Недзіцячы драйв!

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна падрыхтаваў нямала зорных, нягледзячы на іх дзіцячы ўзрост, выканаўцаў. За адзін толькі мінулы год можна налічыць ледзь не з дзесятак перамог на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Сярод уладальнікаў першых прэмій — Андрэй Кунец (“Арфей у Венецыі”, V Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў-удзельніц СНД у Мінску), Аліна Молаш (“Славянскі базар у Віцебску”), Карына Жуковіч (“Залатая пчолка” ў Клімавічах), Даша Надзіна (“Новая музыка” ў Балгарыі). А ёсць жа яшчэ і другія прэміі, і шостае месца дзявочага трыо на дзіцячым “Еўрабачанні”, што пасля двух ранейшых Гран-пры Ксеніі Сітнік і Аляксея Жыгалковіча трэба таксама лічыць за значны поспех.

 /i/content/pi/cult/194/2152/VIP.jpg
— Я дзяўчынкам так і сказала, — распавядае мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Святлана СТАЦЭНКА, — што яны — самыя лепшыя. Ужо хаця б таму, што з еўрапейскай сцэны яны спявалі пра сваю краіну, пра тое, як яны (а разам з імі — усе мы) ёй ганарымся. І гэта не “дзяжурнае ўхваленне”. Трапіць у дзесятку мацнейшых у Еўропе — сапраўды дарагога каштуе. Тым больш, што змянілася сістэма галасавання на дзіцячым “Еўрабачанні”. Калі б галасавалі, як і раней, адно тэлегледачы, мы, пэўна, падняліся б куды вышэй, бо песня спадабалася. А ў членаў журы спрацоўвае “дарослая” логіка: маўляў, няўжо зноў Беларусь?

Але ж нашы выхаванцы — папраўдзе адзін за аднаго лепей. І доказам таму — хаця б навагодняе прадстаўленне ў Палацы Рэспублікі. Ксюша Сітнік удзельнічала ў ім у ролі Чырвонага Каптурыка, Андрэй Кунец — у вобразе Бураціна. І калі Ксенія нечакана трапіла ў шпіталь, яе замяніла “новае імя” — Юля Пінчук. Андрэя гэтак жа падстрахаваў Дзіма Рыжыкаў. Юныя артысты былі ў адпаведным грыме, і гледачы нават не зразумелі, што адбылася замена! А між тым, такая ўзаемазамяняльнасць — паказальнік прафесіяналізму. Гэтак жа прафесійна “замянялі” нашы выхаванцы вядомых зорак у навагоднюю ноч на СТБ: Андрэй быў Валерыем Лявонцьевым, Ксюша — Алай Пугачовай, а Карына Жуковіч “увасобіла” Сафію Ратару.

Увогуле, разнастайных выступленняў у нас — не пералічыць. Літаральна днямі ездзілі ў Мазыр віншаваць вядомы харэаграфічны ансамбль “Алексіс” з 10-годдзем. У чэрвені, як заўсёды, рушым на гастролі ў Германію, намечаны і іншыя праекты. Шмат займаемся дабрачыннасцю, адгукаемся літаральна на кожны такі праект, намагаемся дапамагчы, чым можам. Тыдзень таму выступалі ў Маладзечне: там ішоў збор сродкаў на аперацыю хворай дзяўчынцы. Давалі дабрачынныя канцэрты для дзяцей-сірот, выступалі ў Мінскім дзіцячым доме № 3. Зусім нядаўна Ксенія Сітнік праводзіла фотасесію “Дзеці сонца” — з хворымі дзецьмі.

— Дарэчы, Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец, наколькі я ведаю, маюць асобныя творчыя праекты, у тым ліку на тэлебачанні.

