Зялёны кабінет Радзівіла

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Сёлета працягнуцца работы на такім знакавым аб’екце, як замкавы комплекс “Мір” па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Адной з адметнасцей палацава-паркавага ансамбля ўжо ў найбліжэйшы час поруч з непаўторнай архітэктурай стануць італьянскі і англійскі сады. Канстанцін ПЕТРЫМАН, навуковы супрацоўнік філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Міры, — першы ў Беларусі спецыяліст, які не толькі займаецца даследаваннем гістарычных дакументаў, звязаных з гісторыяй замка і яго садоў, але і выконвае функцыі садоўніка.

Наступнік Жыльбера
Цікава, дзе ж можна атрымаць спецыяльнасць садоўніка, так бы мовіць, з гістарычным ухілам?

Я скончыў у 1992 годзе Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы як біёлаг. Калі вучыўся ў школе, захапіўся нашай гісторыяй, а ў студэнцтвегісторыяй садова-паркавага будаўніцтва ў Беларусі, якая налічвае не адно стагоддзе. Напрыклад, у эпоху Рэнесансу зяўляюцца рэнесансныя сады, затым адбываецца пераход да французскіх, а пасляда класічных англійскіх пейзажных паркаў. Гэты працэс быў абумоўлены развіццём самога паркавага будаўніцтва і пэўнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. У Расійскай імперыі ён распачаўся пасля рэформы 1861 года: не стала хапаць бясплатных працоўных рук для дагляду за рэгулярнай садова-паркавай пабудовай. Таму ў многіх сядзібах пераважалі англійскія ландшафтныя паркі, якія імітавалі кавалак некранутай прыроды, дзе не было строгай разбіўкі і рэгулярнасці. У такіх парках раслінная дамінанта перамяжалася з ценявымі і светлавымі палянамі, лугавымі зараснікамі. Сядзіба мела такі план, што архітэктура з’яўлялася “дадаткам” да расліннасці.

 /i/content/pi/cult/194/2155/Subsustrechy2.jpg
Пра ландшафтныя ці пейзажныя паркі нам вядома даволі шмат. А вось апісанні італьянскіх, рэнесансных садоў захаваліся толькі часткова, таму іх недастаткова для складання рэстаўрацыйных планаў. Праводзіць аналогію з італьянскімі садамі менавіта ў самой Італіі, венецыянскімі садамі эпохі Рэнесансу, таксама вельмі складана. Усё ж там іншыя, чым у Беларусі, клімат, рэльеф, расліны. Італьянскім садам уласціва тэраснасць. Дарэчы, адзін з італьянскіх майстроў, якіх запрашалі нашы магнаты, у прыватнасці, Мікалай Хрыстафор Радзівіл, казаў, што стварыць італьянскі сад на раўніне — гэта гераічны ўчынак.

— Ці сустракаюцца ў старажытных дакументах прозвішчы спецыялістаў, якія працавалі ў Вялікім княстве Літоўскім і стваралі сады?

— Пра Жыльбера, французскага спецыяліста, якога сёння назвалі б ландшафтным дызайнерам, самага першага прафесійнага садавода ў ВКЛ, інфармацыя ў нас ёсць. Жыльбер лічыцца заснавальнікам нашай навуковай батанікі. Ён заклаў парк у Гродне, сабраў багаты гербарый, потым пераехаў у Вільню. А ў Вялікае княства прыехаў ён у 1740 годзе.

Запрашэнне ў баскет

— Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка жыў на пачатку ХVІІ стагоддзя. Разбіўка італьянскіх садоў распачалася ў ягоных сядзібах пасля наведвання князем паўднёвай краіны. Існуе такое меркаванне: стварэнне саду ў Альбе, прадмесці Нясвіжа, і разбіўка італьянскага саду ў Міры маглі адбывацца адначасова, паколькі абедзве тэрыторыі належалі на пачатку ХVІІ стагоддзя якраз гэтаму магнату.

