Імпрэсія “Явара і каліны”

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Здавалася б, зусім нядаўна фальклорны гурт “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі чараваў на сваім сольніку бліскучай тэатралізаванай дзеяй — менавіта фальклорнай. І ўсяго праз паўтара месяца раптам здзівіў яшчэ адной прэм’ерай — зусім, здавалася б, нечаканай, бо вынес на суд публікі духоўную праграму “Табе пяем…”

 /i/content/pi/cult/194/2153/Kupalinka.jpg
За 43 гады існавання

“Купалінка” не раз здзіўляла сваіх прыхільнікаў усё новымі пераўтварэннямі — і стылёвай палітры, і складу: былы жаночы вакальны квартэт у нетрах знакамітага народнага хору імя Г.Цітовіча стаў самастойным філарманічным калектывам, дзе, акрамя змешанага вакальнага секстэта, ужываюцца музычныя інструменты, аранжыроўкі з выкарыстаннем салаўіных трэляў, пластыка, тэатральныя элементы.

Літаральна з першых дзён ансамбль імкнуўся да аўтэнтычных спеваў. “Купалінка” ўвогуле ніколі не прытрымлівалася наіўна-святочнай эстэтыкі лубка, як гэта ўласціва многім іншым фольк-гуртам. Дый народныя песні, да якіх звяртаўся ансамбль, звычайна кантраставалі ўяўленню пра ледзь не выключна танцавальную прыроду беларускай спеўнасці. Наадварот, “Купалінка” акцэнтавала шматгалоссе (сапраўды, спявалі ў нашых вёсках пераважна жанчыны, ігралі — мужчыны), галасы якога спляталіся, бы кветкі ў купальскіх вяночках: кожная з іх то зліваецца з іншымі, утвараючы агульны “абруч”, то мае сваю асобную лінію, ківаючы галоўкай.

Гэтай аўтэнтычнай манерай калектыў і прывабіў нашых кампазітараў, асабліва ў 1980-я, на грэбені новай фальклорнай хвалі. Дастаткова згадаць хаця б вакальна-сімфанічную паэму “Янка Купала” Віктара Помазава, дзе былі і аўтэнтычныя купальскія спевы якраз у выкананні ансамбля і… арганныя гучанні. Апошнія быццам бы “прадказвалі” як біяграфічныя звесткі пра паэта, які паходзіў з каталіцкай сям’і, так і навуковыя распрацоўкі пра бытаванне на Беларусі арганаў, якія некалькі стагоддзяў былі неад’емнай часткай нацыянальнай культуры.

Мабыць, тая партытура В.Помазава зноў-такі “прадказала” і цяперашні віток развіцця ансамбля? Бо ў першым аддзяленні прасочваліся сувязі беларускага фальклору з праваслаўнымі песняспевамі, у другім — з уніяцкіміі каталіцкімі традыцыямі. Адпаведна, у пачатку вечарыны ансамбль гучаў без інструментальнага акампанементу, набліжаючыся то да ўласна царкоўных спеваў, то да канцэртна харавых (пры гэтым камертон, паводле фальклорных законаў, замяняла скрыпка). А пасля антракту спевы (у тым ліку кантаў ды псалмоў) гучалі ў суправаджэнні дудкі, скрыпкі і… басэтлі, а то і аргана: у іх ролі выступала бас-гітара, яшчэ больш “арганным” яе гучанне станавілася ў дуэце з гармонікам. Дый на дудцы многія заканчэнні фраз суправаджаліся ціхім “уздыхам” — натуральным інтанацыйным “спаўзаннем”, уласцівым народнаму музіцыраванню.

Дзякуючы апрацоўкам народныя і аўтарскія песні (а сярод апошніх былі такія хіты, як “Явар і каліна” Юрыя Семянякі на верш Янкі Купалы, “Зорка Венера” Сымона Рака-Міхайлоўскага на верш Максіма Багдановіча) набылі дзівосныя імпрэсіянісцкія адценні. Гэта быў той тонкі гукапіс, што нараджаецца з галасоў прыроды: шапацення лісця, струменьчыка крынічкі, подыху ветру. А ў “Зорцы Венеры” нібы на нашых вачах следам за мелодыяй-зоркай нараджалася поліфанічнае суквецце.

Літаральна адным-двума штрыхамі выкананне многіх нумароў ператваралася ў сцэнкі. Вершы і духоўныя цытаты (часам — на фоне інструментальных апрацовак з “Полацкага сшытка”) злучылі асобныя творы ў цэласную музычна-літаратурную кампазіцыю. Усё гучала папраўдзе ідэальна, з добрай фразіроўкай і дыкцыяй, у высокай акадэмічнай, нават інтэлігентна шляхецкай манеры.

— Мы рыхтавалі гэтую праграму, — расказала музычны кіраўнік “Купалінкі”, заслужаная артыстка Беларусі Алена Цялькова, — на працягу двух гадоў, паралельна займаючыся іншымі творамі, праграмамі, выступленнямі. Рэпертуар у нас увогуле бязмежны! А духоўныя каштоўнасці — гэта, найперш, новае ўспрыняцце свету, уменне радавацца ўсяму добраму, што ёсць вакол нас. Аснову духоўнасці складаюць евангельскія запаветы, але не трэба забывацца, што галоўны храм — гэта наша душа.

І сваёй праграмай мы хацелі не толькі ўзрадаваць, але і ўсхваляваць нашых слухачоў, закрануць струны іх душы.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Аляксандра ЛАБАДЫ