Патрабуецца герой!

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Адным з мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і аховы іх правоў на 2004 — 2010 гады абазначана правядзенне комплексных навуковых даследаванняў, у лік якіх уваходзіць і вывучэнне ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці і электронных, на фізічнае, псіхічнае і духоўна-маральнае здароўе дзяцей. Пацверджаннем неабходнасці такога мэтанакіраванага даследавання і актуальнасці праблемы стаў візіт маладой журналісткі ў рэдакцыю “К”. Яна распавяла пра тое, якія лялькі сёння можа набыць у Інтэрнеце кожны, незалежна ад узросту. Сярод “сімпатычных” забавак былі... і сіні мярцвяк — увасабленне гераіні кінастужкі “Твін Пікс” Лоры Палмэр, і брыдкія лялькі-сараканожкі, і лялька ў выглядзе мужчынскай галавы для ўтыкання нажоў. Так, аказваецца, бывае і такое. Гэтая тэма прымусіла задумацца і звярнуць увагу на адваротны бок медаля: а з чым, уласна кажучы, сёння гуляюць нашыя дзеці? Усе прыведзеныя вышэй прыклады “цацак”, канешне, “прыкольныя”, але што можна супрацьпаставіць такім змрочным, не ўласцівым нашай ментальнасці, персанажам, якіх дастаткова ў сусветным Сеціве? Грацыёзную Барбі? Чалавека-павука? Вялікагаловых “выкшталцоных” лялек Братз? А дзе ж, калі казаць пра нашы рэаліі, героі беларускай культуры — кіно, літаратуры, фальклору, — чыё прызначэнне любіць і паважаць сваю зямлю, яе мінулае і сучаснасць, маральныя і духоўныя каштоўнасці? Што мы можам супрацьпаставіць плыні замежных сімвалаў і знакаў, якія нясуць у сваім абліччы сучасныя лялькі? І што мы маем у адказ здаровага і добрага? Мы часта скардзімся на тое, колькі насілля дэманструецца на нашых тэлевізійных каналах. І нібыта не пры чым, у баку, застаюцца зусім іншыя, не менш небяспечныя прыкметы сучаснай цывілізацыі — культ спажывання, сексуалізацыя жаночага цела, ідэалізацыя не сваіх, а заходніх герояў. А калі прыгледзецца, ці не з Барбі пачынаецца псіхічнае насілле над дзяўчынкай, якая, пасталеўшы, заўважае: яе фігура не адпавядае прапорцыям любімай лялькі? І колькі вядома выпадкаў, калі далей пачынаецца тое, што дактары называюць “анарэксія” — хвароба, якая развіваецца ў людзей, і што асабліва страшна — у падлеткаў, якія адмаўляюцца ад прыёму ежы пад уплывам псіхічных расстройстваў? Разважаючы над гэтай, здавалася б, простай тэмай — лялькі, ці не самы час згадаць, што яны якраз і з’яўляюцца адным з механізмаў абароны ад псіхічнага і іншых відаў насілля. Мы жывем у Міжнароднае дзесяцігоддзе культуры міру і ненасілля ў інтарэсах дзяцей планеты, абвешчанае Генеральнай Асамблеяй ААН на перыяд 2001 — 2010 гады. А таму мы мусім улічваць належным чынам важнасць традыцый і культурных каштоўнасцей кожнага народа для абароны і гарманічнага развіцця дзіцяці. І найперш дзіцяці, якога мы хочам выхаваць патрыётам сваёй зямлі. Таму “лялечнае” пытанне, падаецца, набывае зусім іншы, глыбінны змест у нацыянальнай прасторы.

