“Пуантылізм” меркаванняў на палітры ідэальных “...ізмаў”, або Класікаў вызначыць час

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Праблема “традыцыі” і “наватарства”, як вядома, існуе ў сусветнай мастакоўскай прасторы, у тым ліку, і на Беларусі, даўно. Падставай для сённяшняй размовы на гэты конт з’явілася выстаўка “Традыцыі і сучаснасць”, якая нядаўна экспанавалася ў сталічным Палацы мастацтва.

 /i/content/pi/cult/196/2197/Socium.jpg
У ёй прынялі ўдзел каля 40 прыхільнікаў так званага “курсу рэалістычнага развіцця” беларускага жывапісу — члены новага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў “Традыцыя”.
Але сённяшняя маладая змена, а гэта датычыцца і традыцыяналістаў, і рэфарматараў, працуе паасобку, раз’яднана, таму пра арганізаваны творчы рух, раўназначны новаму аб’яднанню, прэзентаванаму пад час адкрыцця экспазіцыі, казаць не выпадае.
У свядомасці бадай кожнага мастака XXI стагоддзя не можа не ўзнікнуць пытання, якую творчую пазіцыю заняць у рэчышчы зменлівых патрабаванняў сучаснасці? Апантана выкарыстоўваць здабыткі ў стылях і выяўленчых сродках замежных майстроў пэндзля, чые работы прывабліваюць сёння тысячы гледачоў і часцяком шакіруюць публіку? Або працягнуць традыцыі рэалістычнай школы, дзякуючы якой беларусы былі адметныя раней і якая зараз мае вялікую вагу ў айчынным мастацтве? Сёння розніца ў меркаваннях становіцца ўсё больш актуальнай тэмай для зацікаўленай гутаркі. Ды, зрэшты, супярэчнасці паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі творцаў былі заўсёды.

Наш карэспандэнт сустрэўся з мастакамі, прадстаўнікамі розных пакаленняў, якія выказалі свае погляды на спрэчную праблему сённяшніх тэндэнцый у творчасці.

 
“Грамадзяне, ці не час павярнуць свае лодкі?!”

Слова мае адзін з ініцыятараў правядзення выстаўкі “Традыцыі і сучаснасць” і заснавальнікаў аб’яднання “Традыцыя”, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір УРОДНІЧ.

— У Беларускім саюзе мастакоў каля 1200 чалавек, і да секцыі жывапісу належыць больш за дзвесце творцаў. Яны падрыхтаваны неаднолькава, працуюць у розных тэхніках і іх цікавяць настолькі розныя праблемы, што аб’ядноўваць іх адным вызначэннем “станковы жывапіс” абсалютна недарэчна. Мне падаецца, многія імкнуцца да незразумелых вяршынь, якія айчыннаму мастацтву не ўласцівы. У 90-я гады была зламана эканамічная структура нашай краіны, некаторыя ж мастакі, у сваю чаргу, парушылі жывапісныя каноны. Калі мы атрымалі абсалютную свабоду, многія з нас не разумелі, што гэта абсалютная адказнасць за ўсё тое, што робіцца сёння ў мастацтве.

Чаму ж мы дазваляем сабе быць бязлікімі, калі ў нас ёсць добрая школа са сваімі асаблівасцямі?

Не замінаючы, не пераходзячы нікому дарогу — ні авангардыстам, ні постмадэрністам, ні прыхільнікам іншых стыляў — мы, людзі, якія пражылі частку творчага жыцця ў рэчышчы традыцый, іх падтрымкі, хацелі б вярнуцца да нашай рэалістычнай асновы, што была ў фундаменце “суровага стылю” — бліскучай старонкі савецкага выяўленчага мастацтва. Яе падтрымліваюць паасобку і сёння некаторыя беларускія творцы. Але мы здзіўлены, што нашу эстафетную палачку ніхто не пераймае, ніхто не хоча працягваць нашу гісторыю.

Калі заходзіш у выставачную залу і ведаеш, што мастак скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, часам не верыш гэтаму. Я кажу пра многія выстаўкі, пачынаючы літаральна з 1990 года, калі дзяржава адышла ад кіраўніцтва гэтым працэсам.

У апошнія 15 гадоў на нас лінула плынь масавай культуры, і многія проста не могуць арыентавацца ў ёй, адрозніць дрэннае ад добрага. Мы чакалі крынічнай вады, нам патрэбна было ачысціцца, каб адчуць сябе сучаснымі людзьмі. А апынуліся ў каналізацыі, якая нас вядзе ад захаду да ўсходу незразумела ў якія воды. Грамадзяне, ці не час ужо павярнуць свае лодкі? Мы самі ад сябе збягаем, ігнаруючы традыцыйныя пласты народнага мастацтва, на якіх вырасла прафесійнае.

