Чым вымяраецца лёгкасць?

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

3 лютага ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка Дзмітрыя Мохава пад назвай “Таямніцы прасторавых структур”. Гэты знаны мастак тэатра і кіно летась адзначыў свой 65-гадовы юбілей. І, як “высветлілася”, хоць майстар прымаў удзел у значнай колькасці выставак у шэрагу еўрапейскіх краін, на Беларусі яго апошняя персанальная выстаўка адбылася гадоў з пятнаццаць таму. Яшчэ і па гэтай прычыне яна выклікала вялікую цікавасць з боку тэатральнай і мастацкай грамадскасці.

 /i/content/pi/cult/195/2170/Tajamnicy.jpg

Макет дэкарацыі да спектакля “Гамлет” У.Шэкспіра Дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, 1997 г.

Так сталася, што на працягу свайго актыўнага творчага жыцця Дзмітрый Максімавіч не абмяжоўваўся адным-адзіным накірункам дзейнасці. Структурнасць творчага мыслення вызначыла першая адукацыя — архітэктурная і, адпаведна, прафесія, якая спадарожнічае яму праз усё жыццё. А досвед тэатральнага мастака, здольнага аднолькава тонка пранікнуць у спецыфіку пастановак тэатра драматычнага і музычнага, спалучаўся і ўзаемадапаўняўся работай у кінематографе на “Беларусьфільме” і “Таджыкфільме”.

Усе гэтыя творчыя аспекты знайшлі сваё адлюстраванне ў “Таямніцах прасторавых структур”. На першым паверсе выставачнай залы “гаспадарыла” тэатральнае мастацтва ў выглядзе макетаў, эскізаў дэкарацый і касцюмаў да спектакляў, створаных Дзмітрыем Мохавым у розныя гады, прычым не толькі ў беларускіх тэатрах. А вось галерэя другога паверха аказалася даволі нечаканай і ў пэўнай ступені нават правакацыйнай: дакладна вывераны праект рэканструкцыі віцебскай Ратушы смела суседнічаў з “рэканструкцыямі”-эскізамі да фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. І далей — “мастацкая апрацоўка” самой прыроды, калі палатном для стварэння “прасторавых структур” робяцца не проста чыстыя аркушы паперы, а пейзажныя фотаздымкі.

Да таго ж мастак не абмяжоўваецца адно толькі ўласнай творчасцю: Мохаў рыхтуе маладых сцэнографаў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, перадаючы ім сакрэты гэтай шмат у чым загадкавай прафесіі. І, пагаджаючыся з класікам адносна таго, што немагчыма праверыць алгебрай гармонію, хачу ўсё ж дадаць, што не бачыць у гэтай самай гармоніі алгебры ў самым высокім яе разуменні проста немагчыма. Мохаў як найлепш пацвярджае: акрамя творчага натхнення мастак мусіць быць яшчэ і спецыялістам, які дакладна ведае сам і здольны патлумачыць іншым, як і з чаго ўзнікае цуд тэатра, кіно, якімі сродкамі можна дасягнуць найлепшага эфекту, колькі кілаграмаў драўніны і метраў тканіны для гэтага спатрэбіцца і якім чынам усё гэта стане зручным для акцёраў — выканаўцаў роляў. І гэткі творчы прагматызм выклікае надзвычайнае адчуванне, з аднаго боку, грунтоўнасці ўсёй работы мастака, але з іншага —цэласнай лёгкасці і нават своеасаблівай тэатральна-бязважкай эфемернасці, што асабліва заўважна ў яго эскізах да музычных спектакляў.

Сам Дзмітрый Мохаў падчас адкрыцця выстаўкі прызнаўся, што на першае месца ў калектыўнай мастацкай творчасці ён заўсёды ставіў і цаніў драматургію ва ўсіх яе праявах: у тэатры — п’есу, у кіно — сцэнарый, у архітэктуры — дакладнасць фармуліроўкі праектнага задання. А значыць, задача мастака — падысці да гэтай драматургіі далікатна і паважліва, глыбока ўнікнуць у яе нюансы і стварыць тую самую прастору, якая станецца вобразна-метафарычнай базай для палёту творчай фантазіі рэжысёра і адначасова — максімальна камфортным светам, натуральным для існавання акцёраў і іх вобразаў.

Т.К.