І ў Міры, і ў Нясвіжы працавалі італьянскія майстры. У апошнім адбывалася перабудова драўлянага палаца ў каменны. Такім чынам ён набыў рэнесансныя рысы. А ў Мірскім замку прайшла рэнесансная перабудова палаца. Рэнесансная рытміка аконных, дзвярных парталаў, сіметрыя — усё гэта паўплывала і на разбіўку садоў. Італьянскі сад быў закладзены ў Міры за паўночным валам і ўяўляў з сябе сістэму баскетаў — зялёных кабінетаў, сістэму квадратаў, ніш, павільёнчыкаў, якія адмяжоўваліся адзін ад аднаго алеямі, дарожкамі.

Можна меркаваць, што існавалі ў італьянскім садзе вялікі цэнтральны баскет і шматлікія баскеты, якія адыходзілі яд яго.

З вокнаў замка нельга было бачыць сад: яго засланяла алея таполяў, з бакоў — раслі ліпавыя алеі. Дарэчы, да нашага часу захаваліся фрагменты такога трасіравання — вялікія старыя ліпы, якія ідуць у строгай паслядоўнасці. Сад быў інтэр’ерам, але ўжо больш інтымным, чым пакаёвым: у ім чалавек паядноўваўся з прыродай. Магчыма, там былі фантаны. Адзінае, пра што можна зараз дакладна казаць: у цэнтральным баскеце
 /i/content/pi/cult/194/2155/Subsustrechy1.jpg
размяшчалася аранжарэя, або, як яе называлі ў інвентарах Мірскага замка, фігарня, дзе вырошчваліся фігавыя дрэвы, цытрусавыя. З-за таннасці ў якасці паліва выкарыстоўвалася збольшага дрэва, таму ўтрыманне фігарні не было праблематычным. На некалькі цёплых месяцаў расліны выносіліся на вуліцу і ўпрыгожвалі баскеты.

Парахавы след брата Напалеона
— Ці захаваліся дакументы, старадаўнія планы, якія сведчылі б, як выглядаў італьянскі сад?

— План італьянскага саду ў Міры не захаваўся. У працах навукоўца Калніна, які даследаваў замак, падрабязна гаворыцца аб тым, як мог бы выглядаць замак. Летась у нас пабываў прадстаўнікітальянскай школы паркавага будаўніцтва Паола Пейроне і даў свае парады, заўвагі адносна рэстаўрацыі саду. Ён пагадзіўся з акрэсленым на сёння месцам знаходжання насаджэнняў. Паводле канону, што існаваў у эпоху Рэнесансу, сад разбіваўся з паўночнага боку замка або вілы.

Зрэшты, гэтаму саду пашанцавала не больш, чым замку: у 1655 годзе войскі рускага цара Аляксея Міхайлавіча штурмавалі замак, пажар ахапіў Мір і сад быў знішчаны. Пра гэта ёсць сведчанні ў інвентары 1688 года. Потым ён адрадзіўся, але такога росквіту, як у эпоху Радзівіла Сіроткі, не дасягаў.

У 1812 годзе разбураны сцены Мірскага замка, вядома, пакутуе і сад.

Дарэчы, у замку кватараваў брат Напалеона — Жэром Банапарт, які, адступаючы, даў загад узарваць парахавыя склепы. У выніку ваенных дзеянняў пацярпела ландшафтнае атачэнне замка.

Апошнім уладальнікам замка з прадстаўнікоў славутага магнацкага роду быў Дамінік Радзівіл. Пасля 1813 года Мірскі замак прыходзіць у заняпад. Дачка Дамініка Радзівіла Стэфанія выходзіць замуж за графа Вітгенштэйна. Яны ў Міры не жывуць, землі здаюць у арэнду. І казаць аб клопаце пра італьянскі сад ужо не даводзіцца...

— Як вядома, у ХІХ стагоддзі замак набылі выхадцы з Расіі — князі Святаполк-Мірскія...

— Так, гэта адбылося на пачатку 1891 года. Тады размова не ішла аб адраджэнні італьянскага саду, бо нават прыкладнай структуры яго не існавала. Усё пазарастала кустоўем, баскетная сістэма не захавалася. Сад і замак Святаполк-Мірскія не закраналі. Яны пабудавалі двухпавярховы палац на ўсход ад замка, непадалёк ад фальварка, што быў узведзены напрыканцы ХVІ стагоддзя. Пачалі будаўніцтва вінакурні, якая функцыянуе да гэтай пары.

