Вертыкалі і стрэлкі Нацыянальнай, або “Наступная станцыя...”

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

Па традыцыі, у будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася выніковая калегія Міністэрства культуры рэспублікі. Вядома, не толькі актуальныя пытанні будуць цікавымі яе ўдзельнікам, але і сама знакавая для краіны ўстанова — “дыямент ведаў” — і звонку, і па сутнасці. Адзін з цікавых і, бадай, не кожнаму бачных ракурсаў функцыянавання НББ прапануе супрацоўніца бібліятэкі і наш пазаштатны аўтар.

А ці ведаеце вы, якім чынам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі дастаўляецца карыстальнікам са сховішча літаратура? Вельмі часта даводзіцца чуць ад чытачоў: “Што гэта едзе там, уверсе?!” І, сапраўды, цікава: праз кожныя тры-пяць хвілін праязджае над галовамі нейкая таямнічая канструкцыя. Амаль дэкарацыя да захапляльнай фантастычнай стужкі! “Гэта тэлеліфт — сістэма адраснай дастаўкі заказанай літаратуры”, — нястомна адказваеш тым, хто цікавіцца.
Дэталёва распавесці аб рабоце “таямнічага” абсталявання папрасіла Аляксандра Суслава, загадчыка аддзела аўтаматызаванай сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі НББ, і вядучага інжынера дадзенага падраздзялення Сяргея Северын.
Мае знаёмства з сістэмай пачалося з самага “сэрца” тэлеліфта — пятага тэхнічнага паверха НББ. Там, у нестандартным па планіроўцы памяшканні (з нахіленымі пад вуглом прыблізна ў 140 градусаў сценамі і васьміграннымі вокнамі ў іх — падножжа нашага “дыямента ведаў”) знаходзіцца станцыя візуалізацыі тэлеліфта. А гідам стаў Сяргей СЕВЕРЫН.


Бібліятэчны кіламетраж
— Сяргей Адамавіч, усё настолькі ўражвае! Што ж такое тэлеліфт насамрэч?
— Гэта сістэма адраснай дастаўкі выданняў. Яна прызначана для транспартавання кніг, часопісаў, інфармацыі на электронных носьбітах, газет і іх малафарматных падшывак. Сістэма (па класіфікацыі фірмы-вытворцы) мае назву Unicar. А вось так званае электроннае “начынне” зманціравала беларускае прадпрыемства.
Адзначу унікальнасць дадзенага “начыння” — гэта так званая дэцэнтралізаваная сістэма з шасці кантролераў лакальнага кіравання. Кожны з іх кіруе ўчасткам трасы і ўзаемадзейнічае з іншымі. Яны абменьваюцца звесткамі аб руху цялежак, паведамляюць адзін аднаму інфармацыюаб тым, адкуль тыя адпраўлены і куды павінны прыбыць. Напрыклад, шосты кіруе трыма паверхамі “вертыкалі” — вертыкальна размешчанай трасай і абсталяваннем на ёй, тэхнічным паверхам і размешчанымі там пяццю стрэлкамі.
 /i/content/pi/cult/193/2145/Vertykali1.jpg
— Калі ёсць “вертыкаль”, мусіць, павінна быць і “гарызанталь”?
— Распрацоўшчыкі падзялілі сістэму на шэсць напрамкаў, якія пранізваюць, нібы крывяносныя сасуды, увесь будынак нашай бібліятэкі: пяць асноўных і так званая “вертыкаль”. Некаторыя з іх (фрагменты трасы) наведвальнікі могуць бачыць на другім паверсе атрыума.
— Якую даўжыню мае траса? Верагодна, ёсць на ёй нейкія “станцыі”?
— Уся траса мае даўжыню прыблізна ў 1 км. На ёй — 28 станцый, 25 з якіх размешчаны ў сховішчах і ў саміх чытальных залах (праўда, ад вачэй чытачоў яны схаваны ў спецыяльных памяшканнях).
Астатнія тры — “кругавыя” станцыі: 15, 14 паверхі і атрыум — першы паверх цэнтральнай часткі НББ. Яны разлічаны на большы аб’ём работы і могуць адначасова прыняць 7 кантэйнераў, у адрозненне ад астатніх, дзе ёмістасць — 4 цялежкі.