У такой сітуацыі ініцыятыўная група на чале з Мікалаем Апіёкам, Уладзімірам Уроднічам, Віктарам Барабанцавым, Маем Данцыгам прыйшла да высновы, што патрэбны нейкі арганізаваны рух, што падтрымлівае курс рэалістычнага развіцця нашага жывапісу, каб падхапіць заваёвы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Івана Рэя, Віталя Цвіркі, Аляксандра Мазалёва, Івана Ахрэмчыка і іншых. Але не будзем арыентавацца выключна на пэўных творцаў. Хочацца адзначыць, што наша арганізацыя — не абмежаванае кола людзей, куды нікога не хацелі б пускаць, і ўсе тыя новыя сілы, якія жадаюць да нас прымкнуць, будуць прыняты. Цяпер нас каля 40 чалавек, у тым ліку Міхаіл Савіцкі, Нінэль Шчасная, Георгій Паплаўскі, Пётр Данелія з Брэста, Роберт Ландарскі з Гомеля. Такім чынам, акрэсліваецца рэспубліканскі маштаб нашай ідэі. Разам з намі і маладыя людзі: Вера Асядоўская, Элеанора Бубашкіна, Юрый Крупянкоў, Яўген Ціханаў, Уладзімір Масленікаў і іншыя.

Адна з нашых задач: звярнуць увагу дзяржаўных структур на стварэнне тэматычных сюжэтных твораў. Мы жывём у вельмі сур’ёзны, нават пераломны час, і хацелася б пабачыць ад дзяржавы заказы на сацыяльна значныя тэмы, ідэі сапраўды актуальных твораў. Так, мастакі ствараюць сваё самастойнае бачанне краіны, але працэсам гэтым ніхто не кіруе. І скончыцца гэта можа пустэчай, нічым. Аб якім поспеху нацыянальнага мастацтва можа ісці гаворка, калі ўсё, што не пафарбавана пад галандскія, нямецкія, французскія сучасныя павевы, лічыцца нецікавым для гледача і народа наогул? Таму ўвага дзяржавы як ніколі значная.

Таксама ў межах суполкі “Традыцыя”, якая поўнасцю паважае статут Беларускага саюза мастакоў, а кіраўнік гэтага грамадскага аб’яднання даў дабро на стварэнне падобнай арганізацыі, мы хацелі б аб’яднаць мастакоў Беларусі, якія працуюць над ваенна-патрыятычнай тэмай. Іх васьмёра, і яны добра арыентуюцца ў ёй, а таксама выконваюць заказы.

Мы ствараем карціны пра сённяшні дзень нашых вайскоўцаў, тэма абароны Радзімы была актуальнай ва ўсе часы. Я — мастак Палесся, застаўся верны сваёй глыбінцы, але само жыццё мяне прывяло да батальнага жывапісу. Мой бацька загінуў на вайне, і гэта страта была вельмі адчувальнай. Служба ў арміі, знаёмства з гісторыяй вайны і некалькі палотнаў на тэму Вялікай Айчыннай.... Мы, дзеці вайны, сабраліся, каб пісаць палотны пра мінулы час.

Канешне, у нас хапае сюжэтаў, пачынаючы з XV стагоддзя, але ўсё гэта застаецца на ўзроўні размоў. Узнікае пытанне: якім метадам, якім стылем павінны карыстацца мастакі пры ўвасабленні гэтых тэм? На мой погляд, карціны павінны быць выкананы ў межах рэалізму.

Ёсць яшчэ адзін момант: сённяшняя турыстычная інфраструктура рэспублікі нас актыўна не задзейнічала: у музеях рэгіёнаў не хапае карцін, не хапае саміх музеяў. Чаму мы, інструмент ідэалогіі дзяржавы, не ўдзельнічаем у рэалізацыі вялікіх праграм? Згадзіцеся, турыстам будзе цікава пабачыць добрыя жывапісныя творы ў глыбінцы.