Феномен культуры і дамашні псіхолаг

Жыццё лялькі, як вядома, налічвае не адно стагоддзе. Сведчаннем таму беларуская “батлейка”, японская “кокэсі”... Многія народы надавалі ёй шэраг функцый і сэнсаў, але найперш лялька з’яўлялася “вобразам і падабенствам” чалавека.
У ХVII — XIX стст. вытанчана крохкія прыгажуні з фарфору лічыліся прадметам раскошы, прызначаным для дэманстрацыі апошніх навінак моды, таму нават не кожная сям’я вышэйшага свету магла дазволіць сабе падобную “драбязу”. У той самы час сялянскія дзеці з задавальненнем гулялі з простай лялькай-абярэгам, зробленай са старых матчыных рэчаў, і не шкадавалі пра адсутнасць для сваіх цацак далікатных шаўковых сукенак. У ХХІ стагоддзі адной з самых даступных і папулярных дзіцячых забавак з’яўляецца бландзінка Барбі, лялька, да якой часцяком прыкладаюцца цэлыя калекцыі адзення і аксесуараў. Але, як аказалася, да пэўнага часу дзіця не акцэнтуе на гэтым увагу.
— Ва ўзросце да 4-х гадоў дзіцяці абсалютна не важна, як выглядае лялька, — падкрэслівае педагог-псіхолаг, арт-тэрапеўт Вольга Жыгалка. — У гэты час яна дапамагае зразумець, дзеля чаго існуюць прадметы — стол, крэсла, талерка, кубак, — развіваць маторыку. Але далей дзіця пачынае атаясамліваць сябе з ёй і праз яе ж прапрацоўвае свае стасункі з грамадствам: адсюль і лялька-мама, лялька-дзіця. Часам праз гульню з лялькай, праз размовы з ёй мы можам даведацца аб праблемах у сям’і малечы, аб комплексах і страхах. Таму такая цацка становіцца накшталт дамашняга псіхолага, якому можна выказаць свае перажыванні.
Лялька — наша маўклівае (а апошнім часам — і не толькі) адлюстраванне. Якім жа чынам развіваюцца стасункі дзіцяці і лялькі? І што за знакі найперш “убірае” ў сябе маленькі чалавек, калі “вобраз і падабенства” трапляе яму ў рукі?

Рэйтынг беларусачкі

Мы прызвычаіліся, што ў дзіцячых садках выхаванцы вучацца кантактаваць і наладжваць адносіны паміж сабой. Але і ў гэтым першым грамадскім інстытуце лялька выконвае не апошнюю ролю: з яе дапамогай дзеці пачынаюць фарміраваць уласнае “Я”.
Паводле спецыяльных нарматываў дзіцячыя садкі мусяць мець лялькі розных памераў і канфігурацый.
Вольга Жыгалка кажа, што маленькім больш лёгка апрануць і распрануць вялікую ляльку, чым маленькую. Ды і наогул: кожнаму ўзросту — свае гульні і лялькі. У дзяцей мусіць быць выбар, з чым зручна гуляць. Аднак, падкрэслівае спецыяліст, згодна з тымі ж нарматывамі, у кожным дзіцячым садку мусіць быць “лялька-беларуска”:
— Для дзяцей абавязкова праводзяцца заняткі, на якіх расказваецца пра іх радзіму. У гэтым сэнсе вельмі дапамагаюць лялькі ў беларускіх нацыянальных строях. Такая лялька спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, хоць, натуральна, справа не абмяжоўваецца толькі гэтым прыкладам.
Але… Дзеці, зацікаўлена разглядаючы нацыянальныя строі, усё ж, як прызналася Вольга Жыгалка і як сведчаць практыкі дашкольнага выхавання, аддаюць перавагу ў сваіх гульнях звычайным лялькам. Малодшыя групы — вялікім, а старшыя — “пераходзяць” на Барбі, якіх звычайна прыносяць з дому.
Маленькія лялькі больш зручныя, лёгкія, а таксама іх атачае цэлая індустрыя: дамы, коні, самае разнастайнае адзенне, калекцыю якога заўжды можна набыць у краме. Гэта прываблівае дзяцей: заўжды цікавей гуляць не з адной лялькай, а з цэлым домам.
У дзіцячым садку, згодна з гігіенічнымі правіламі, дзецям не дазваляецца прыносіць з дому больш за адну цацку. І ў такіх умовах дзіця вымушана следаваць прыкладам, якія прапаноўваюцца педагогам і іншымі выхаванцамі.
— Але галоўнае заўжды адбываецца дома, — падкрэслівае арт-тэрапеўт.

