Аксамітны барытон Андрэя Заспіцкага

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Наведаць вядомага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Андрэя Заспіцкага мне параіў Іван Міско: “Давай паедзем да Андрэя, у яго ў лютым дзень нараджэння”.

 /i/content/pi/cult/194/2183/Baryton.jpg
Майстэрня творцы знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Гая. У савецкі час іх тут быў пабудаваны цэлы комплекс. Сёння ж вуліцу ўсю перакапалі, пасярэдзіне ляжалі трубы: мусіць, пракладвалі новую цеплатрасу. Мы пад’ехалі да майстэрні Заспіцкага кружнымі шляхамі, ледзь не загразнуўшы коламі аўтамабіля.

Жалезныя дзверы аднапавярховага будынка былі адчынены, а памер іх аказаўся настолькі маленькім, што спатрэбілася нахіліцца, каб не набіць гузак. Пранікнуць у майстэрню давялося навобмацак праз цёмны тамбур з земляной падлогай. А вось у самой “творчай лабараторыі” было светла, столі высокія — метраў пяць, мусіць, а зверху зіхцела мноства лямпаў дзённага святла.

Оперны барытон старанна выводзіў арыю Надзіра з оперы Бізэ “Шукальнікі перлін”: “В сияньи ночи лунной ее я увидал... и вот она без покрывала вдруг...”. Мы пагукалі. Голас сціх. Пасярод майстэрні стаяў крыху збянтэжаны Андрэй Міхайлавіч.

— Праходзьце-праходзьце, распранайцеся! — сардэчна запрасіў ён.

— А мы думалі — прайгравальнік... (У невялічкім пакоі стаяла шафа, дзе ладнымі шэрагамі ўкладзены грампласцінкі).

— Тут такая справа, — махнуў рукой Заспіцкі, — у мяне ёсць два цудоўныя прайгравальнікі, а іголкі знайсці не магу. Не выпускаюць ужо. Дома ж дачка набыла мне новую сістэму, дык там, ці ведаеце, на маленькім дыску музыкі на гадзіны дзве-тры.

Я не ведаў, што вядомы скульптар — меламан, ды пацверджаннем таму стаў бюст Бетховена, што, задумліва схіліўшы галаву, нібы слухаў майстра. Тут жа партрэт Мулявіна.

Крыху далей на скульптурным станку гусляр узняў рукі над інструментам.

— Мая мама, яе звалі Браніслава, выкладала харавыя спевы ды іграла на скрыпцы. І тату майго вучыла. Я з дзяцінства памятаю скрыпічны канцэрт Мендэльсона, які яны выконвалі дуэтам. Музыка ў нашым доме была жаданай і любімай, — патлумачыў Андрэй Міхайлавіч.

Нарадзіўся Андрэй Заспіцкі ў Варшаве 16 лютага 1924 года. У памяці захаваўся такі, расказаны роднымі, выпадак:

— Вясной 1925 года, калі ўжо было цёпла, мае бацькі панеслі мяне ў касцёл Кармелітаў на вуліцы Лешна, каб ахрысціць. Я, вядома, гэтага не памятаю, але ў нашай сям’і распавядалі ўсім гасцям, як тату даверылі несці мяне, спавітага. Але шчаслівы бацька так няўклюдна трымаў мяне, што адзін з мінакоў кінуўся да яго са словамі: “Хто ж дзіця за ногі трымае?!”. “Яшчэ імгненне, і твая галава цягнулася б па бруку!” — расказвалі мне.

1931 год — першы клас школы-сямігодкі. А 1932 год запомніўся першым непадзеленым каханнем у другім класе: настаўніца пані Дамброўская (імя “пасіі” памяць не захавала) была прыгажуня з залатымі валасамі. Пад час урокаў Андрэй зачаравана не зводзіў з яе вачэй, убіраючы ў сябе кожнае слова, а пасля заняткаў насіў за настаўніцай стосікі сшыткаў у канцылярыю. Узаемнасці, вядома ж, не было, але пані заляцанні вучня не адвяргала.

У 1937 годзе Андрэй паступіў у гімназію.