Выбар месца мастака ў грамадстве, выбар тэм, да якіх ён звяртаецца, — гэта вельмі адказны крок. Мы, старэйшае пакаленне, ужо адказалі на пытанне, хто мы ў гэтым жыцці, якая ў нас грамадзянская пазіцыя. А вось маладыя часам проста не могуць даць адказ: яны не ведаюць, з якой мэтай працуюць. Нашы прынцыпы не азначаюць, што мы ўсе павінны павярнуцца на 180 градусаў, знайсці сабе там месца і не звяртаць увагі на значныя падзеі дня сённяшняга. Я хачу, каб у нас былі і цікавыя мастакі-сучаснікі, якія маглі б разважаць. Усё залежыць ад таго, якую думку ўкладваць у аснову творчасці. Калі яна сама па сабе вострая — гэта заўсёды цікава. Але не трэба нічога выдумляць, патрэбна ісці проста ў жыццё, і заўсёды знойдзецца шмат тэм. Праблема філасофскага фарміравання мастака — гэта няпростае пытанне, і ўжо з самага пачатку навучання ў Акадэміі мы імкнёмся вучыць будучых мастакоў фарміраваць актыўную самасвядомасць.

Прыкіпеўшы душой да рэалістычнага метаду адлюстравання рэчаіснасці, мы менавіта ім і будзем карыстацца. Зазіраючы праўдзе ў вочы, можна сказаць, што менавіта рэалізм можа перадаць усе тонкасці наваколля. У мастацтве ўсё ўмоўна, і творцы выбіраюць розную ступень умоўнасці, а рэалісты маюць прагу больш за ўсё да жыццёвай прыгажосці, якая побач з намі. На жаль, многія проста не бачаць прыгажосці, яны — не рамантыкі.

Часам некаторыя асуджаюць старэйшае пакаленне за іх традыцыйны погляд. Але ёсць некаторыя паняцці, блізкія нашаму менталітэту, нашай душы, ад якіх проста немагчыма адмовіцца, іх нельга выключыць з актуальнага шэрагу, нават падвяргаць крытыцы. Але і нам трэба імкнуцца нешта пакінуць пасля сябе, але тое, што нашымі нашчадкамі не ўспрымалася б з сарказмам. У гэтым трэба быць справядлівым, сумленным перад сабой і грамадствам.

“Каб палатно не з’яўлялася проста канстатацыяй факта”

Пра творчае жыццё маладога пакалення мастакоў у сучасных умовах разважаюць выпускнікі манументальна-дэкаратыўнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а цяпер — яе выкладчык, член Беларускага саюза мастакоў Андрэй САВІЧ і яго вучань ды калега па працы ў Цэнтры сучаснага дызайну завода “Керамін” Павел АМЯЛЮСІК.

А.С.: У нас ёсць рэальнае жаданне абмяркоўваць нашу творчасць і работу іншых, выказваць свой погляд на любое пытанне, якое тычыцца мастацтва. Мы з Паўлам Амялюсікам працуем побач чатыры гады, можна сказаць, у нас ужо развіўся жывапісны тандэм. Я думаю, што такіх дуэтаў і невялічкіх аб’яднанняў сярод моладзі шмат, класічны прыклад — колішняе супрацоўніцтва Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі. “Машэраўцы”: Мікола Селяшчук, Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Савіч, Віктар Альшэўскі і іншыя — былі проста апантаныя творчасцю. А вось што да агульнага руху сёння... Гэта ў маладзёжнай “тусоўцы”, падаецца, немагчыма: цяпер іншы ўзровень адносін у грамадстве.

П.А.: Тады была адна вядучая ідэя. Сёння ў мастакоў столькі спакус, столькі магчымых плыняў, дзе яны могуць сябе рэалізаваць, што знайсці аднадумцаў у нейкім адным накірунку, думаецца, вельмі складана. У нашай краіне сітуацыя ў мастацтве спрыяльная, не параўнаць з Еўропай. Там ужо ўсё пераспрабавалі, а ў нас толькі пачалі спрабаваць.

А.С.: Але нягледзячы на тое, што мы мастакі сучасныя, усё ж не можам назваць сябе антаганістамі руху прыхільнікаў рэалізму. Рэалізм — прафесійны, з адметнай тэхнікай, з цікавым падыходам да тэмы, кампазіцыі — я асабіста вельмі паважаю. Мне няма чаго аспрэчваць, бо сам лічу сябе ў нейкай ступені рэалістам. Старэйшае пакаленне змагаецца за сваю ідэю, і гэта выдатна. Важна быць мастаком, які дзейнічае, не толькі трымае нос па ветры, але і стварае гэты вецер. У нашай сітуацыі, калі заказаў амаль няма, мастакі самі могуць задаваць тон сваёй працы. У кожнага ёсць свой глядач, і ў Беларусі гледачоў, скажам, для суполкі “Традыцыя” будзе нашмат больш, чым для нашага мастацтва. Паважаныя людзі, рэалісты, аб’ядноўваюцца затым, каб зацікавіць менавіта ў традыцыйным поглядзе на мастацтва, калі на палатне ўсё зразумела. І, натуральна, іх падтрымаюць многія. А нам, тым, хтомалюе не заўжды зразумела, будзе складаней.