Дзіяна.by ці “кітайскі арыгінал”?

Папракаць бацькоў, што купляюць сваёй дачцы чарговую гламурную прыгажуню з сусветна вядомым імем Барбі, — справа больш чым няўдзячная. Тысячы старонак у газетах і часопісах былі прысвечаны гэтай ляльцы, яе вартасцям і недахопам, таму паўтараць іх — зусім не было ў задачах гэтага артыкула. Але ацаніць прапанову ў аддзелах цацак галоўных крам сталіцы карэспандэнт “К” паспрабаваў.
Як наша газета пісала ўжо, уздымаючы праблему стварэння нацыянальнай цацкі, больш за 80% адпаведнага рынку Беларусі складае прадукцыя замежных вытворцаў. Не памылімся, калі скажам, што больш паловы ад гэтага сегменту — “зробленае ў Кітаі”. Шырокі выбар разнастайных гульняў, канструктараў, “зброі”, мяккіх цацак, лялек — там, а на долю беларускіх вытворцаў застаецца зусім невялічкая ніша — пластмасавыя машынкі, драўляныя цацкі, лялькі-“мацакі”. Прыемна ўражвае таксама і айчынная мяккая цацка — яе якасць і асартымент значна палепшыліся за апошнія гады.
Але вернемся да лялек. Галоўнае месца на прылаўках крамаў займаюць амерыканскага тыпу прыгажуні, па іроніі лёсу зноў жа — “made in Chinа”. Быццам у імправізаваным дэфіле спрачаюцца яны за тытул найчароўнейшай і найпрыгажэйшай: “Барбі ў суперпрыгожым”, “Модніца з аксесуарамі”, “Пляжны гламур”, “Снежны шык”, “Бліскучая модніца”, “У буціку”, “Залатое ззянне”, “Энергія моды”, “Стыльная прычоска”, “Фіялетавая фея”… Толькі пералік назваў ужо захоплівае дух нават у дарослага, а што казаць пра дзіця. Карэспандэнту “К” усё ж удалося адшукаць сярод каралеўства модных і прасунутых прынцэс у прывабных празрыстых упакоўках Барбі больш простага “паходжання” і роду заняткаў — настаўніцу і, што асабліва цікава, — футбалістку.
— Яна прасіла набыць ёй нейкую жоўтую Русалачку, — перагаворваліся паміж сабой дзядуля і бабуля ў аддзеле цацак, — але як яна выглядае?
Абліччы дыснееўскіх герояў, прыгажуні-бландзінкі і іх шматлікія аксесуары сапраўды здольны выклікаць разгубленасць. Але што стаіць за абліччам гэтых тоненькіх бялявых дзяўчатак, дасведчаных у модным пытанні?
Сучасныя грамадазнаўцы сцвярджаюць: у савецкія часы лялька атаясамлівала сабой аб’ект клопату для дзіцяці, скіраванага на тое, каб выхаваць будучую маці: сапраўды, дастаткова згадаць тых самых пупсаў.
А каго ж выхоўвае сучасная лялька?
Мусіць, маладога “канс’юмерыста” — спажыўца. Яна паказвае ідэальнае цела, ідэальнае адзенне, ідэальную дзяўчынку ў будучым. Вядома, што з такім поглядам на рэчы, закладзеным у маленстве, казаць пра выхаванне матчынага клопату папросту не выпадае. Затое знойдзецца месца для незвычайнага макіяжу, новай вопраткі.
Тым не менш у сучасным грамадстве застаецца актуальным і пакуль нявырашаным пытанне: якую ж гераіню — з улікам нацыянальных, ментальных рыс характару, аблічча — могуць прапанаваць дзецям беларускія прадпрыемствы?
У аддзелах цацак карэспандэнту “К” удалося адшукаць лялькі беларускай вытворчасці ў асобным куце.
Вялікія “мацакі”, пупсы чамусьці ляжалі ў асобнай шафе, а не стаялі на прылаўках. Ды ўсё ж пэўным лялькам-беларусам удалося “выбіцца ў людзі”: мадэлі “Паўлінка” — дзяўчынцы ў нацыянальных строях — і камплекту “Янка і Ганка” — хлопчыку і дзяўчынцы ў нацыянальным адзенні. Яны годна выглядалі ў прыгожых каробках сярод замежных прадуктаў.
— Іх ахвотна бяруць, — пракаменціравалі прадаўцы і прадэманстравалі яшчэ адну папулярную ляльку беларускай вытворчасці. “Наш адказ” Барбі — “Дзіяна”. Ёй падыходзяць усё апраткі Барбі, а кошт — 12 тысяч рублёў — значна танней за “кітайскі арыгінал”.
Бялявая, з зялёнымі вачыма, ружовымі вуснамі, у блакітнай бальнай сукенцы, Дзіяна саступае Барбі ў адсутнасці шматлікіх аксесуараў і строяў ды ўласна якасцю мадэлі: ножкі і ручкі ў яе не гнуцца (але будзем шчырымі: падобныя мадэлі замежнай вытворчасці ўсё адно каштуюць значна больш за 12 тысяч). Саступала лялька, трэба адзначыць, і яшчэ адным — адсутнасцю піар-кампаніі і сваёй міфалогіі.

