Cпрадвечнае каханне Гродзеншчыны

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Галіна культуры Гродзеншчыны рыхтуецца да канцэрта-творчай справаздачы, якая пройдзе ў Мінску напрыканцы лютага. Як паведаміў “К” намеснік начальніка Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч (які, дарэчы, з’яўляецца дырэктарам справаздачнага канцэрта), сцэнарый мерапрыемства даўно гатовы, сцэнічныя касцюмы шыюцца, цяпер ідуць рэпетыцыі, у якіх заняты лепшыя культурна-мастацкія сілы вобласці.

 /i/content/pi/cult/195/2176/Grodno.jpg
Аўтар сцэнарыя — Зінаіда Арцюховіч, якая ўсё жыццё прысвяціла культуры Гродзеншчыны. Галоўны рэжысёр мерапрыемства — Уладзімір Сяргейчык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара Гродзенскага каледжа мастацтваў. Усіх сакрэтаў будучай творчай справаздачы ніхто з іх, натуральна, не раскрывае. Маўляў, канцэрт на папярэднія падобны не будзе, чакаюцца сюрпрызы…

Тайна тайнай, але пра канцэпцыю будучага мерапрыемства ягоны галоўны рэжысёр распавёў досыць падрабязна. Агульная назва — “Мой край Прынёманскі — маё спрадвечнае каханне”. Канцэрт мае чатыры ўзаемазвязаныя раздзелы. Першы — “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” — прысвечаны мясцоваму фальклору. Тут бяруць удзел 11 самадзейных калектываў з раёнаў вобласці. Выконваюцца народныя песні і танцы.

Другі раздзел называецца “З гісторыі маёй старонкі”. Ён распавядае пра зараджэнне культуры і мастацтва на Гродзеншчыне. У класічны блок уключаны кампазіцыі Голанда і Агінскага, якія ў свой час жылі і тварылі на гэтай зямлі. Мовай музыкі і танца распавядаецца ў раздзеле і пра Вялікую Айчынную вайну. Трэці раздзел канцэрта — “Дзяцінства роднага крыніцы” — агучваюць дзіцячыя калектывы вобласці. Чацвёрты, пад назвай “Квітней, Прынёманскі мой край, — часціна роднай Беларусі”, прысвечаны сучаснай музычнай культуры — і прафесійнай, і самадзейнай. Гледачоў чакаюць выступленні лепшых ансамбляў і салістаў Гродзеншчыны…

У час канцэрта будзе згадана і пра тое, што Гродна з’яўляецца нязменнай сталіцай Фестывалю нацыянальных культур. Прагучыць, напрыклад, сюіта “Дружба народаў”.


Андрэй СТАРЖЫНСКІ