Наперад, у мінулае!

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Вытанчаная музыка мяжы ХІХ — ХХ стст., каларытныя акадэмічныя творы і песні сярэдзіны ХХ — пачатку ХХІ стст., нарэшце, джаз — і ўсё, між іншым, “сваё, беларускае”, ды прэзентаванае літаральна за некалькі дзён запар, прычым пераважна ў малых гарадах і нават на сяле, — на такое здольны толькі заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з нястомным маэстра — народным артыстам краіны прафесарам Міхаілам Фінбергам.

 /i/content/pi/cult/195/2181/Naperad.jpg

У гэтым калектыве прызвычаіліся рыхтаваць адначасова па некалькі буйных праграм. 22 — 23 студзеня пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама, Мінскага райвыканкама, Заслаўскага гарсавета аркестр зладзіў ІХ свята камернай музыкі “Заслаўе-2009”, на гэты раз прысвечанае творчасці Мечыслава Карловіча і Генрыха Вагнера.
А 27-га ўжо калясіў па Капыльшчыне: у сельскім Доме культуры аграгарадка “Пясочнае” паказваў прэм’еру праграмы “Бывайце здаровы!”, складзенай з новых і наноў прачытаных старых песень на словы Адама Русака (да 105-годдзя з дня нараджэння паэта).

Зваротныя хвалі

Калі музыка Г.Вагнера ўжо выконвалася фінбергаўцамі раней, дык да творчасці М.Карловіча яны звярнуліся ўпершыню. Жыццё гэтых кампазітараў — бы два бакі руху адной хвалі, што нясецца па музычнай рацэ часу паміж Беларуссю і Польшчай. М.Карловіч, 100-годдзе з дня смерці якога прыпадае акурат на заўтра, 8 лютага, нарадзіўся на Смаргоншчыне, а рэалізаваць свае музычныя памкненні змог у Варшаве, напісаўшы шэраг буйных партытур, у тым ліку 7 сімфанічных паэм, і стаў адным з заснавальнікаў польскага сімфанізму. Г.Вагнер, наадварот, нарадзіўся ў Польшчы, быў студэнтам Варшаўскай кансерваторыі.
Але ў 1939 годзе, выратоўваючыся ад фашысцкай акупацыі, трапіў на Беларусь — і ўсе свае творчыя сілы аддаў нашай краіне, якая зрабілася для яго другой Радзімай.
Шматлікія камерныя ансамблі, што знаходзяцца ў складзе аркестра, “разабралі” сімфанічныя партытуры М.Карловіча па асобных “старонках”.
Паказальна, што і выстаўка, зладжаная ў фае Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, называлася “Па старонках памяці”, на ёй, акрамя фотавыяў і іншых экспанатаў, было шмат партытурных фрагментаў.
Самымі разгорнутымі нумарамі праграмы “Скарбы айчыннай сімфанічнай музыкі” аказаліся дзве часткі са Скрыпічнага канцэрта М.Карловіча, які, дарэчы, сам быў бліскучым скрыпачом і дырыжорам. Саліраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў Арцём Шышкоў — “беларускі Паганіні”, як называюць апошнім часам нашу маладую суперзорку сусветнага маштабу.
Бясконцасць цёплых, эмацыйных мелодый 2-й часткі Канцэрта, усхваляваная мяцежнасць4-й, што ўзрасла з танцавальнасці, сталі годным завяршэннем вечарыны.
Такі адбор пераважна жанравых эпізодаў і твораў кампазітара (адзіным імпрэсіянісцкім нумарам стаў фрагмент з паэмы “Зваротныя хвалі”) шмат у чым быў выкліканы накіраванасцю праграмы на шырокую публіку.
Сапраўды, фінбергаўскія фестывалі, стаўшы часткай агульнай дзяржаўнай праграмы па аднаўленні і вяртанні нацыянальнай спадчыны, выхавалі за гады свайго існавання слухачоў, якія прагнуць нацыянальных рарытэтаў.
Разам з тым, падобная музычная канцэпцыя зрабіла больш яркім, відавочным той працяг традыцый П.Чайкоўскага і, шырэй, славянскага сімфанізму (Б.Сметана, А.Дворжак), што прывёў іх паслядоўнікаў да імпрэсіянізму — як часткі агульнага славянскага пантэізму. Для параўнання: у нямецка-аўстрыйскім мастацтве тая жанрава-побытавая аснова многіх музычных тэм прывяла да з’едліва іранічных, экспрэсіўна трагічных, філасофскіх сімфанічных палотнаў Г.Малера.
Так што свята ў Заслаўі, скіраванае найперш на асветніцтва, набыло, можна сказаць, навуковае адценне, падрабязна прааналізаваўшы асобныя грані творчасці кампазітара. І дадатковы раз пераканала, што гэтаму павінен быць працяг! Партытуры М.Карловіча неаднойчы выдаваліся ў Польшчы. Яны сапраўды годныя далейшай папулярызацыі і на радзіме творцы. І павінны гучаць не толькі фрагментарна і ў камерных пералажэннях, але і ў арыгінальным аўтарскім выкладанні. Іх мог бы ўключыць у свой рэпертуар, напрыклад, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі — і больш поўна пазнаёміць музычную грамадскасць з агульнай драматургіяй твораў, адметнасцямі іх аркестроўкі.