— У Ксюшы хутка з’явіцца новы кліп і ўжо другі кампакт-дыск, Андрэю Кунцу рыхтуем першы. Індывідуальна ж працуемз кожным! 7-гадовая Маша Новік, якая летась заняла 2-е месца на І Міжнародным конкурсе ў Італіі “Арфей у Венецыі”, у лютым паедзе на конкурс у Санкт-Пецярбург. Да лета ў нас яшчэ будзе 6 — 7 такіх спаборніцтваў. Я лічу, праз конкурс павінен прайсці кожны з юных салістаў: важна атрымаць добрую практыку, набрацца вопыту, навучыцца спраўляцца са сваім хваляваннем, ведаючы, што цябе ацэньваюць. Што ж да тэлепраграмы “Наша пяцёрачка”, якую вядуць Ксюша і Андрэй, дык гэта не толькі не перашкаджае спевам, а, наадварот, дапамагае. Ксенія вядзе гэтую праграму ўжо другі год і неяк падзялілася са мной, што ёй цікава займацца… псіхалогіяй. Думаю, тут прамое ўздзеянне тэлебачання, бо калі яна гутарыць у кадры з гасцямі студыі, дык міжволі звяртае ўвагу на іх унутраны стан, дэталі паводзін. Так выпрацоўваецца ўменне разбірацца ў людзях — і гэта важна ў жыцці! Ну, а вакал дапамагае ёй з дыкцыяй і жэстамі. Канешне, хацелася б, каб дзіцячых музычных праграм было больш. “Наша пяцёрачка” ўтрымлівае ўсяго пяць песенных кліпаў. А як быць астатнім дзецям? Калісьці быў тэлеконкурс “Усе мы родам з дзяцінства”, потым яго замяніла “Сузор’е надзей”. Верагодна, ранейшы фармат гэтага конкурсу таксама патрабаваў змяненняў, удасканальвання, але праграму проста закрылі, не прапанаваўшы ўзамен анічога. Калі б тэлебачанне знайшло эфірны час, мы маглі б прапанаваць сваю канцэпцыю такога праекта.

— Цікава, колькі зараз дзяцей займаецца ў вашым Цэнтры? Летась да пачатку новага навучальнага года вы пераехалі ў Дом літаратара, пашырыўся штат выкладчыкаў. Так што цяпер, наколькі я ведаю, у вас ёсць не толькі салісты, але і вакальная група з сімвалічнай назвай “Заранак”.

— Вялікі дзякуй Міністэрству культуры за падтрымку! Акрамя мяне, з’явіўся яшчэ адзін педагог па вакале — Лада Мікалаеўна Няфёдава. Працуюць у нас цяпер і двое харэографаў (мы падзялілі паміж імі адну стаўку): Вольга Шамрова займаецца з салістамі, а Таццяна Блішчык — з пачаткоўцамі. Таму змаглі правесці набор, і цяпер у нас больш як 50 навучэнцаў. А дзеці ўсё прыходзяць ды прыходзяць!

На жаль, узяць іх мы ўжо не можам, бо і так працуем на мяжы фізічных магчымасцей. Гэта ў хор можна ўзяць і 20 дзяцей, і 30. А з салістамі трэба займацца індывідуальна. І літаральна адразу — з мікрафонам, каб ён быў для іх абсалютна натуральным складнікам выступлення. Працуем пакуль на маім уласным абсталяванні, але яно такое старэнькае! Калі раптам сапсуецца, не ведаю, што і рабіць. Па-ранейшаму мару пра штатнага мадэльера-дызайнера, які прапаноўваў бы сцэнічныя строі, зыходзячы з песні і пастаўленых рухаў. Няблага было б займець і некалькі кабінетаў. Скажаце, “апетыт прыходзіць у час сняданку”?

— А як у вас з песенным “апетытам”? Калі Цэнтр толькі ўтварыўся, вы наракалі на складанасці з дзіцячым рэпертуарам. Сёння такіх праблем няма?

