3D-ліпень ужо ўзімку?

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

“Фантазіі важнейшыя за веды” — гэты афарызм Альберта Эйнштэйна стаў для творчай каманды фільма “Навагоднія прыгоды ў ліпені” свайго роду дэвізам, які падмацоўваў яе на працягу ўсіх трох гадоў здымак. Сапраўды, першая за доўгі час стужка для дзяцей Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” у многіх адносінах — эксперыментальная. І, мусіць, якраз гэта вымагала ад рэжысёраў-пастаноўшчыкаў Алены Туравай і Івана Паўлава неймаверных высілкаў і выдумкі, каб здзейсніць тэхналагічныя працэсы, некаторыя з якіх на Беларусі яшчэ недастаткова шырока выкарыстоўваюцца. Нарэшце, карціна выйшла на фінішную прамую: хутка ў сталіцы адбудзецца яе прэм’ера. Пра творчыя і тэхналагічныя нечаканасці, якія папярэднічалі прэм’еры, карэспандэнту “К” распавяла аўтар праекта Алена ТУРАВА.

 /i/content/pi/cult/195/2175/Kino1.jpg

Гала-Вірус у фільме ўвасобіў
Сяргей Журавель.

— “Навагоднія прыгоды...” сталі практычна для ўсяго калектыву вучэбным фільмам: для мяне гэтая карціна — дэбют у мастацкім кіно, гукарэжысёр прыйшоў у павільён са студэнцкай лавы, ды і аператары, аніматары, графікі вывучалі новыя накірункі ў вытворчасці кіно на практыцы. На пачатку меркавалася, што дойдзем да прэм’еры за два гады, але мы не ўлічылі, што на “Беларусьфільме” ніхто да нас аналагічнага праекта не рабіў. Таму шмат часу трацілася на рэчы, аб якіх да гэтага не задумваліся. Прыкладам, ведалі, што для здымак у віртуальных пейзажах неабходна спецыяльная тканіна сіняга ці зялёнага колеру, аднак не ўяўлялі, як яна дакладна называецца і дзе яе можна ўзяць. У выніку звесткі пра патрэбны хромакей збіралі ў маскоўскіх калег, а заказвалі яго ажно на Тайвані.
— На карціне ўдалося сабраць унікальных спецыялістаў па графічным дызайне.

— Калі мы браліся за фільм, многія скептычна ставіліся да нашай ідэі напоўніць стужку камп’ютэрнай графікай: маўляў, на Беларусі не існуе спецыялістаў адпаведнай кваліфікацыі. Але, шчыра кажучы, наўрад ці вы знойдзеце такую каманду яшчэ дзе-небудзь у свеце. На маштабных праектах накшталт “Гары Потэра” даўно практыкуецца дзяліць работу на часткі паміж мноствам фірм і арганізацый, якія спецыялізуюцца на стварэнні камп’ютэрнай графікі і 3D-анімацыі. Да нашай здымачнай групы хутка далучыліся таленавітыя мінскія праграмісты, аніматары, мастакі. Яны і стварылі віртуальныя сусветы, куды па сюжэце трапляюць галоўныя героі Саша і Даша-катастрофа. Праўда, тут былі і пытанні: ніхто не ведаў, як заключыць дагавор на працу з выканаўцамі графічных работ, у якіх адзінках вымяраць выкананую работу.

Лічу, што набіўшы “гузакі”, мы праклалі дарогу для вытворчасці праектаў такога тыпу. Зараз усім зразумела, што камп’ютэрная графіка дапамагае эканоміць грошы на дарагіх дэкарацыях, масавых сцэнах. Для апошніх раней набіралі некалькі сотняў статыстаў (якіх дастаткова цяжка навучыць рухацца зладжана і ў пэўным напрамку), а зараз удзельнікаў батальных сцэн “кланіруюць” з дапамогай камп’ютэра. 3D-тэхналогіі незаменныя і пры складаных трукавых эфектах. Вось у нас па сцэнарыі дзеці ратуюцца з вежы, якая палае: такі небяспечны трук не кожны каскадзёр выканаць мог бы, а сучасныя тэхналогіі выручылі.

Дарэчы, спецэфекты пачалі выкарыстоўваць і ў многіх карцінах кінастудыі. Часам глядач і не заўважае ў іх спецэфекты, бо камп’ютэрную графіку выкарыстоўваюць для аднаўлення рэальнасці. Упэўнена, у гэтым — сучасны дзень кіно. І надзвычай рада, што наш фільм паслужыў падставай для стварэння цэха тэлекіно на “Беларусьфільме”, які зараз абсталёўваюць апаратурай для ўсіх этапаў стварэння фільма, у тым ліку і 3D-анімацыі.