Падлікі паказалі: штодзённа найбольшы аб’ём работы па апрацоўцы заказанай чытачамі літаратуры выконваюць, як мінімум, два пункты нашай сістэмы — 15 паверх бібліятэкі і атрыум.
Калі казаць пра лічбавае выражэнне — 1500 — 2100 разоў кантэйнеры рухаюцца па маршруце на працягу працоўнага дня (з 8.30 да 21.15) у перыяд навучальнага года. Ёсць яшчэ сховішчы пустых кантэйнераў. Іх у бібліятэцы 5.
— Дзе яшчэ такая сістэма можа выкарыстоўвацца?
— У медыцынскіх цэнтрах, напрыклад. Толькі самі цялежкі там крыху інакш выглядаюць — пластмасавыя, зачыняюцца крышкай і, скажам так, маналітныя: кантэйнер жорстка звязаны з самой цялежкай і не мае восі кручэння, у адрозненне ад тых, што ёсць у НББ. Але ж прынцып іх работы аналагічны нашаму.
Цялежцы — не “цяжка”!
— Калі мы пачалі гаворку пра цялежкі, раскажыце, калі ласка, і пра іх што-небудзь. Якой грузапад’ёмнасцю яны валодаюць, як устроены, якая хуткасць рухаў?
— Усяго цялежак 65. З моманту ўвядзення сістэмы ў эксплуатацыю мы кожную ставілі на трасу. Але ўзнікла з’ява накшталт “пробак” на дарогах, і ў дадзены момант выкарыстоўваюцца парадку 45 — 50, у залежнасці ад нагрузкі. Кожная з іх маегрузапад’ёмнасць 10 кг. Унутраны аб’ём — прыблізна 300x350 мм. — памер газетных падшывак малога фармату. У іх можа ўмясціцца 1 — 2, даволі аб’ёмных кніг — 10 — 15. Гэтыя прыстасаванні — нешта накшталт маленькага аўто ці трамвая.
Хуткасць руху па “гарызанталі” — прыблізна 0,5 м/с, па “вертыкалі” — 0,45 м/с. Гэта звязана не з тым, што цялежцы “цяжка” ісці ўгару — справы ў змяненні тэхналогіі руху і счаплення з трасай: па “вертыкалі” кантэйнер ідзе па зубчастай рэйцы, г. зн. чапляецца за яе шасцярэнькай. А на “гарызанталі” ўсё проста: шасцярэнька жорстка звязана з колам, якое падштурхоўвае наш “транспарт”.
Адсюль вылічваем і хуткасць дастаўкі літаратуры. Напрыклад, ад самага далёкага месца нашай сістэмы (ад любой станцыі першага паверху), і да самай верхняй кропкі “вертыкалі” (15 паверх) цялежка ідзе максімум 10 хвілін з моманту адпраўкі аператарам. А зазвычай — 5-6 хвілін. Для параўнання: у старым будынку НББ кнігі са сховішча дастаўляліся ўручную: курсіруючы (дзяжурны бібліятэкар) збіраў з усіх залаў бланкі заказаў і адвозіў іх у дыспетчарскую на 4-ы паверх. Затым складваў на драбіны ўсю падрыхтаваную для розных чытальных залаў літаратуру і, штурхаючы перад сабой усю гэтую неймаверна цяжкую “канструкцыю”, самастойна развозіў заказы па залах. Увесь працэс займаў 1 — 2 гадзіны.
— Не магу не пацікавіцца пытаннямі бяспекі гэтых канструкцый. Усё ж курсіруюць яны над галавой!
— Вельмі істотна, каб літаратура не выступала за верхні край кантэйнера і размяшчалася ў ім раўнамерна. Таму што той, як арэлі, мае вось вярчэння, і літаратура там ляжыць, нібы ў маятніку, і не перасыпаецца, калі цялежка ідзе то па “гарызанталі”, то па
 /i/content/pi/cult/193/2145/Vertykali2.jpg
“вертыкалі”.
