Гімн жанчынам Палесся

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Ці магла калісьці дзяўчынка з Чашніччыны падумаць, што праз некалькі дзесяцігоддзяў яна стане паважанай і знакамітай асобай у... Францыі? Сёння габелены і графіка Вольгі Дзёмкінай з’яўляюцца каштоўнасцямі калекцый музеяў Еўропы і Амерыкі, а спасылкі на яе работы сустракаюцца ў энцыклапедыях розных краін. У інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася творчая вечарына мастачкі “Гімн жанчынам Палесся”.

 /i/content/pi/cult/194/2184/Gimn.jpg
 В. Дзёмкіна. “Чорная быліна аб ненароджаных
дзецях Палесся”.
Выдатны майстар габелена Вольга Дзёмкіна больш за дзесяць гадоў жыве ў Францыі, але душа яе належыць роднаму краю. Празрыстыя азёры, патаемныя лясы ды бязмежныя палеткі Віцебшчыны, якія сталі жыватворнай крыніцай ейнага таленту, і на адлегласці ў тысячы кіламетраў працягваюць натхняць творцу. Крохкае шчасце, пранізлівы боль, акрыляючае каханне — палітра пачуццяў пульсуе ў кожным габелене мастачкі, прымушаючы самага закаранелага прагматыка падпасці пад уплыў эмоцый. Гэтыя нюансы неаднойчы адзначалі прафесіяналы з сусветным іменем, аддаючы Вользе пальму першынства на міжнародных конкурсах. У Францыі творчасць беларускай мастачкі адзначана залатым медалём Міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры Lutece і медалём Нацыянальнай асамблеі Францыі.

— Больш за ўсё французаў здзіўляе, што ў XXI стагоддзі ў Беларусі існуе і плённа развіваецца нацыянальная школа габеленаў, — распавяла гераіня вечарыны. — Уявіце сабе: на радзіме габеленаў гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адышоў у гісторыю! Ён лічыцца занадта... дарагім, таму маладыя мастакі абыходзяць ткацтва ўвагай. Дазволіць сабе купіць габелен могуць толькі ўладальнікі фамільных палацаў. Як ні дзіўна, але зараз менавіта мы, беларусы, адраджаем у сваёй Ліёнскай майстэрні старадаўняе французскае мастацтва.

На творчай вечарыне Вольга прадставіла адзін са сваіх самых знакамітых габеленаў — “Чорная быліна аб ненароджаных дзецях Палесся”. Ён быў створаны напрыканцы 1980-х, калі Чарнобыльская катастрофа для кожнага нашага суайчынніка была свежай незагойнай ранай. Для аўтара тэхнагенная катастрофа стала асабістым несціханым болем: ад радыяцыйнага выпраменьвання загінула яе сястра Святлана. У палатне мастачка паказала жаночую долю, абпаленую атамным выбухам. Пранізлівы твор імкнуліся купіць замежныя калекцыянеры, аднак Вольга марыла, каб ён абавязкова вярнуўся на радзіму.

Маці, мадонна як сімвал выратавання чалавецтва, што заблыталася ва ўласных учынках, — вось што працягвае хваляваць мастачку. Шмат падарожнічаючы па краінах свету, яна збірае чуллівыя вобразы, якія паступова выліваюцца ў шырокамаштабны праект “Мадонны пяці кантынентаў”. Напрыканцы сустрэчы Вольга запэўніла, што па заканчэнні праекта абавязкова прывязе лепшыя творы калекцыі ў Беларусь.

Настасся ПАНКРАТАВА