Вядомы прэтэндэнты

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Як паведамляе БелТА, сталі вядомы прэтэндэнты ад Беларусі на суісканне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 — 2010 гады.

Гэта кінарэжысёр-дакументаліст Галіна Адамовіч, народныя мастакі Беларусі Леанід Шчамялёў і Леў Гумілеўскі. Акрамя асобных творцаў у якасці кандыдатаў вылучаны беларуска-расійскі творчы калектыў у складзе дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны Уладзіміра Пракапцова і дырэктара Траццякоўскай галерэі Валянціна Радзівонава.

Працэдура праходжання кандыдатур на суісканне прэміі шматступенчатая. Найперш матэрыялы аб прэтэндэнтах прадстаўляюцца ў Міністэрства культуры і па выніках разгляду на лютаўскай калегіі да 1 сакавіка паступаюць у экспертны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі абедзвюх краін: Расіі і Беларусі. Савет спачатку прымае рашэнне аб допуску да ўдзелу ў далейшай працэдуры вылучэння, дзе ў якасці асноўнага і прынцыпова важнага крытэрыю адбору ацэньваецца ўнёсак кандыдата ў развіццё беларуска-расійскіх культурных узаемаадносінаў. Потым адбываецца шырокае грамадскае абмеркаванне, пасля якога экспертная група закрытым галасаваннем вызначае намінантаў, прадстаўляючы сваё рашэнне на ўхваленне Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы і Вышэйшаму Дзяржсавету.

Як вядома, прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва з’яўляецца міждзяржаўнай і прысуджаецца раз на два гады. Традыцыйна ўручэнне гэтай высокай узнагароды адбываецца падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — у рамках цырымоніі адкрыцця гэтага прэстыжнага форуму лепшыя з лепшых атрымліваюць яе з рук старшыні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.