалі мне сваё захапленне. Але я тады ўспрыняла гэта як “дзяжурныя кампліменты”, бо вынікі падводзіліся толькі праз чатыры дні. І час праляцеў абсалютна незаўважна! Бо асаблівасцю конкурсу з’яўляецца тое, што ён спалучаецца з Міжнароднай школай музычна-педагагічнага і выканальніцкага майстэрства.

— Гэта значыць, члены журы праводзяць майстар-класы?

— І практычныя, і гісторыка-тэарэтычныя, што аказалася не менш цікава. Марк Гулегін, муж і прадзюсер сусветна вядомай Марыі Гулегінай, паказваў “Макбета” Вердзі з удзелам сваёй жонкі — незабыўнае відовішча! Дый на іншых майстар-класах размова ішла не столькі пра вакальныя праблемы, колькі — пра стварэнне адпаведных сцэнічных вобразаў. І гэта, мабыць, правільна, бо калі ёсць цікавае вобразнае, эмацыйнае рашэнне, публіка гатова дараваць выпадковую недарэчную ноту. І наадварот: ніякія дасканалыя спевы не здолеюць крануць сэрцы слухачоў, пакуль, не азораныя душой вакаліста, будуць проста яго “спеўным механізмам”.

Надзея БУНЦЭВІЧ