Журы з... нотамі

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

У латвійскім Даўгаўпілсе з 9 па 11 студзеня ладзіўся VIII Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Сярэбраныя званы”. Творчая вандроўка на конкурс, які традыцыйна адбываецца ў межах фестывалю, сталася ўдалай для шэрагу беларускіх салістаў і калектываў.

 /i/content/pi/cult/194/2154/Daugavpils1jpg.jpg
Але спачатку крыху больш падрабязна пра сам фестываль. Ён ладзіцца адзін раз на два гады і праходзіць па некалькіх намінацыях: “Хоры” (у тым ліку дзіцячыя, юнацкія, дарослыя, сярод іх могуць быць і прафесійныя, і аматарскія, і царкоўныя), “Вакальныя ансамблі” (у тым ліку дзіцячыя, жаночыя, мужчынскія, змешаныя) і “Эстрадныя салісты”, якія выступаюць у дзвюх катэгорыях (ад 12 да 15 і ад 16 да 21 года).

Сёлета склад удзельнікаў аказаўся моцны — на “Сярэбраныя званы” сабраліся калектывы з 9 краін: з Латвіі і Літвы, дзе традыцыі харавых спеваў заўжды былі надзвычай моцныя, а таксама з Беларусі, Расіі, Італіі, Украіны, Арменіі, Польшчы і нават з далёкай Нігерыі. У ліку ўдзельнікаў — 35 хораў, 22 вакальныя ансамблі і 22 салісты.

Старшынёй журы конкурсу з’яўляўся вядомы музычны дзеяч Латвіі прафесар Яніс Зірніс, а мастацкім кіраўніком фестывалю — Яўген Усцінскаў. Сярод пяці членаў журы апынуўся і прадстаўнік нашай краіны — Віталь Раўза, кіраўнік харавога калектыву з Віцебска. Цікава, што пад час выканання конкурснай праграмы члены журы слухалі калектывы… трымаючы ноты менавіта гэтых сачыненняў у руках.

У даўгаўпілскім конкурсе ўдзельнічалі чатыры калектывы з Беларусі: гэта ўзорны хор “Ветрык” (мастацкі кіраўнік — Вера Дабравольская), хор “Каравела” Палаца дзяцей і моладзі (мастацкі кіраўнік — Анатоль Варлахін), калектыў “Натхненне” (мастацкі кіраўнік — Ларыса Ядлоўская) — усе тры з Мінска, а таксама хор “Журавачка” з Маладзечна, які ўзначальвае Вольга Бялько.

Па ўмовах конкурсу, кожны калектыў ці саліст павінен быў прадставіць тры сачыненні. Прычым два з іх — творы духоўнай музыкі, трэцяе — на выбар. З трох музычных опусаў адзін абавязкова павінен быць акапэльным.

Хор “Ветрык” прадставіў сачыненні беларускіх кампазітараў Людмілы Шлег, Аліны Безенсон, Уладзіміра Сарокіна, хор “Журавачка” — сачыненні Алены Атрашкевіч.
 /i/content/pi/cult/194/2154/Daugavpils2.jpg
Вікторыя Козел, вучаніца СШ № 77 Мінска і ўдзельніца хору “Крынічка”, якім кіруе Наталя Агарава, прадстаўляла песню “Ражджаство” кампазітара Ганны Казловай. Дарэчы, два гады таму, у 2007-м, хор “Крынічка” ўжо выступаў у Даўгаўпілсе і стаў лаўрэатам ІІІ прэміі.

Цікава, што перад аб’яўленнем вынікаў конкурсу адбыўся канцэрт 12 лепшых змешаных хораў, якія прэтэндавалі на Гран-пры. Нашы калектывы ўвайшлі ў лік пераможцаў. Маладзечанская “Журавачка” адзначана дыпломам ІІ, а мінскія “Ветрык” і “Каравела” — дыпломамі ІІІ ступені. Эмілія Наджарава, салістка “Ветрыка”, якая выступала ў намінацыі “Эстрадныя салісты”, адзначана дыпломам ІІІ ступені, таксама, як і Вікторыя Козел.

У вольны ад рэпетыцый і выступленняў час беларускія калектывы адчувалі цёплае і душэўнае стаўленне да сябе з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая імі апекавалася, ладзіла экскурсіі па Даўгаўпілсе.

Кіраўнікі нашых калектываў засведчылі, што ўзровень фестывалю і, адпаведна, конкурсу “Сярэбраныя званы” надзвычай высокі. Калектывы з розных краін паказвалі і нязвыклыя для ўспрымання творы, і нечаканую манеру выканання. У харавых сачыненнях сучасных аўтараў шмат полірытміі, поліладавасці, выкарыстоўваюцца самыя розныя санарыстычныя эфекты — калі выкананне яднае і ўласна спевы, і воклічы, і размову. Прычым зроблена ўсё гэта прафесійна і з густам. Рэпертуар беларускіх харавых калектываў — цікавы, але, магчыма, больш традыцыйны. Таму такі абмен прафесійным вопытам надзвычай каштоўны і карысны для кожнага творчага арганізма, якім з’яўляецца хор або ансамбль выканаўцаў.


Таццяна МУШЫНСКАЯ