Забытае? Адноўленае!

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Творчасць беларускага кампазітара Яна Тарасевіча (1889 — 1961 гг.), нягледзячы на прысвечаную яму манаграфію, шматлікія артыкулы, выданне нотных зборнікаў, запісы на радыё, — гэта ўсё яшчэ “Забытыя шэдэўры”, як быў названы канцэрт з яго камернай музыкі, невыпадкова зладжаны менавіта ў зале Саюза кампазітараў.

 /i/content/pi/cult/195/2180/Zabytaje.jpg

Калісьці першым “пунктам адліку” знаёмства нашай грамадскасці з творамі і самім іменем Я.Тарасевіча стаў фестываль “Каляды ў “Беларускай капэле” (1994). З таго часу кожнае чарговае выкананне яго музыкі — ужо падзея. А калі гэта цэлы творчы вечар? Ды яшчэ з суквеццем зорак — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў! Маладыя музыканты быццам спаборнічалі, хто лепей данясе да слухачоў задумы аўтара, чаргуючы гарманічныя трыо, дуэты і сола: скрыпач Арцём Шышкоў, віяланчэліст Канстанцін Зяленін (сярод першых выканаўцаў музыкі Я.Тарасевіча былі ягоныя бацькі — Вячаслаў Зяленін і Ірына Неўская), піяністкі Дар’я Мароз і Таццяна Лойша, саліст Беларускай оперы Юрый Гарадзецкі (ён зараз стажыруецца ў Мілане, і вярнуўся дадому літаральна на некалькі дзён на “гастрольныя вакацыі”, а следам за ім у Мінск прыехалі яго прыхільнікі з Бельгіі, наведаўшы ўсе канцэрты і оперныя спектаклі з удзелам Юрыя). У ролі “гаспадара салона” і галоўнага “экскурсавода-каментатара” выступаў спявак і даследчык Віктар Скорабагатаў.
Ужо ў самой біяграфіі кампазітара шмат сенсацыйнага. Ну, хаця б тое, што ён, ураджэнец Гродзеншчыны, быў прыдворным піяністам Мікалая ІІ і ўдзельнічаў у… штурме Зімняга. Проста выйшаў з палаца пасля працы — і натоўп панёс яго назад. Ці тое, што ў эміграцыю ён ехаў на адной машыне з Сяргеем Рахманінавым. Але даехаў да ўласнай сядзібы ў Саколцы — і застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У ваенныя гады рушыў да сястры ў Латвію, а вярнуўся — дом разбураны, ноты загінулі. Аднаўляў іх ужо пасля вайны. Пісаў новыя творы, выкладаў. Сярод яго вучняў — піяніст, кампазітар, дырыжор (дарэчы, адзін з самых вядомых у Польшчы) Ежы Максімюк.
Калі на першы погляд музыка Яна Тарасевіча не выходзіць за межы рамантычных уплываў, дык больш дэталёвае знаёмства з ёй дазваляе выявіць і іншыя памкненні аўтара. Першая частка Фартэпіяннага трыо— папраўдзе “ў рускім стылі”, з надзвычай рускім тэматызмам і варыяцыйным развіццём. Тарантэла — працяг італьянскай віртуознасці ХІХ ст. У “Куявэку” выкарыстаны прыёмы народнага музіцыравання на басэтлі (вядома, што кампазітар меў багатыя фальклорныя зборы, але ў час вайны яны загінулі). У некаторых “Музычных табакерках” (усяго іх — дзве сюіты па чатыры п’есы ў кожнай) чуюцца гукі батлейкі. У рамансах на вершы М.Багдановіча (яны былі напісаны ў 1919 г. і з’яўляюцца першым зваротам у музыцы да творчасці паэта) — пецярбургская аўра Сярэбранага веку, а ў песні на вершы Марыі Канапніцкай — узнёсла-пафасныя інтанацыі, блізкія гімнічным.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: пасля канцэрту музыкі

Яна Тарасевіча “Забытыя шэдэўры”.

Фота аўтара