Але хачу падкрэсліць: мы не рабілі ўхілу ў бок таго, каб уразіць усіх сваімі спецэфектамі і такім чынам “закідаць шапкамі” Галівуд. Ды гэта было б, напэўна, смешна, бо ў нас, па меншай меры, не хапае таго ж вопыту. На маю думку, камп’ютэрныя эфекты павінны толькі дапамагаць расказваць гісторыю.

— Чым жа тады павінен запомніцца маленькім гледачам ваш фільм?
— Разумееце, “Навагоднія прыгоды...” — спроба адрадзіць на “Беларусьфільме” традыцыі кінаказкі, якія былі закладзены Леанідам Нячаевым. Хочацца аднавіць тое добрае, мудрае, прыгожае, што ў свой час было прадстаўлена такімі кінааповесцямі, як “Пра Чырвоны Каптурык”, “Пітэр Пэн”, “Казка пра Зорнага хлопчыка”, “Рыжы, шчыры, закаханы”. Балазе, арыенцір на Нячаева, які для мяне з’яўляецца знакавай постаццю ў кіно, мы
 /i/content/pi/cult/195/2175/Kino2.jpg

На здымачнай пляцоўцы стужкі 
Данііл Співакоўскі.

трымалі ад пачатку здымак нашага фільма. Я нават на пачатковым этапе кансультавалася ў мэтра: па тэлефоне Леанід Аляксеевіч распавёў пра некаторыя праблемы, з якімі можна сутыкнуцца пад час здымак. Не згубіць пуцяводную зорку нашай маладой камандзе дапамагала і “аксакал” кінасправы Ізольда Кавелашвілі, якая працавала яшчэ ў творчай камандзе “Прыгод Бураціна”.
— Стужка падорыць кінааматарам яшчэ адзін сюрпрыз: вядомыя артысты з’явяцца ў незвычайным амплуа.

— Так. Пасля доўгага кастынгу на ролю Дзеда Мароза быў абраны вельмі арганічны расійскі акцёр Ігар Бочкін. Але на агучванне ён прыехаць не змог, і замест яго ў кадры гаворыць народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, дапоўніўшы цудоўны вобраз калегі непаўторнымі інтанацыямі і новымі фарбамі. Наўрад ці ў абаяльна-негатыўным персанажы Гала-Вірусе гледачы адразу пазнаюць другую расійскую знакамітасць — Данііла Співакоўскага. Між іншым, многія беларускія акцёры, якія спрабаваліся на гэтую ролю, у выніку сталі яго клонамі— увасабленнямі Гала-Віруса на розных віртуальных узроўнях: Сяргей Журавель — старой Рампуцель, Павел Адамчыкаў — Снегавіком, Ігар Сігоў — каварным канферансье, Яўген Нікіцін— гульнёвым аўтаматам “Аднарукі бандыт”.

Ды і галоўныя героі ў нас выдатныя: Сашу сыграў Вася Кубекін, Дашку-катастрофу — Маша Забара. У адрозненне ад “бывалага” Васі, які неаднойчы выходзіў на сцэну ТЮГа, здымаўся ў серыяле “Тры талеры”, Маша дэбютавала на здымачнай пляцоўцы, аднак адразу ўлілася ў працэс. Дзеці арганічна ігралі саміх сябе, пазбегнуўшы, на шчасце, нацягнутасці і няшчырасці вобразаў. Дарэчы, у карціне працягнулася творчая дынастыя Туравых — у ролі Блукаючага агеньчыка выступіла мая дачка Ніка.

— Часта чуваць заўвагі да “Беларусьфільма”, што ён не ўмее прасоўваюць сваю прадукцыю. Які ж лёс чакае “Навагоднія прыгоды...”?

— Заўвага слушная, але гэты працэс ужо не залежыць ад рэжысёра. Калі гаварыць адносна “Навагодніх прыгод”, то ў нас існуе пэўны рэкламны план. Мы зрабілі рэкламны ролік у фармаце DOLBI, працуем над постэрам, хацелі б выпусціць дыск, стварыць лагатып, які можна было б размяшчаць на футболках, ручках, іншай прома-прадукцыі. Дастаткова задум і па прэзентацыйных мерапрыемствах. Але ўсё залежыць ад фінансавай падтрымкі.

Падкрэслю, што вядучыя расійскія тэлеканалы бачылі рабочую версію фільма і выказалі зацікаўленасць у яго закупцы, гаворка ішла нават пра тое, каб набыць правы на яго яшчэ да выхаду на экран. Спадзяюся, камерцыйны лёс фільма таксама стане ўдалым эксперыментам кінастудыі і дапаможа развіццю айчыннай прадукцыі для дзяцей.


Настасся ПАНКРАТАВА
Фота з архіва Алены ТУРАВАЙ