У родзе Заспіцкіх усе былі служкамі выяўленчага мастацтва: прадзед (на яго імя Андрэй Міхайлавіч забыўся) — скульптар, афармляў касцёлы выявамі святых, дзед Фелікс — жывапісец, скончыў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, бацька — мастак-літограф. У дзеда ў майстэрні стаяла велічэзная шафа памерам з цэлы пакой, на паліцах яе стаялі кнігі па мастацтве, рэпрадукцыі. Калекцыя зацікавіла ўнука Андрэя настолькі, што на сямейным савеце было вырашана аддаць яго ў прыватную школу, дзе ксёндз выкладаў гісторыю мастацтваў.

Доўга гэтая вучоба не працягнулася. Ксёндз запатрабаваў даведку з гімназіі, што дзіцяці дазволена займацца. Установа неабходную паперу не дала, бо ў Андрэя было не ўсё добра з алгебрай: ён яе не проста не любіў — ненавідзеў. Ды забаронены плод — салодкі, і гімназіст зачытваецца кнігамі па мастацтве ў хатняй бібліятэцы, а маляванне для яго — спадчыннае сямейнае захапленне. І дасягненні яго ў гэтай справе былі такімі, што дзед хваліў унука, а бацька, пасылаючы ў краму, дазваляў пакідаць рэшту, каб юны талент набыў сабе пэндзлі і фарбы.

У 1939 годзе гітлераўцы напалі на Польшчу, дом Заспіцкіх у Варшаве згарэў і сям’я рушыла на Усход. Бежанцы апынуліся ў Беластоку. Талент бацькі быў запатрабаваны, і сям’ю запрасілі ў Мінск. Міхаіл Заспіцкі працаваў у друкарні імя Сталіна, а сям’я жыла ў бараку непадалёк.

У 1940-м Андрэя адпраўляюць у Маскву на Дэкаду беларускага мастацтва, дзе малады творца за скульптурны партрэт Фелікса Дзяржынскага ўзнагароджваецца Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета і накіроўваецца ў школу юных талентаў пры Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Скульптар Воінава прадвызначала Андрэю вялікую будучыню ў гэтым відзе творчасці. І ўсё сталася б, мусіць, так, каб не Вялікая Айчынная вайна.

Сям’я Заспіцкіх у 1941 годзе была эвакуіравана ў Кірсанава, што на Волзе. 1942 год. 18-гадовы Андрэй прызываецца ў армію. Тут яго заўважыў нампаліт. Андрэй малюе плакаты, якія заклікаюць на барацьбу з фашызмам. Ён застаецца ў рэзервовым атрадзе, яго зброя — аловак і пэндзаль...

У 1947 годзе Андрэя Заспіцкага накіроўваюць у студыю Грэкава. Масква не дужа прыязна сустрэла маладога творцу, і ён вяртаецца ў Беларусь да бацькі.

Далейшы лёс мастака звязаны з Мінскам. Скульптар Аляксей Глебаў зацікаўлена сустрэў здольнага хлопца і “выдзеліў” яму куток у сваёй майстэрні. “Мой скульптурны тата!” — гаворыць пра Аляксея Канстанцінавіча Заспіцкі. З цягам часу Андрэй Міхайлавіч працуе ў сааўтарстве з Аляксеем Глебавым, Заірам Азгурам, Анатолем Анікейчыкам, Іванам Міско.

Не пералічыць работ Андрэя Заспіцкага, усталяваных у Беларусі.
 /i/content/pi/cult/194/2183/Baryton2.jpg

Вартавыя на “варотах горада” каля мінскага вакзала, скульптурныя кампазіцыі на Сувораўскім вучылішчы, помнікі Максіму Горкаму, Янку Купалу, Адаму Міцкевічу ў сталіцы, помнік маці-патрыётцы Купрыянавай у Жодзіне, шматлікія мемарыяльны дошкі, сярод якіх і прысвечаная мэтру — скульптару Заіру Азгуру…

— З якімі думкамі сустракаеце свой дзень нараджэння? — запытаўся я ў Андрэя Міхайлавіча.

— Лічу, што Мінск павінен мець у скверах і парках фігуры сваіх знакавых герояў — пісьменнікаў, кампазітараў, скульптараў, якія праславілі краіну. Хачу паспець яшчэ шмат чаго. У задумах вобразы Гусляра, Бетховена, Якуба Коласа. Працую над тэмай 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў...

Мы развіталіся з Андрэем Заспіцкім і, выходзячы праз тыя самыя жалезныя дзверы, пачулі наўздагон аксамітны барытон: “Не уходи, побудь со мною...”

Скульптар спяваў.


Юрый ІВАНОЎ

Фота аўтара