“Мару напісаць восень”

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

У Навагрудскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы адбылася выстаўка твораў мастака Яўгена Даўлюда. Яна была прымеркавана да 210-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

 /i/content/pi/cult/194/2159/Maru.jpg
Нарадзіўся Яўген Віктаравіч у Навагрудку, тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча атрымаў прафесію “рэзчык-інкрустатар”. Доўгі час працаваў у Магілёве, потым вырашыў шукаць шчасця на малой радзіме. І вось амаль 10 гадоў ён — мастак-афарміцель у раённай бібліятэцы.

Практычна кожная карціна майстра прысвечана нейкаму адметнаму помніку Навагрудчыны. Гарадскі пейзаж Я.Даўлюд лічыць той залатой сярэдзінай, якую ўдалося спасцігнуць за гады няспыннай працы. Калі мастак бярэцца за новую справу, дык імкнецца адлюстраваць прыроду вобразна і маляўніча, каб гледачу “чутно” было шапаценне лісця, гоман ручаін, паданне снегу, каб ён убачыў усходы і захады сонца, красаванне палёў і лугоў, гоман азёр і лясоў. У свядомасці Яўгена Віктаравіча родны Навагрудак паўстае нібы казачны гарадок. Імкненне адлюстраваць яго ў розныя поры года, паказаць непаўторнасць архітэктурных шэдэўраў яднае мінулае і цяперашняе...

Твор мастацтва, па перакананні творцы, нараджаецца ў выніку пэўных унутраных хваляванняў. Для чалавека яны цяжкія (як у маральным плане, так і ў фізічным), а для карціны плённыя — менавіта так яна становіцца адлюстраваннем унутраных “павеваў”. “Вельмі цікава пісаць, напрыклад, Фарны касцёл, — гаворыць мастак, — і падсвядома ўяўляць, што тут стагоддзі таму бралі шлюб Ягайла і княгіня Соф’я Гальшанская. У гэтых сценах адбылося хрышчэнне Адама Міцкевіча... Судакрананне з даўніной — вось што з’яўляецца грунтам майго творчага існавання”.

— У чым шукаеце натхненне?

— У асабістай няўрымслівасці, эмоцыях... Кожны раз гляджу на адны і тыя ж прадметы па-рознаму. Нават здаецца, што некаторыя з іх аб’ектыўна не існуюць, а “з’яўляюцца”, калі я гляну на іх асаблівым позіркам. Да прыкладу, у мяне ёсць дзве карціны, дзе адлюстраваны рэшткі замка. Некаторыя лічаць, што гэта копіі, аднак не. На адной з работ Замкавая гара паказана, на мой погляд, стомлена, нават варожа, нібы хворая бабуля. На другой — гэта маладая дзяўчына,якая лагодна ўсміхаецца і адорвае сваёй весялосцю, таямнічасцю і адначасова празрыстай адкрытасцю.

— Якая пара года найбольш натхняе?

— Мабыць, восень. Пакуль не паспеў стварыць пейзаж, у якім бы цэнтральнае месца займала гэтая чароўная пара. Праўда, Дом-музей Адама Міцкевіча, Свята-Нікольскі сабор адлюстраваны на агульным восеньскім плане. Мару напісаць пачатак чарадзейнай працы матухны-восені.

***

Адчыняеш дзверы бібліятэкі, і перад вачыма паўстае карціна: лета, над узгорыстымі вуліцамі Навагрудка — шыр бязмежнага неба, якое, здаецца, падпіраюць магутныя вежы. На ўзгорку сядзіць задуменны Адам Міцкевіч. У адной руцэ паэт трымае пяро, а ў другой — скрутак, на якім ужо выведзены радкі: “Маленства край. Ты з намі да сканання. Чысты і святы, як першае каханне...”

Таццяна БІРУК
Навагрудак

На здымку: фрагмент выстаўкі Яўгена Даўлюда.