Следам за…?

Магілёўскае прадпрыемства “Світанак” ААТ “Актамір” займаецца вытворчасцю лялек больш за сорак гадоў. Менавіта яно вырабляе лялек вялікага і сярэдняга памеру, сучасныя барбіпадобныя мадэлі і “лялек-беларусаў”, якія можна знайсці ў крамах.
— Каму належыць ідэя выпуску нацыянальнай лялькі — ужо і згадаць цяжка, — кажа намеснік дырэктара прадпрыемства па эканамічных і камерцыйных пытаннях Валянціна Тухто, — але мы не адыходзілі ад гэтай думкі ніколі: нацыянальная лялька павінна быць.
— Мне прыйшлося перагледзець не адну энцыклапедыю, перш чым я распрацавала нацыянальны касцюм для лялечак, — распавяла мастак прадпрыемства Іна Кавалёва. — Гэта была сур’ёзная праца. І, натуральна, адзенне неабходна было зрабіць з улікам спецыфікі — усё ж такі гэта не статычны ўзор нацыянальных строяў, а лялька, з якой гуляюць дзеці.
Мастак-дызайнер распавяла, якім чынам адбываецца праца над вобразам лялькі. Іна падкрэсліла, што не абмежавана ў сваёй творчасці, адно толькі не можа змяніць форму лялькі — сам манекен.
Атрымліваючы заданне, дызайнер распрацоўвае аблічча, вобраз лялькі, які зацвярджаецца на мастацкім савеце. Далей усё адбываецца па плане. Аднак пэўныя мадэлі размалёўваюцца ўручную, і тут мастак можа “пакрэатывіць”.
“Лялькі-беларусы”, падкрэслілі на прадпрыемстве, выпускаюцца “Світанкам” больш за 30 гадоў, але ў апошні час мадэль была дапрацавана. У Гомелі сталі заказваць і спецыяльную ўпакоўку, аздобленую арнаментам. Сёння “Паўлінка”, “Янка і Ганка” карыстаюцца невялікім, але трывалым попытам, аднак быў у гісторыі прадпрыемства перыяд, калі вытворчасць не толькі “лялек-беларусаў” знаходзілася пад