А яшчэ важна, каб наш “літаратурны транспарт” ехаў роўна і не нахіляўся, таму што пры такім няправільным яго становішчы існуе рызыка пашкоджання транспартаванай літаратуры і нават пераварочвання самога кантэйнера пры паваротах. Вядома, кнігі нікому на галаву не ўпадуць, але такія выпадкі пашкодзяць саміх “папяровых пасажыраў”, якія ўпруцца ў днішча цялежкі і могуць памяцца ці парвацца. Сам жа кантэйнер з рэек не сыдзе, гэта тэхнічна немагчыма: цялежка ўстаўляецца ў металічны профіль, які мае загнутыя краі.
Паэтычны васьміграннік
— Сяргей Адамавіч, а вось такая незвычайная форма кантэйнера — васьмігранная, якая нібы паўтарае абрысы “дыямента”, — гэта спецыяльная распрацоўка для “Нацыяналкі”?
— Для рамантыкаў і паэтаў — можа быць, але не для тэхнікаў. Уявіце, калі б кантэйнер быў прамавугольны. Зразумела, ён паўтарае канфігурацыю “дыямента”. Але і наша пабудова — не капрыз крэатыўных архітэктараў: сама прырода паклапацілася аб тым, што форма крышталя з’яўляецца дасканалай ва ўспрыманні з пункта гледжання як геаметрыі, так і фізікі.
Калі паглядзець на наш кантэйнер, па грані можна апісаць акружнасць, і сама канфігурацыя зручная для вярчэння, — усе кропкі роўнааддалены ад яго восі. У дадзеным выпадку ўсё разглядаецца з функцыянальнай ступені: ніжняя частка — палова нашага васьмігранніка — мае ручкі, за якія цялежку лёгка пераносіць у майстэрню для тэхнічнага абслугоўвання. І такая канфігурацыя — стандартная.
— Як усё ж празаічна!.. Але ж вернемся да сістэмы: ці цяжка яе абслугоўваць, і наколькі яна надзейная?
— Калі нават і адбываюцца якія-небудзь паломкі (што бывае надзвычай рэдка), яны аператыўна ліквідуюцца нашымі спецыялістамі. Увогуле, сама сістэма адсочвае рэсурс працы па кожным з устройстваў (цялежак — 300 гадзін, пераключальнікаў — 40 тысяч пераключэнняў). Кожны вечар у 21.00 яна апрошвае ўсё абсталяванне і ацэньвае іх напрацоўкі. І калі якое-небудзь з іх вычарпала свой ліміт, мы праводзім тэхнічнае абслугоўванне. Акрамя таго, праводзіцца рэгулярны агляд сістэмы да яе ўключэння.
 /i/content/pi/cult/193/2145/Vertykali3.jpg
Да нашай размовы далучыўся Аляксандр СУСЛАЎ:
— На маіх вачах манціравалася, паляпшалася, дапрацоўвалася і ўводзілася ў эксплуатацыю Транспартная сістэма адраснай дастаўкі выданняў. Прыязджалі ў “Нацыяналку” прадстаўнікі фірмы Telelift, якія шмат што новага для сябе адкрылі. Напрыклад, сістэма пачаткова кіравалася з дапамогай простых кнопачных пультаў. Айчынныя спецыялісты скарысталі на практыцы ў НББ інтэрактыўныя сэнсарныя панэлі. Зараз прадпрыемства-вытворца паспяхова з імі працуе.
— Аляксандр Валер’евіч, дазвольце спытаць напрыканцы: дадзеная сістэма ў Беларусі, акрамя НББ, яшчэ дзе-небудзь выкарыстоўваецца?
— Зазначу з гонарам: не! Яна на тэрыторыі Беларусі, наколькі мне вядома, і на ўсім постсавецкім абшары — адна-адзіная. Аднак зараз распрацоўваюцца праекты ўстаноўкі падобных сістэм для бібліятэк Расіі,— прадстаўнікі маскоўскай “Ленінкі” прыязджалі да нас на экскурсію. У іх ёсць нешта аддалена падобнае, датаванае 1930-мі гадамі. Зараз гэтую канструкцыю спрабуюць замяніць на падобную да нашай. Былі госці з Санкт-Пецярбурга і Баку, якіх таксама вельмі цікавіў тэлеліфт. Але, зазначу яшчэ раз, дадзены праект упершыню ўвасоблены ў жыццё у нас, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Кацярына БЕЛІКАВА,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання НББ
Фота аўтара