У падарунак Радзіме

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Імідж краіны ў свеце складаецца з дасягненняў яе сыноў. І мы сапраўды радуемся, калі імёны знакамітых беларускіх творцаў, якія ў часы Савецкага Саюза эмігравалі за мяжу і з-за гэтага былі амаль што выкраслены з гісторыі нацыянальнага мастацтва, ізноў запальваюцца на Радзіме. 17 лютага адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь карціны “Гумно” (2008) Барыса Заборава, а таксама работ “Эцюд” (1949) і “Дубкі” (1953) беларускага мастака Мікалая Дучыца (1896 — 1980).

 /i/content/pi/cult/196/2186/U padarunak.jpg
Апошнія змаглі вярнуцца на радзіму дзякуючы прыватнаму калекцыянеру Б. Кліонскаму праз Пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль. На цырымоніі прысутнічаў мастак Барыс Забораў, які нарадзіўся і працаваў у Беларусі да 1981-га, але ўжо 28 гадоў жыве ў Францыі.

Персанальныя выстаўкі мастака з поспехам праходзілі па ўсім свеце. Яго палотнамі захапляліся ў Германіі, Францыі, Японіі, Амерыцы, аўтару апладзіравалі ў Музеі выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. Яго творы набыты найбуйнейшымі музеямі свету. Таму, як зазначыў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Мартынаў, афіцыйная імпрэза ў Нацыянальным мастацкім музеі стала знакавай з пункту погляду вяртання імені мастака на Радзіму. Ён падкрэсліў, што сёння новая карціна Заборава здабыла свой дом у беларускай скарбніцы мастацтваў.
— Душа радуецца ад таго, што сёння ў нашым выдатным Нацыянальным музеі чарговае вельмі дастойнае мерапрыемства, падзея, якая ўпрыгожвае культуру і мастацтва нашай краіны, — прамовіў міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвейчук. — Унікальнасць нашай сённяшняй сустрэчы ў тым, што работы Барыса Абрамавіча запатрабаваны ў многіх краінах — у Англіі, Францыі, Аўстрыі, іх набываюць расіяне, і нам вельмі прыемна, што творы вяртаюцца і да нас, у нашу рэспубліку. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца шмат работ Барыса Заборава, у асноўным, ранняга перыяду яго творчасці. Сённяшні падарунак — першы твор перыяду “парыжскага”.
2009-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам роднай зямлі, і гэта дазваляе яшчэ раз упэўніцца ў тым, якая ў нас багатая гісторыя, цудоўнае мастацтва і культура. І яшчэ адно таму пацверджанне — цудоўны твор, які вяртаецца на нашу беларускую зямлю.
— Я рады вяртанню на Беларусь, гэта — мая Радзіма, — зазначыў Барыс Забораў. — Але якім мастаком я сябе адчуваю? Адназначна адказаць нельга. Я па праве лічу Расію сваёй другой радзімай, бо вучыўся ў Ленінградзе, Маскве, і Расія за апошнія 15 гадоў праявіла да мяне і маёй працы значную ўвагу. Францыя прыняла мяне, няпрошанага госця, дапамагла мне ў першыя цяжкія гады. Тут я стаў мастаком у тым сэнсе, як мне гэта бачылася. Таму Францыя для мяне — трэцяя радзіма. Мне заўсёды была блізкай ідэя чалавека свету. Чалавек свабодны, і калі ён па тых ці іншых прычынах выбірае іншую краіну для жыцця і дзейнасці — гэта яго неад’емнае права. Але чаго ён не павінен рабіць — я ў гэтым упэўнены — дык гэта рубіць свае карані, бо толькі з іх можа ўзрасці крона. І мой асабісты вопыт, ды і той факт, што я сёння тут знаходжуся, таму пацверджанне.
Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што перадача карціны “Гумно” стане першым крокам да правядзення ў Нацыянальным мастацкім музеі паўнавартаснай выстаўкі знакамітага беларускага мастака, а потым і выстаўкі твораў выдатных мастакоў, ураджэнцаў Беларусі, прадстаўнікоў так званай “Парыжскай школы”, якіх лёс у свой час закінуў у Францыю (Х.Суцін, П.Крэмень, М.Кікоін, А.Мешчанінаў, М.Шагал і інш.), і дзе яны сталі сусветна вядомымі майстрамі. Міністэрства замежных спраў сумесна з Міністэрствам культуры і іншымі міністэрствамі і ведамствамі па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працягу многіх гадоў праводзяць працу па пошуку і вяртанні на радзіму гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, якая апынулася ў сілу розных гістарычных абставін за мяжой. Так, у 2005 годзе музею “Дом Ваньковічаў” былі перададзены факсімільныя рэпрадукцыі рэдкіх фатаграфій і гістарычных дакументаў, звязаных з імем Валенція Ваньковіча.
У 2007-м — Нацыянальны мастацкі музей атрымаў тры гравюры Напалеона Орды, дзве жывапісныя работы Пятра Сергіевіча, копію Радзівілаўскай карты 1613 года. У акцыі па перадачы музею падарункаў прынялі ўдзел мастакі, журналісты, мастацтвазнаўцы, культуролагі і іншыя прадстаўнікі культурнай эліты краіны, а таксама супрацоўнікі замежных пасольстваў, акрэдытаваных у нашай рэспубліцы.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымку: Барыс Забораў, Сяргей Мартынаў,
Уладзімір Матвейчук на цырымоніі перадачы карцін музею.