Аркестравы менеджмент

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Беларускія музыканты працягваюць пашыраць свае міжнародныя кантакты. Учора з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, які ўзначальвае маэстра Аляксандр Анісімаў, выступіў амерыканскі дырыжор Чарльз Ансбакер — заснавальнік і кіраўнік Бастонскага сімфанічнага аркестра “Лэндмаркс”. Напярэдадні славуты гастралёр наведаў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, дзе правёў лекцыйны майстар-клас.

Ч.Ансбакер шчодра дзяліўся сваім досведам пра менеджмент у амерыканскіх установах культуры і мастацтва, адказаў на безліч пытанняў. Сустрэча магла б цягнуцца гадзінамі, бо госцю ёсць што ўзгадваць: за плячыма супрацоўніцтва з самымі знакамітымі аркестрамі свету. Сярод іх — Маскоўскі сімфанічны, з якім запісана ажно сем кампакт-дыскаў, калектывы Аўстрыі, Італіі, Калумбіі, Канады, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Польшчы, Харватыі, Чэхіі і многіх іншых краін.

Практычнай часткай “майстар-класа” стаў канцэрт у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І да шматлікіх зорак, з якімі давялося выступаць амерыканскаму дырыжору, далучыўся наш Алег Алоўнікаў, які саліраваў у Віяланчэльным канцэрце А.Дворжака.


Надзея БУНЦЭВІЧ