У Маскву!

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

24 лютага ў Маскоўскім акадэмічным музычным тэатры імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дзён Рэспублікі Беларусь у Маскве. Пасля афіцыйнай часткі пройдзе канцэрт майстроў мастацтваў нашай краіны.

У канцэрце возьмуць удзел самыя знакамітыя творчыя калектывы і салісты: ансамбль “Сябры” на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, ансамбль “Песняры”, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, Андрэй Кунец. Рэжысёрам канцэрта выступае народны артыст Беларусі, прафесар Валянцін Дудкевіч.
— У Маскву, — расказвае мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў, — мы заўсёды едзем з прыўзнятым настроем. Бо прадстаўляць нашу краіну за мяжой — вялікі гонар. І тое, з якім захапленнем прымаюць нашых артыстаў, дадатковы раз сведчыць і пра ўзаемасувязі паміж нашымі народамі, і пра высокі ўзровень беларускай нацыянальнай культуры. Дарэчы, наш калектыў выпраўляецца ў Расію на некалькі дзён раней. 22-га мы разам з нашым славутым кампазітарам Ігарам Лучанком выступім у горадзе Іванава. 23-га ў нас сольны канцэрт у Маскве, у Цэнтральным доме мастака. І завершыцца наш тур удзелам у адкрыцці Дзён Беларусі ў Маскве.

Надзея БУНЦЭВІЧ