П.А.: Але гэтак толькі цікавей працаваць. Калі творчасць успрымаюць гладка, дык няма стымулу ўдасканальвацца. Аб’яднанне “Традыцыя” — вялізная глыба, канкурэнцыя нам, маладым. Я паважаю гэтых творцаў, бо яны ўжо колькі дзесяцігоддзяў верныя сабе і падбіраюць аднадумцаў. Гэта — маркетынг, прасоўванне свайго брэнду, і робіцца тое вельмі ўпэўнена.

А.С.: Калісьці была выстаўка маіх работ у музеі невялікага гарадка. Экспазіцыя адкрылася, а наведвальнікі хадзілі са здзіўленымі тварамі і не разумелі, што адбываецца. Яны ведалі, што прыедуць мастакі са сталіцы, усё будзе сур’ёзна, а калі пабачылі сучасныя карціны, проста не ведалі, як на іх рэагаваць. Тая ж рэакцыя была і ў дырэктара выставачнай залы! Але гэта не самае дзіўнае. У мяне шмат знаёмых з розных рэгіёнаў Беларусі, якія раней зусім не звярталі ўвагі на мастацтва. Потым пападарожнічалі, паглядзелі на размах, на веліч усяго, што ствараецца за мяжой, пагаварылі з выхаванымі на сучасным мастацтве людзьмі... І пасля нехта з іх расказваў мне гісторыю аб тым, як адмовіўся ад канапы, каб купіць прыгожую карціну. Я бачыў, як у аднаго чалавека ўсе сцены ў пакоі знізу даверху занятыя палотнамі. Што ён робіць, калі купляе новую карціну? Тая, што на сцяне, здымаецца і ставіцца на падлогу, а новая трапляе на яе месца. Гэта называецца — патрэба! Вось мая мара: каб кожны грамадзянін Беларусі імкнуўся цікавіцца творамі сучасных мастакоў — толькі каб гэта не былі выключна елачкі з кветачкамі і сонейкам.

Каб выхаваць разуменне сучаснага мастацтва, патрэбна паказваць найлепшыя яго ўзоры. Адбор павінен быць строгім. Якаснаму, прыгожаму мастацтву — зялёнае святло, недасканаламу, састарэламу — чырвонае, як на святлафоры. Больш выставак з прадуманымі канцэпцыямі могуць актывізаваць цікавасць у гледача. Хаця, напэўна, гэта ўтапічная ідэя.

Бывае, бачыш на вернісажы мастака, часцей сталага веку, які ажно свеціцца ад шчасця, што яго выстаўка адкрылася. Былі фарбы, палотны, задача, і гэты момант — адзін з самых важных у яго жыцці. Хаця карціны не адпавядаюць нейкім маім і не толькі маім крытэрыям, гэта патрэбна хваліць, патрэбна за яго радавацца! Магчыма,яго сусед па майстэрнях пабачыць гэта і захоча стварыць нешта лепшае. Канкурэнцыя рухае наперад іншых. Таму патрэбна больш выставак, каб публіка сама зразумела, хто лепшы, а хто горшы. Можна зрабіць такі эксперымент: хай аб’яднанне “Традыцыя” прадставіць 50 сваіх лепшых палотнаў за год — і столькі ж мы, маладыя: пасля пабачым, чые творы маюць большую запатрабаванасць.

Як нашы настаўнікі падыходзяць да раскрыцця тэм, якія выкарыстоўваюць сродкі — гэта іх справа. Але мы будзем працягваць сваю лінію, пісаць тое, што хвалюе, бо за нас, маладых, ніхто не зробіць гэтага, ніхто не падтрымае новыя тэхналогіі ў мастацтве. Пры гэтым мы толькі за супрацоўніцтва! Бо гэта цікава, гэта — натуральны працэс. І арыенцірам тут для мяне — тыя ж былыя рэфарматары-”машэраўцы”. Калісьці гаварылі, што Савіч-малодшы ніколі не пераплюне Савіча-старэйшага, а адзін мудры чалавек сказаў: “Сябры, а навошта плявацца?”. Сапраўды, будзем суіснаваць мірна.

