Больш за 60 работ мастака, выкананых на палатне, паперы, кардоне з выкарыстаннем рэльефных структур прадстаўлены ў экспазіцыі. Усе яны вельмі розныя і ахопліваюць даволі значны перыяд творчай дзейнасці мастака — амаль два дзесяцігоддзі. А прымеркаваны гэты рэтраспектыўны паказ да 60-гадовага юбілею Аляксандра Васільевіча. А.Канавалаў. “Акно. Паланга”.
Гэты мастак разнапланавы, і прадстаўленыя ім работы выкананы ў розных тэхніках — гуаш, алей. Але аб’ядноўвае іх пакладзены ў аснову “прынцып калажу”. Трапна выкарыстаны, ён не проста дапаўняе каларыстычныя структуры, але і сам утварае інтэнсіўную жывапісна-пластычную паверхню.
Вельмі розныя па фактуры і ўспрыманні матэрыялы — фольга, сетка, шматкі газет і этыкетак, па словах Аляксандра, адлюстроўваюць сучаснае інфармацыйнае асяроддзе, якое вымушае чалавека ўспрымаць свет на ўзроўні падсвядомасці, даверыўшыся візуальным урыўкавым уражанням.
Мастак не стварае прадметныя вобразы. Наадварот, акумулюючы ў прасторы карціны мноства складаных міні-плоскасцей і фактур, ён дасягае эстэтычнага і натуральнага эфекту адчування, візуалізацыі падсвядомых сімвалаў — ці то нізка “Фамільнае срэбра”, ці то цыкл “Балтыка”.
Полацкія гледачы добра знаёмы з творчасцю Аляксандра Канавалава. А ў недалёкай будучыні і сталічная публіка будзе мець магчымасць убачыць яго творы — у сакавіку “Калаж як стратэгія” будзе прадстаўлены ў Мінску.
Таццяна МЯЛЬЯНЦАВА,
старшы навуковы супрацоўнік
Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага
гісторыка-культурнага музея-запаведніка