 /i/content/pi/cult/195/2177/Kukla.jpg

пагрозай.
— Мы ўвогуле амаль спынілі працу, — прызнаецца Валянціна Тухто, — не карысталася попытам наша прадукцыя. Але апошнім часам павялічваем аб’ёмы і сёння скіраваны на сур’ёзныя змены ў распрацоўцы новых сучасных мадэлей, здольных паспаборнічаць з кітайскімі і еўрапейскімі аналагамі. Адыдзем ад выпуску вялікіх лялек, пяройдзем да сярэдніх. Іначай — безнадзейна адстанем.
Высветлілася, што прапанаваная ў краме карэспандэнту “К” сучасная мадэль “Дзіяна” выпускаецца прадпрыемствам ужо некалькі гадоў. Але, на думку спецыялістаў, з-за пэўных відавочных недахопаў — без абутку, прывабнай упакоўкі, яна саступае “сяброўкам”-канкурэнткам. Таму і аб’ёмы яе выпуску зусім невялікія. Тым не менш, сёння шмат новых мадэлей знаходзяцца на стадыі ўкаранення, падкрэсліваюць на “Світанку”.
Ды зноў жа памкненні вытворцаў сутыкаюцца са шматлікімі пытаннямі, пачынаючы ад якасці лялькі, яе адзення і заканчваючы тым, як гатовы прадукт будзе прадавацца — у якой упакоўцы. Напрамкі вытворчасці беларускіх лялек наўпрост звязаны і са станам галіны лёгкай прамысловасці.
— У нас ніколі не існавала індустрыі лялькі, — канстатуе намеснік дырэктара прадпрыемства. — Амаль усе матэрыялы даводзіцца завозіць з-за мяжы — у выніку становіцца высокім сабекошт, часам цэны нават большыя, чым на кітайскія аналагі. І праз гэта — саступаем пазіцыі.
Аднак беларускія майстры-лялечнікі спадзяюцца на развіццё і распрацоўваюць новыя мадэлі з улікам сучасных тэндэнцый: спецыяльна ўзялі ў штат маладых дызайнераў, каб праца праходзіла больш прадуктыўна. Сёння ўжо вырабляюцца “лялька-кітаянка”, “лялька-мулатка”…
Але ўсё ж асноўны аб’ект увагі майстроў — гэта сучасныя лялькі-беларусы. Па словах Валянціны Тухто, пры распрацоўцы новых мадэлей будуць улічвацца псіхафізічны тып нашых суайчыннікаў, іх густы. Але, у першую чаргу, гэта будзе сучасная лялька. Спецыяліст выказала надзею, што попыт на лялькі ў нацыянальных строях дапаможа распрацоўцы яшчэ адной мадэлі.
Скіраванасць магілёўскага прадпрыемства на далейшае ўдасканаленне ўласнай прадукцыі можна толькі ўхваліць і падтрымаць, аднак агучаныя пазіцыі і ўстаноўкі падкрэсліваюць адзін істотны недахоп, які мае беларуская тыражная лялька: яна крочыць услед тэндэнцыям, а не стварае свае.

Патрэбна не проста лялька, а...