— Чаму ж? Хаця песень нам прапануюць шмат, папраўдзе цікавых, “драйвавых” сярод іх вельмі мала. Дзіцячыя песні таксама павінны быць сучаснымі, моднымі! Я рада супрацоўніцтву з Сяргеем Білым: для Андрэя Кунца ён напісаў “Першае каханне”, для Машы Новік — такія кампазіцыі, як “Падарыў пярсцёнак”, “Новая песня”. Працуем з Уладзімірам Калеснікавым з Мазыра. Вядома, ратуе фальклор, робім шмат стылізаваных песень. Тым самым падтрымліваем імідж Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва, які носіць імя нашага легендарнага песняра Уладзіміра Мулявіна. Зараз у Ксюшы з’явілася песня “Сорам, дзеўка” ў інструментальнай апрацоўцы Віктара Пшанічнага. Ды ў кожнага з дзяцей ёсць народныя песні ў сучаснай апрацоўцы! У Дашы Надзінай — “А ў полі вярба”, у Карыны Жуковіч — “Кветка-папараць”, у Машы Новік — “Прыляцелі куры”. Фальклор — гэта ўвогуле такое багацце!

— Невыпадкова і ў акадэмічных вакалістаў навучанне пачынаецца з засваення народных песень: іх мелодыка, адшліфаваная стагоддзямі, найбольш дакладна кладзецца на голас і не псуе яго прыроду.

— Асабіста я бачу Ксюшу добрай фолькавай спявачкай. У яе голасе больш народных фарбаў. Такі рэпертуар у яе, на мой погляд, атрымліваецца лепей за ўсё. Але ў такім узросце абмяжоўвацца адным фолькам немагчыма. Дзеці павінны паспрабаваць усё, каб нарэшце знайсці сваю індывідуальнасць. Таму хацелася б звярнуцца з заклікам да кампазітараў: не бойцеся сучаснага бачання, новых тэм, мелодый, рытмаў, якія маглі б зацікавіць нашу дзятву. Я нічога не маю супраць папсы,бо само гэта слова азначае ўсяго толькі “папулярная музыка”. Але ж папса бывае рознай — таннай, бессэнсоўнай. А нам патрэбна — з добрым тэкстам, цікавай мелодыяй, запальным рытмам, каб публіка і самі выканаўцы атрымлівалі станоўчыя эмоцыі. Дзеці ж жывуць з гэтымі песнямі, пад уздзеяннем рэпертуару ў іх фарміруецца ўнутраны свет, а ён павінен быць аптымістычны, тады ім будзе лягчэй жыць. Для той жа Ксюшы знайшлі добры рок-н-рол — а чаму б і не? Мне падабаецца, ёй таксама, пра публіку і гаварыць няма чаго — песня ідзе “на ўра”.

— Вы прывялі папраўдзе ідэальны прыклад: песняй задаволены ўсе. Няўжо ніколі не ўзнікаюць непаразуменні, спрэчкі з выхаванцамі наконт рэпертуару? Тым больш, у пераходным узросце, калі кожны намагаецца праявіць сваю самастойнасць. Што вы робіце ў такіх выпадках?

— Я з самага пачатку намагаюся неяк рэгуляваць гэты працэс. Бо, з аднаго боку, у дзецях трэба выхоўваць добры густ, з іншага — самастойнасць, уменне рабіць выбар. А ў цяперашняй вялізнай колькасці музычных напрамкаў няцяжка разгубіцца. Я ўважліва прыслухоўваюся да пажаданняў дзяцей — нават тады, калі яны іх адкрыта не выказваюць. Улічваю характар кожнага, магчымасці. Паказваю музычны матэрыял, але калі юны артыст гаворыць, што яму не падабаецца, мы гэтую песню ў рэпертуар не бяром. Бо калі песня падабаецца асабіста табе, а дзіцяці — не, выніку не будзе. Але ж галоўнае ў іншым. Кім бы ні выраслі нашы выхаванцы, калі да любой сваёй справы яны будуць падыходзіць з унутраным святлом у душы, у іх усё атрымаецца!


Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юр
ыя ІВАНОВА