Не ўрок, а песня

Гэтак жа патрабуе працягу праграма на вершы Адама Русака, што пачала рыхтавацца яшчэ пяць гадоў таму.
Пэўна, павінны знайсціся сродкі на выданне кампакт-дыска, куды ўвайшлі б не толькі хіты, кшталту “Бывайце здаровы!” Ісака Любана ці “Лясной песні” Уладзіміра Алоўнікава, але і новыя песні, замоўленыя М.Фінбергам спецыяльна для гэтага праекта.
Сярод новых твораў асабліва вылучаліся яркія, “харызматычныя” кампазіцыі Алега Елісеенкава і, вядома, рознабаковы цыкл Эдуарда Зарыцкага. Сяроджа салістаў самым, бадай, “завадным” падаўся Саша Нэма, а самай шляхетнай, інтэлігентна-густоўнай — Галіна Грамовіч.
Але ж не толькі фінбергаўцы ўразілі жыхароў аграгарадка “Пясочнае”, якія пачалі займаць месцы ў зале СДК за некалькі гадзін да пачатку канцэрта.
Не менш усіх уразіла тамтэйшае стаўленне да культуры, да захавання гістарычнай памяці. Разам з дачкой паэта Людмілай і яго ўнукамі ўдзельнікі свята ўсклалі кветкі на магілу А.Русака. Гасцінна сустракалі нас настаўнікі і навучэнцы Песачанскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, дзе, да таго ж, адбыліся творчыя сустрэчы з маэстра М.Фінбергам, кампазітарам Э.Зарыцкім і паэтам А.Бадаком. Школа з гонарам носіць імя аднаго са сваіх выхаванцаў — кандыдата педагагічных навук Сцяпана Умрэйкі, які ў свой час узначальваў Навукова-даследчы інстытут педагогікі, 16 гадоў працаваў намеснікам міністра адукацыі рэспублікі. Асаблівае захапленне выклікаў школьны музей, дзе ёсць стэнды, прысвечаныя ўраджэнцам тых мясцін — паэтам Адаму Русаку, Анатолю Астрэйку, прыродазнаўцу і медыку Якубу Наркевічу-Ёдку. Школьнікамі знойдзены многія прадметы старадаўняга побыту, сабраны іншыя экспанаты, зроблены макет старажытнага паселішча, дый экскурсіі праводзяць дзяўчаты 7-9-га класаў — на чысцюткай беларускай мове.
Усё гэта — працяг таго стаўлення да мінуўшчыны, якое мы ўбачылі пад час паездкі ў Музеі этнаграфіі і побыту ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вёсцы Вялешына Слабада Кучынскага сельскага савета: вялікім попытам там карыстаюцца не толькі звычайныя экскурсіі, але і спецыялізаваныя “ўрокі”, на якіх дзятва “навучаецца” па падручніках стогадовай даўніны.
А ці не “ўрокам” гісторыі беларускай музыкі сталіся праведзеныя ў Заслаўі конкурс юных музыкантаў Міншчыны на лепшае выкананне айчынных твораў і майстар-клас доктара мастацтвазнаўства прафесара Вольгі Дадзіёмавай? Тое, з якой асалодай дзеці з глыбінкі ігралі старадаўнюю і найноўшую беларускую музыку, лепей за любыя доказы сведчыла пра высокую місію фінбергаўскіх святаў у малых гарадах. Мабыць, для такіх канцэртаў па адраджэнні нацыянальнай спадчыны павінна знайсціся зала і ў сталіцы...

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Данііла КАНАПЕЛЬКІ