Лялькі мастачкі Ганны Балаш знаходзяцца не толькі ў прыватных калекцыях Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, але і ў прэстыжных галерэях ды музеях свету. Але гэта, лічыць мастачка, не галоўнае. Існуе неверагодная, а між тым праўдзівая гісторыя пра ляльку Ганны Балаш: дзякуючы стасункам з цацкай хворы на аўтызм хлопчык пачаў гаварыць.
— Спачатку з лялькай, а потым з бацькамі, — пацвярджае Ганна і дадае, што тут яна сабе ставіць “плюс”.
Яе лялькі нагадваюць герояў Сярэднявечча. Шчырых, высакародных, мужных, мудрых, неверагодна пяшчотных і добрых. Ганна зусім не атаясамлівае іх з сабой:
— Гэта — ролі, — кажа яна. — Першая, другая, дзесятая... Я больш гляджу на іх як на жывапісныя творы.
— Ці ўзялася б я за распрацоўку беларускай Барбі? Тут справа нават не ў тым, каб стварыць падобную ляльку і запусціць яе у вытворчасць, — кажа мастак, — гэта мусіць быць герой, якому паверылі ўсе. Як гэта цудоўна спрацоўвае і ў сённяшні час з Чабурашкам. Герой мультфільма, якога любяць і ведаюць усе дзеці. Якога можна ўбачыць ў падручніках, на сшытках. Гэта павінна быць ідэя, якая б захапіла ўсіх. Гаворка тут ідзе пра суцэльную праграму, адным са значных складнікаў якой стала бы беларуская лялька. На высокім мастацкім узроўні, з вялікім бюджэтам — толькі пры такім падыходзе магчыма стварыць сапраўды высакаякасны прадукт.
На думку выкладчыка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кандыдата культуралогіі, аўтара кнігі “Беларусы: штрыхі да самапартрэту” Юліі Чарняўскай, героя для нацыянальнай лялькі варта пашукаць у часах Вялікага Княства Літоўскага.
“Лялька-рыцар, ліцвінка-прыгажуня ў цудоўных адзеннях — яны, на маю думку, карысталіся б попытам. Можна працягнуць далей і зрабіць «гарадскую ляльку» ХІХ стагоддзя — мяшчанку і мешчаніна ў адпаведных строях. Гэта магла быць цэлая серыя тыпажоў: гараджанін, сялянін, ліцвін. Гісторыя Беларусі прадстаўляе мноства варыянтаў. Прыкладам, можна было б падкрэсліць і поліэтнічнасць нашай зямлі, зрабіўшы “ляльку-татарына”, “ляльку-яўрэя”, “ляльку-цыгана”…
Зрэшты, выбар лялькі і сапраўды адбываецца не толькі ў той момант, калі дзяўчынка прыйшла ў краму. Пэўныя вобразы яна бачыць на тэлебачанні, у рэкламе, кіно, у жыцці. Ці паўстаюць перад намі яскравыя беларускія персанажы ў сучаснай медыя-прасторы — вось тое пытанне, якое аказваецца ў непасрэднай сувязі з праблемай адсутнасці нацыянальнай лялькі. А больш шырока — таго героя, вартага ўвасаблення ў ёй.
Апісваючы абліччы новых лялек, супрацоўнікі “Світанку” карыстаюцца ў асноўным катэгорыямі: светлавалосы, блакітнавокі, з мяккім выразам твару, “так, як выглядаюць нашы дзеці”, і г. д. Беларуская лялька, выконваючы адну са сваіх функцый — адлюстравання, дэманструе нам надзвычай усярэднены, непрыкметны, і, шчыра прызнаемся, пакуль што цьмяны партрэт беларуса. А мо і занадта заснаваны на стэрэатыпах. Зрэшты, ці не мы самі робім сябе такімі? Да прыкладу, ці не нагадваюць нам некаторыя беларускія выканаўцы клонаў расійскай эстрады?

* * *

Сёння нашай новай Паўлінцы ці Алесі патрэбна выканаць задачу значна больш цяжкую і адказную, чым проста з’явіцца на свет, — пасунуць брэнд “Барбі”. Як? Яскрава, трапна і смела! Каб падарыць дзецям магчымасць стварыць сваю новую рэальнасць, заснаваную не толькі на спажывецкіх стасунках, якія круці-не круці спавядае амерыканская прыгажуня.
— Насамрэч, самая лепшая лялька для дзіцяці — гэта тая, якую ён зробіць сам, — кажа псіхолаг Вольга Жыгалка, — а яшчэ лепей — разам з бацькамі. Тады дзіця развівае творчыя здольнасці — і будуе свой характар. А гэта заўжды нашмат лепш, чым гатовыя вобразы.


Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

 

 

Дзе ты, Дзед-Барадзед?

Карэспандэнт «К» правёў апытанне пакупнікоў у адной з цэнтральных крамаў сталіцы наконт аблічча беларускай лялькі. На якога героя беларускай літаратуры, кіно, фальклору яна мусіць быць падобнай, каб вы захацелі купіць яе свайму дзіцяці? — на такое пытанне адказалі пятнаццаць чалавек ва ўзросце ад 17 да 57 гадоў.

Большасць рэспандэнтаў пагадзілася са слушнасцю ідэі зрабіць ляльку на ўзор падобных герояў, аднак паскардзілася на адсутнасць рэкламы і прапаганды падобных персанажаў: «Паглядзець беларускія мультфільмы проста няма дзе. Адкуль жа мы будзем ведаць тых герояў?!»

80% апытаных звярнулася да персанажаў савецкіх мультфільмаў і дзіцячых кінастужак. Першае месца па папулярнасці і вартасці для ўвасаблення ў ляльцы занялі дзейныя асобы кінастужкі «Прыгодаў Бураціна»: Бураціна, Мальвіна, Арлекін, П’еро, Карабас-Барабас. Другую прыступку заняў мультыплікацыйны персанаж Антошка. Трэцяе пачэснае месца заслужылі Чабурашка і кракадзіл Гена. Гэтаксама неаднаразова былі названыя Папялушка, Чырвоны каптурык, Карлсан і — нарэшце! — славуты герой беларускай калыханкі — Дзед-Барадзед.

Ірына МАРЧАНКА, 57 гадоў, педагог:

— На якіх героях будзе выхоўвацца дзіця — моцна залежыць ад бацькоў. Хтосьці будзе чытаць дзецям кніжкі і надаваць увагу, а хтосьці — пакіне іх сам-насам з сабой. Мая ўнучка сёння гуляе са старой лялькай у беларускіх строях, якую я дастала з шафы, — і ёй цікава, падабаецца, а Барбі стаіць убаку. Калі весці гаворку пра беларускую ляльку, лічу, што гэта мусіць быць штосьці зусім пяшчотнае і паветранае. У яе мусіць быць добры, пяшчотны, сімпатычны твар. Вы паглядзіце, які твар у Барбі і замежных лялек — жорсткі. Такога не павінна быць у нашай лялечкі.

Наталля БРУСОЧКІНА, 25 гадоў, сацыяльны педагог:

— Мне падаецца, што беларуская лялька мусіць быць проста чалавечага выгляду. Братз і Барбі — гэта цацкі, якія сапсуюць дзіця. Звычайна яны не затрымліваюцца доўга: дзеці пагуляюць дзень, два — і выкідваюць. Лялька мусіць развіваць уяўленне, а не даваць дакладныя адказы, як павінна выглядаць дзяўчынка. Таму ў першую чаргу я за мяккія рысы беларускай лялькі. Але мы павінны разумець: тыя героі, якімі мы захапляліся ў дзяцінстве, могуць быць зусім незнаёмыя новаму пакаленню.

Юрый АЛІЗАРЭВІЧ, 40 гадоў, эканаміст па бізнес-планаванні:

— Ведаеце, сярод лялек у нас назіраюцца дзве крайнасці: або пупсы, або — амаль нявесты. А вось такой дзяўчынкі 10-12 гадоў — няма. Тут я магу ўзгадаць мультфільм “Шчаўкунок”. Памятаеце гэту гераіню? Вось такая мусіць быць дзяўчынка. Ці, напрыклад, яшчэ ёсць такі цудоўны герой мультфільма — хлопчык Пеця, які цікавіўся фізікай і прылятаў у госці да Бабы-Ягі. На яго ж без сімпатыі глядзець немагчыма!

Д.А.