Любоў на зямлі і... у песнях

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Аўтарскі вечар народнага артыста СССР, нязменнага старшыні Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка адбыўся ў вялікай зале Палаца Рэспублікі. Віноўнік урачыстасці правёў тры гадзіны за раялем – быццам “у складзе” Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. На сцэне ж “гаспадарыў” Іосіф Кабзон: запрошаны госць і бліжэйшы сябра І.Лучанка не толькі спяваў яго песні, але і разам з Аленай Спірыдовіч вёў канцэрт, у якім былі сабраны лепшыя беларускія выканаўцы.

 /i/content/pi/cult/111/219/Luchenok.jpg
На здымку: Іосіф Кабзон, Віктар Бабарыкін і Ігар Лучанок
Зорнасць айчынных артыстаў не выклікала сумневу: Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Аляксей Хлястоў, ансамбль "Чысты голас", Дзмітрый Смольскі, Аляксандра Гайдук, Георгій Калдун, Уладзімір Правалінскі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, хор хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ансамбль бальнага танца "Мара", артысткі балета Дзяржаўнага цырка і многія іншыя. Але галоўнай зоркай заставалася цудоўная музыка І.Лучанка, пададзеная і ў сваім класічным выкладанні, і ў сучасным пераасэнсаванні.
Вельмі шчырай, усмешліваласкавай, па-дзіцячы какетлівай і яскрава звонкай атрымалася "Дабрыня", у якой саліравала юная Паліна Ласкіна. На рэдкасць сардэчным, папраўдзе аксамітным атрымаўся "Аксамітны сезон" у выкананні Тарыэла Майсурадзэ. А ўявіце, як цяжка выходзіць на сцэну акурат следам за Іосіфам Кабзонам ды пры ім выконваць песню з яго рэпертуару, асабліва, калі менавіта ён яе першы выканаўца. Але ж сакавіты голас Якава Навуменкі ў песні "Верасы" ніколькі не прайграў пасля "Майскага вальса" ў выкананні І.Кабзона. А "Заклінанне" Вікторыі Алешка і Дзмітрыя Сяргеева так уразіла майстра, што ён сказаў: "Як прыемна, калі песня перажывае пакаленне, і яе спяваюць маладыя".
Сам жа Іосіф Давыдавіч не скупіўся на спевы, у кожнай песні дэманструючы ідэальны вакал, усё такі ж класічна дасканалы, як дзесяцігоддзі таму, і такі ж свабодны, быццам ён спявае не з аркестрам, а з асабістым канцэртмайстрам (да гонару В.Бабарыкіна, аркестр спрытна падхопліваў усе тэмпавыя і метрарытмічныя імправізацыі мэтра). Пры гэтым І.Кабзон не стамляўся расказваць разнастайны "кампрамат", накшталт такога:
- Памятаю, як Ігар атрымліваў прэмію Ленінскага камсамола. Ледзь толькі даведаўся, што ён лаўрэат, пабег дазнавацца, колькі ж гэта будзе грошай. З яго нават кпілі: маўляў, вось які меркантыльны - гэта ж трэба! Нарэшце, прыбягае і кажа: "25 тысяч рублёў". (Гэта былі вельмі вялікія грошы, бо, напрыклад, самы "круты" на той час аўтамабіль "Волга" каштаваў 10 тысяч. - Н.Б.) Дык што вы думаеце? Не чакаючы афіцыйнага з'яўлення Указа аб узнагароджанні ў прэсе, ён па ўсёй Маскве напазычаў тыя 25 тысяч - і датэрмінова здаў іх у Фонд міру. І ў гэтым - увесь Ігар Лучанок!
Дадамо: у гэтым - увесь характар Лучанка. А яго талент - у надзвычай меладычных песнях, што ва ўсе часы застаюцца эталонам прыгажосці і ўнутранай гармоніі. Невыпадкова па яго музыцы, што гучыць з курантаў на Мінскай ратушы, мы звяраем час. Менавіта так, дарэчы, і пачаўся канцэрт: запіс курантаў "матэрыялізаваўся" ў жывыя гукі раяля пад пальцамі І.Лучанка. А песня "И пока на земле существует любовь...", што дала канцэрту назву, прагучала ў выкананні І.Кабзона нават двойчы - як пралог і як эпілог пасля гімна "Расія - Беларусь", прысвечанага Саюзнай дзяржаве, і песні пра Брэст, праспяванай самім аўтарам.
Любоў - слова сімвалічнае. Яно быццам падкрэсліла ўсведамленне таго, што творца і яго спадчына - гэта наш нацыянальны скарб. Наш дзяржаўны імідж, айчынны "брэнд"... Падобныя азначэнні можна працягваць і працягваць - як трэба працягваць і практыку падобных ушанаванняў лепшых творцаў: у лепшых залах, з прыцягненнем лепшых выканальніцкіх сіл, з узгадваннем не толькі хітоў, але і тых твораў, што незаслужана засталіся ў цені ці былі забытыя. Таму цяперашні канцэрт - безумоўна, самы лепшы з усіх аўтарскіх вечароў І.Лучанка, якія ладзяцца ледзь не штогод, - трэба лічыць "генеральнай рэпетыцыяй" да юбілею майстра, што адбудзецца праз год. Сапраўды, было б няблага ўжо сёння прадумаць тое ўсенароднае ўшанаванне - з запрашэннем лепшых беларускіх артыстаў і знаных гасцей.