“Прывітанне з... Witebsk!”

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Старонкі маляўнічай гісторыі Віцебска яскрава раскрываюцца праз калекцыю паштовак, якая экспануецца ў мясцовым краязнаўчым музеі і ўключае найбольш рарытэтныя экземпляры канца ХІХ — сярэдзіны ХХ стст.

 /i/content/pi/cult/194/2161/Vicebsk.jpg
Гэтыя па-мастацку аздобленыя маленькія кавалачкі кардону маюць сваю гісторыю, што пачалася ў 1869 годзе з артыкула ў венскай газеце “Neue Freie Presse” прафесара Ваеннай Акадэміі ў Вінер-Нойштадцы Эмануэля Германа, які адзначыў, што большасць паштовых лістоў не ўтрымліваюць ніякіх сакрэтаў, і таму прасцей іх перасылаць адкрыта за мінімальны кошт. Як вынік, у кастрычніку таго ж года ў Аўстра-Венгрыі выйшла першая паштоўка.

Не дзіва, што ў свой час кожны мужчына лічыў справай гонару падараваць даме сэрца вытанчаны сувенір у выглядзе паштоўкі, аформленай птушыным пер’ем, засушанымі кветкамі, пацеркамі ці аксамітам.

Былі на паштоўках і краявіды гарадоў. Напрыклад, у 1896 годзе выдавец Ф. Добры выпусціў першую серыю паштовак з выявамі тагачаснага Віцебска. Пазней горад паўстае на паштоўках, што выдаваліся контрагенцтвам А. Суворына і таварыствам А. Мамантава ў Маскве, выдавецтвам А. Фіялка ў Вільні і Б. Вяржбіцкага ў Варшаве, Гранберга ў Швецыі і Ф. Хіршберга ў Германіі.

Невыпадкова самы вядомы тып мастацкай паштоўкі ХІХ стагоддзя зваўся “Cruss aus …”(“Прывітанне з…”). На нашых землях ён з’явіўся пасля 1890 года. Спачатку паштоўкі ў стылі “Cruss aus …” адрозніваліся шыкоўнай графікай і друкам, пазней вонкавы выгляд значна збяднеў.

Дарэчы, у экспазіцыі прадстаўлены паштоўкі віншавальныя, рэльефныя, мастацкія, чорна-белыя і каляровыя; паштоўкі з рэпрадукцыямі малавядомых мастакоў, фотапаштоўкі. Усе яны яскрава распавядаюць пра далёкі час першых пасланняў “без сакрэту”.


 Іна ЯКУБОВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік
Віцебскага абласнога краязнаўчага музея