Была нават спроба распродажу замка на цэглу, але, на шчасце, такога не адбылося. І Святаполк-Мірскія пачынаюць фарміраванне англійскага пейзажнага парку паміж палацам і замкам, які злучаў гэтыя дзве архітэктурныя дамінанты. Напаўразбураны замак з’яўляўся той гістарычнай руінай, якая павінна быць у англійскім ландшафтным парку. Уладальнікі падобных паркаў адмыслова захоўвалі такія абломкі старажытнасці, а калі іх не было — дык будавалі. Гэта быў неад’емны кампанент.

Другім такім кампанентам англійскага парку з’яўляўся вадаём. Замак атачалі некалькі звязаных паміж сабой невялікіх ставоў. Святаполк-Мірскія высеклі фруктовы сад і зрабілі на гэтым месцы вялікае возера. Такім чынам, маршрут шпацыру ішоў з палаца ўздоўж парку, па заходняй дамбе перасякаў возера, далей пралягаў па сасновай алеі і вяртаўся зноў да палаца. Каля палаца гаспадароў сустракалі кругавыя, букетныя пасадкі ліп, рэшткі якіх захаваліся да нашага часу.

Архітэктурнай дамінантай англійскага ландшафтнага парку сталася на пачатку ХХ стагоддзя царква-склеп. Яна таксама пабудавана ў строгай адпаведнасці з паркавай архітэктонікай. Царква не засланялася дрэвамі, добра аглядалася ад палаца і замка. Калі прайсці па паўднёвым беразе возера, дык можна ўбачыць усе тры дамінанты. Пасля будаўніцтва царквы-склепа праводзілася афармленне паляны экзатычнымі хваёвымі раслінамі: да нас дайшлі чорныя сосны, еўрапейская і сібірская лістоўніцы. Сёння праходзіць аднаўленне пасадак: высаджаны карэйская піхта, казацкі ядловец, маладыя чорныя і Веймутавы сосны. Адбываецца рэканструкцыя відавой разнастайнасці.

Гістарызм артэфактаў
— Якія захады робяцца сёння па адраджэнні садоў Мірскага замка?

— Я займаюся пошукам рэальных гістарычных сведчанняў, якія б пацвярджалі тыя ці іншыя моманты фарміравання як англійскага ландшафтнага парку, так і італьянскага саду. Гэта вельмі карпатлівая праца. Ад яе залежыць рэальны гістарызм аб’екта. Пасадкамі займаюцца спецыялісты “Баранавічыспецзялёнбуда”, яны высаджваюць расліны каля царквы-склепа. Мы ж кантралюем іх працу.

 /i/content/pi/cult/194/2155/Subsustrechy3.jpg

Фрагмент генеральнага плана рэканструкцыі Мірскага замка.

Зрэшты, так ці інакш у справе аднаўлення саду і парку задзейнічаны ці не ўсе супрацоўнікі філіяла музея. У перспектыве штат спецыялістаў, якія будуць даглядаць за раслінамі, пашырыцца. Мяркую, што павінен быць склад людзей, якія будуць наперад ведаць тое, што стануць рабіць. Рэстаўраваць парк, а потым шукаць спецыялістаў — будзе няправільна. Важныя таксама, лічу, паездкі ў іншыя краіны для набыцця практычнага вопыту, навыкаў.
— Ці вывучалі вы вопыт пражскіх паркаў, італьянскіх садоў?

— Пакуль там я і мае калегі не былі. У Празе шмат старажытных садоў, на адраджэнне іх былі выдаткаваны вялікія сродкі. Што да нас, навуковых супрацоўнікаў, якія працуюць у Мірскім замку, — мы займаемся цяпер распрацоўкай канцэпцыі гістарычных паркавых артэфактаў. Запланавана паездка ў дом-сядзібу Астанкіна, дзе знаходзяцца ландшафтныя англійскія паркі. Мы ставім за мэту пазнаёміцца з іх структурызацыяй, вопытам іх захавання і развіцця.

— Ці можна сёння казаць пра пэўныя тэрміны, праз якія сад і парк каля Мірскага замка паўстануць ва ўсёй сваёй прыгажосці?

— Усё жыццё трэба працаваць. Мір, замак, паркі — наша гісторыя. Кожнае дрэва — гэта таксама наша гісторыя.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА