Беларускі дзень

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

12 лютага ў рамках юбілейнага Х Вільнюскага кніжнага кірмашу прайшоў Дзень Рэспублікі Беларусь.

Пачаўся ён з прэзентацыі кнігі “Гарады, мястэчкі і замкі Вялікага княства Літоўскага” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі на стэндзе “Друкаваныя выданні Рэспублікі Беларусь”. Пазней тут была прадстаўлена кніга “Святло Палаца энергіі” выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Таксама адбылася прэзентацыя серыі кніг “Мастакi Беларусi”. У ёй нядащна выйшли фалиянты, прысвечаныя творчасці Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка.

У аўтарскай гадзіне “Літаратура для дзяцей — духоўнасць і свет без межаў” прынялі ўдзел пісьменнікі Раіса Баравікова і Алена Масло. У гэты ж час у “Дзіцячай зале” была прадстаўлена беларуская частка экспазіцыі ілюстрацый да дзіцячых выданняў і кніжнай графікі, а таксама выступленне ўзорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянак” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў.

У рамках Вільнюскай выстаўкі было праведзена пасяджэнне “круглага стала” на тэму “Беларусь — Літва: памежжа добрасуседства ў кантэксце агульнай гісторыі і сучаснасці”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, навукоўцы дзвюх краін.

Напрыканцы беларускага дня адбылося выступленне ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі “Класік-авангард”.

Ю.Ч.