Фотапаход у тры тысячы кадраў

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Завочна пазнаёміцца з экспазіцыямі ўсіх сталічных музеяў стала магчымым дзякуючы выданню фотаальбома “Мінск музейны”. Ідэя стварэння такой кнігі некалькі гадоў таму з’явілася ў вядомага айчыннага фотамастака Пятра Кастрамы і атрымала падтрымку з боку Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Як адзначыў фотамастак, у сціслы тэрмін было зроблена больш за тры тысячы здымкаў, якія адлюстроўваюць багацце і адметнасць экспазіцый мінскіх музеяў. Акрамя гэтага, у кнізе прадстаўлена інфармацыя як пра развіццё музейнай справы ў сталіцы, так і непасрэдна аб кожнай асобнай установе. Кніга падзелена на раздзелы, што прысвечаны музеям па профілях калекцый: гістарычным, ваеннай гісторыі, мастацкім, музеям пад адкрытым небам, літаратурным, прыроды, спорту. Сярод іх ёсць і малазнаёмыя аматарам культуры, заснаваныя пэўнымі міністэрствамі або прадпрыемствамі: музей гісторыі дарожнай гаспадаркі, музей Міністэрства ўнутраных спраў, музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы.

З фотаальбомам цікава будзе пазнаёміцца і замежным турыстам, для якіх адмыслова зроблены пераклад на англійскую мову.

Дарэчы, па словах Пятра Кастрамы, у перспектыве варта было б пашырыць фотаальбом за кошт уключэння звестак і ілюстрацый па калекцыях некаторых ведамасных музеяў.

К.А.