Асабіста я катэгарычна ў сабе перапыняю такі ход, як “эстэтыка шоку”, я проста забараняю сабе працаваць так. З маім гумарыстычным падыходам да жыцця шмат жывапісных жартаў у галаву лезе, але я не выкарыстоўваю гэта ў творчасці. Напрыклад, мой калега, авангардыст Кулік у Расіі, трапіў у струмень, ён быў запатрабаваны, бо шок-работы вельмі лёгка ствараць. Адным з паважаных мною мастакоў з’яўляецца Фрэнсіс Бэкан, ды я лічу яго большым рэалістам, чым некаторыя прызнаныя “традыцыяналісты”. Неабходны проста незамылены погляд на рэчаіснасць. Ван Гог калісьці пісаў свайму брату: “Як дасягнуць такіх пераўтварэнняў рэальнасці, каб гэта было больш рэальна, чым сама рэальнасць?” — гэтыя словы выяўляюць і мае адносіны да рэалізму. Патрэбна бачыць аснову, корань рэчаў, каб палатно было праўдзівым і прыцягвала ўвагу, але не з’яўлялася проста канстатацыяй факта. На дадзеным этапе свайго жыцця я хачу звярнуцца да асноў, пачаць пісаць так, як нас вучылі на першым курсе ў Акадэміі, звяртаць увагу больш на форму. Гэта, напэўна, будзе таксама рэалізм, але не з такім звычайным падыходам, якім мы прывыклі яго бачыць.

П.А.: А ў мяне ёсць жаданне напісаць палатно на тэму Вялікай Айчыннай вайны, на тэму Перамогі. Яна актуальная, але калі мы апошні раз бачылі нешта не стэрэатыпнае? Людзі аднолькава мысляць, ёсць межы, за якія мастакі не выходзяць: патрэбна вядро халоднай вады выліць, каб узварушыць творчы народ. Я б паказаў гэтую тэму так: мой дзядуля, ветэран, сядзіць і захоплена слухае дыск “Песняроў” — “Через всю войну”.

А.С.: Вось тут многія творцы старэйшага пакалення са шкадаваннем кажуць, што камп’ютэр замяняе шмат ручной працы. Што я магу сказаць на гэты конт?

Адзін з тысячы варыянтаў, як можна прымяняць сучасныя тэхналогіі, камп’ютэр у жывапісе. Я намаляваў алоўкам на паперы нейкі аб’ект, адсканіраваў, у электронным выглядзе адкрыў малюнак у праграме “Photoshop”, пасля зрабіў некалькі варыянтаў размеркавання яго на палатне, не забываючыся на жывапісныя каноны, захаваў — і вось ужо гатовы эскіз для палатна. Сучасны рытм жыцця не дазваляе доўга раскачвацца над нейкай работай, усё адбываецца вельмі хутка. І я толькі падтрымліваю гэтыя метады, бо яны спрашчаюць працу, а якасць не страчваецца, карціну не адрозніш ад той, якая створана традыцыйна. Патрэбна рухацца наперад — і гэта не проста словы.

Занатавала Алена САБАЛЕЎСКАЯ   

Ад вядучага рубрыкіМастыхін
Суадносіны і ўзаемадзеянне так званага рэалізму і авангардуадна з вядучых скразных праблем развіцця беларускага мастацтва на сучасным этапе. Яе рашэнні маюць вялікае мноства канкрэтных варыяцый і адценняў, звязаных з разнастайнымі перыядамі ў нашым грамадскім і культурным жыцці, а таксама з біяграфіямі асобных мастакоў. Яшчэ трэба будзе напісаць грунтоўную і паслядоўную гісторыю падобных рашэнняў.
Бо сёння зашмат момантаў скрыжаванняў “паэтычнага”, “суровага”, “перадзвіжніцкага” і іншага рэалізму і постмадэрнісцкіх імкненняў некаторай часткі маладых і сярэдняга пакалення мастакоў, якія вынікаюць, як правіла, з вопыту рускага і заходняга авангарду 10 — 20-х гадоў ХХ стагоддзя.
Што добра і што сумніўна ў гэтым скрыжаванні? На гэтае пытанне адказу няма і пакуль быць не можа. Я ўжо казаў, што калі мастацтва незалежнае ад “ізмаў”, — зроблена на высокім прафесійным узроўні і сумленна, без усялякіх там “цытат” з мінулага і “рымейкаў”, — яно мае права на існаванне.

Усіх, кагохвалюе гэтая праблема, рэдакцыя “К” запрашае прыняць удзел у яе абмеркаванні на нашых старонках.