Старадарожскі акцэнт

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Месцам, дзе можна з задавальненнем і карысцю бавіць вольны час усёй сям’ёй, стаў раённы Цэнтр культуры і адпачынку ў Старых Дарогах. Установа заняла летась І месца ў раённым спаборніцтве культустаноў першай групы. Да таго ж, культасветнікі ўзнагароджаны Ганаровай граматай аблвыканкама як пераможцы штогадовага агляду-конкурсу на лепшае інфармацыйна-ідэалагічнае абсталяванне і афармленне аб’ектаў сярод арганізацый культуры ў намінацыі “Лепшы інфармацыйны куток”.

Апошнія два гады дырэктарам РЦКіА з’яўляецца культработнік з 15-гадовым стажам Людміла Кутазава. Пачынала яна дырэктарам Палажэвіцкага сельскага прафсаюзнага клуба. У раённым Доме культуры працавала спецыялістам па рабоце з дзецьмі, загадчыцай метадычнага кабінета, некаторы час — кіраўніком раённага Цэнтра рамёстваў, пазней спецыялістам аддзела культуры райвыканкама.

Людміла Іванаўна можа бясконца расказваць пра сваіх калег — культасветнікаў ад Бога, з якімі любыя творчыя вяршыні лёгка скарыць. Гэта пра кіраўнікоў народнага тэатра Тамару Харкевіч, народнага тэатра народных гульняў “Старадарожская лясёнка” Людмілу Міхалькевіч, народнага ансамбля песні і музыкі “Таліца” Тамару Шэшка, народнага ансамбля народных інструментаў Вячаслава Кісялёва, народнага духавога аркестра Анатоля Мазура. Іх калектывы — нязменныя ўдзельнікі гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, частыя госці на абласных фестывалях. А “Таліца” хутка паедзе знаёміць з новай праграмай жыхароў літоўскай Клайпеды.

Не першы год існуе аматарскае аб’яднанне “Вера” пад кіраўніцтвам Веры Арлоўскай. Тут не толькі выконваюць народныя песні, але аднаўляюць сакрэты старадаўняга вязання, вышыўкі. Нават канцэртныя касцюмы самі для сябе падрыхтавалі. Метадычную дапамогу калектывам, асабліва сельскім, аказвае спецыяліст па фальклоры Любоў Бірук.

Адметна, што аб’яднанне “Вера” наладзіла цесныя сувязі з аналагічнымі калектывамі суседніх гарадоў: “Каму за 50” са Слуцка і з “Вераснем” Салігорскага ГДК. Суседзі двойчы прыязджалі ў Старыя Дарогі для правядзення сумесных канцэртных праграм, зараз плануецца паездка ў адказ у Салігорск.

У вёсках Старадарожчыны ведаюць творчыя калектывы ветэранаў: ансамбль песні “Журавушка” пад кіраўніцтвам Сяргея Знакавана і “Купавушка” на чале з Іванам Жураўскім. Але і дзецям сумаваць няма калі. У РЦКіА для іх ужо 10 гадоў працуе ўзорны ансамбль танца “Расінка” Вольгі Барташэвіч, нядаўна з’явіліся дзявочыя гурткі па візажу і прычосках Таццяны Калала, пад кіраўніцтвам Кацярыны Васільевай створана аматарскае інтэлектуальнае аб’яднанне “Усё аб усім”. Вучні гарадскіх і бліжэйшых сельскіх школ наведваюць эстрадную студыю “Арыён” Сяргея Валенцюкевіча. У клуб выхаднога дня штотыднёва па суботах прыходзяць дзеці з цяжкіх сем’яў. Вялікую дапамогу мясцовым творчым калектывам і культустановам раёна аказвае творчая студыя гуказапісу пад кіраўніцтвам Ігара Завацкага. Сам ён добры саліст.

У дырэктара дзейсная каманда памочнікаў: намеснік дырэктара Святлана Камозіна, мастацкі кіраўнік Наталля Валенцюкевіч, галоўны рэжысёр Наталя Логвінава, загадчык метадкабінета Таццяна Кур’яновіч. Сапраўдныя прафесіяналы, ініцыятыўныя спецыялісты забяспечваюць эфектыўную работу РЦКіА, а таксама ладзяць выязныя канцэрты на прадпрыемствы горада, у сельгаскааператывы і культустановы раёна.

Анатоль БАРЫС