Як падкрэсліў міністр культуры, міжнародны кінафорум “Лістапад” праходзіць пад патранатам Кіраўніка дзяржавы, таму ўсе прапановы па ўзнятых пытаннях абавязкова будуць накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Штогадовы беларускі кінафорум з’яўляецца значнай падзеяй у айчыннай кінематаграфіі. Фестывальная праграма мінулага года прадэманстравала высокі мастацкі ўзровень, чым выклікала вялікую цікавасць у публікі. На кінапаказах і шматлікіх мерапрыемствах пабывала больш за 200 тысяч гледачоў, з якіх амаль чвэрць прыходзіцца на публіку ў рэгіёнах краіны. “Лістапад” — адзін з тых рэдкіх фестываляў, які на тыдзень ахоплівае сваёй праграмай усю краіну. “Я ў захапленні ад той удалай творчай каманды, якая на працягу пятнаццаці гадоў займаецца фестывалем, шчыра ўдзячны ім за праведзеную складаную работу, — адзначыў Уладзімір Матвейчук. — Таму хачу, каб сённяшняя сустрэча дапамагла ўдасканаліць існуючую канцэпцыю правядзення і выправіць відавочныя праблемы”.
Рэжысёр Вітаўтас Грыгалюнас агучыў даўно абмяркоўваемае ў кінематаграфічных колах пытанне аб неабходнасці дзейнасці фестывальнай дырэкцыі на пастаяннай аснове. Калі ў дырэкцыі з’явіцца офіс з пастаянным адрасам, неабходнай тэхнікай, выхадам у Інтэрнет, адразу ж стане лягчэй фарміраваць фестывальную праграму, выязджаць у замежныя камандзіроўкі, каб весці перамовы з лепшымі студыямі і рэжысёрамі свету. Асабісты разліковы рахунак дазволіць правільна размяркоўваць грошы як на закупку фільмаў, запрашэнне гасцей кінасвята, так і загадзя закладваць у каштарыс артыкулы на неабходнае афармленне сцэны, касцюмы, пастановачныя нумары для відовішчнага адкрыцця і закрыцця. Зрэшты, шмат гаварылася і аб узроўні каманды, якая працуе над падрыхтоўкай фестывалю. Прыкладам, неабходна аддаваць напісанне сцэнарыя прафесіяналам, а гэта ў сваю чаргу вымагае дадатковых грошай.
Дырэктар кінатэатра “Перамога” Алена Саўчык звярнула ўвагу прысутных на тое, што вельмі мала робіцца ў напрамку прасоўвання “Лістапада” на міжнародным узроўні. З апошняга міжнароднага берлінскага кінафестывалю “Берлінале” яна прывезла выданне-даведнік для прафесіяналаў кінаіндустрыі аб кінафестывалях свету. У кнізе ёсць звесткі пра Беларусь на прыкладзе міжнацыянальнага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлевізійных праграм “Магніфікат”, але ні слова аб “Лістападзе”! На думку Алены Саўчык, уступленне ў Міжнародную асацыяцыю кінапрадзюсераў дапамагло б годна заявіць аб сабе ў свеце, што ў сваю чаргу паспрыяе вырашэнню пытанняў, звязаных са складаннем конкурснай праграмы, запрашэннем у Мінск замежных гасцей. Таксама неабходна запрашаць на фэст прэсу з розных краін, каб аб “Лістападзе” гаварылі не толькі беларускія мас-медыя.
Шырока абмяркоўвалася месца правядзення адкрыцця і закрыцця форуму.
Відэапраекцыйнае абсталяванне Палаца Рэспублікі не дазваляе дэманстраваць кінастужкі на якасным узроўні, у сувязі з чым паказ мастацкага фільма на мінулагоднім адкрыцці вызваў негатыўныя водгукі ў гледачоў. З гэтай прычыны ўпершыню прыйшлося адмовіцца ад дэманстрацыі фільма-пераможцы. Паступалі прапановы перанесці ўрачыстасці ў Дом кіно, ці пасля цырымоніі закрыцця ў Палацы Рэспублікі дэманстраваць карціну, якая ўзяла Гран-пры, у іншым кінатэатры.— Пытанне складанае, патрабуе дасканала ўзважыць усе “за” і “супраць”, — пагадзіўся з выступоўцамі старшыня “Лістапада” Расціслаў Янкоўскі.
— Але нельга забываць, што “Лістапад” першапачаткова ствараўся для таго, каб беларускі народ меў магчымасць бачыць лепшыя ўзоры сусветнага кіно. Настойваю, людзям трэба сустракацца з сапраўдным святам, таму абрамляць фестывальны тыдзень павінны маштабныя, яркія цырымоніі адкрыцця і закрыцця.
У сувязі з гэтым Расціслаў Янкоўскі выступіў і за захаванне прынцыпу размеркавання галоўных узнагарод: Гран-пры павінен заставацца прызам глядацкіх сімпатый. Але, як зазначалі і некаторыя іншыя выступоўцы, пад пільным прафесійным поглядам. Для гэтага неабходна ўдасканаліць сістэму збору і падліку галасоў конкурснай праграмы.
Многія прысутныя прызналі, што праграме “Лістапада” даўно стала цесна ў рамках тыдня. Канешне, пашыраць колькасць фестывальных дзён немэтазгодна, але цалкам магчыма правесці частку мерапрыемстваў на некалькі тыдняў ранней ці пазней. Гэта дазволіла б зняць напружанне ў існуючай сітуацыі, калі конкурсныя прагляды ў розных намінацыях, а таксама гала-канцэрты, вечары памяці, юбілейныя сустрэчы праходзяць амаль у адзін і той жа час. Ды і на асобныя мерапрыемствы па-за межамі “Лістапада”, але пад яго лагатыпам, было б лягчэй прадаць білеты — гэта значыць, зарабіць частку неабходных для правядзення форуму грошай.
Настасся ПАНКРАТАВА