Мова роднай зямлі

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

21 лютага 2009 года пад эгідай UNESCO ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

19 лютага, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з гэтай нагоды адбылася літаратурна-мастацкая вечарына “Дзіўная, родная мова…”
У мерапрыемстве, якое прайшло ў галерэі “Ракурс”, прынялі ўдзел дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, загадчык кафедры рэжысуры святаў БДУКіМ Пётр Гуд, заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання радыёстанцыі “Беларусь” Навум Гальпяровіч. Прысутныя вялі гаворку пра ролю беларускай мовы ў гістарычным развіцці народа, закраналі пытанні яе запатрабаванасці ў розных камунікатыўных сферах, асаблівасцях развіцця на сучасным этапе.
19 лютага ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылося таксама пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Родная мова роднай зямлі”. А 18 лютага ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы адбылася канферэнцыя “Беларуская мова ў славянскім і еўрапейскім кантэксце”.
— Святкаванне Дня роднай мовы з’яўляецца добрай нагодай, каб яшчэ раз звярнуцца да праблем беларускай мовы — адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам “К” пад час канферэнцыі дырэктар Інстытута Аляксандр Лукашанец. — Гэтае свята праходзіць у год, які аб’яўлены ў Беларусі Годам роднай зямлі. А паняцце “родная зямля” — гэта не толькі пазначэнне тэрыторыі, але і цэлы комплекс духоўных каштоўнасцей беларускага народа, сярод якіх пачэснае месца займае нацыянальная мова. Таму лічу, што тэма роднай мовы будзе актуальная не толькі напярэдадні ці падчас правядзення ў Беларусі Дня роднай мовы, але і на працягу ўсяго 2009 года.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