Ужо падрыхтаваны да другога чытання праект Закону “Аб унясенні змянення ў Закон “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”, распрацаваны з мэтай прывядзення норм Закону (арт. 43) у адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці”. Яго разгляд плануецца на вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.
19 студзеня бягучага года на базе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбылося выязное пасяджэнне камісіі з парадкам дня “Аб практыцы прымянення заканадаўства аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры: намеснік міністра культуры Віктар Кураш і галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Святлана Гаўрылава, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, Пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў РБ Уладзімір Шчасны, а таксама прадстаўнікі Савета дырэктараў рэспубліканскіх і абласных музеяў Беларусі і галіновага прафсаюза.
Пад час усебаковага абмеркавання парадку дня былі выяўлены прабелы ў рэгуляванні грамадскіх адносін у сферы музейнай справы. У прыватнасці, у заканадаўстве адсутнічаюць палажэнні аб мемарыяльных музеях, якія ўсталёўвалі б асаблівасці іх прававога становішча і парадку дзейнасці. Як было зазначана ў выступленні В.Кураша, патрабуе карэкціроўкі і шэраг іншых палажэнняў Закону. Для іх ліквідацыі неабходна прадугледзець ўнясенне адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”.
На наш погляд, неабходна звярнуць увагу на Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2006 г. № 435 “Аб некаторых пытаннях перамяшчэння музейных прадметаў і (ці) музейных калекцый праз мяжу Рэспублікі Беларусь”, якім дапускаецца вываз музейных прадметаўі музейных калекцый, што з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, у выпадку іх рэстытуцыі, у адрозненне ад палажэнняў Закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, якім забараняецца ўсялякі вываз гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Такім чынам, мае месца юрыдычная калізія — устанаўліваюцца розныя прадпісанні па пытанні вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцей. У сувязі з гэтым, мы просім Міністэрства культуры прадугледзець распрацоўку праекта Закону “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь” і ўнесці прапанову аб яго ўключэнні ў праект Плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год.
У бягучым годзе парламентарыям і прадстаўнікам Міністэрства культуры давядзецца правесці вялікую сумесную працу па распрацоўцы праекта Закону Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” (новая рэдакцыя). Тэрмін падрыхтоўкі Закону— да лістапада 2009 г. Спадзяёмся, што ўсе праблемы, якія існуюць у сферы грамадскіх адносін і ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў мастацтва, кінематаграфіі, выкананняў, фанаграм, перадач і г. д., нам удасца ўрэгуляваць сумеснымі намаганнямі ў дадзеным законапраекце.
У сувязі з прынятай Канцэпцыяй развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009 — 2014 гг., будзе патрэбным удасканаленне нарматыўнай прававой базы кінематаграфіі. У хуткім часе неабходна будзе правесці вялікую сумесную працу па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь”.
У сувязі з рашэннем Савета Палаты прадстаўнікоў аб правядзенні ў кастрычніку гэтага года ў Віцебскай вобласці на базе аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны семінара па вывучэнні дэпутатамі практыкі прымянення заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны патрабуецца аб’яднаць нашы намаганні і пры падрыхтоўцы праграмы дадзенага мерапрыемства.
Хачу падзякаваць кіраўніцтву і апарату Міністэрства культуры за своечасовую дапамогу, якую вы аказваеце пры падрыхтоўцы законапраектаў у парламенце, а таксама пры вырашэнні актуальных пытанняў і праблем, што ўтрымліваюцца ў зваротах, паступаючых на адрас парламента ці нашай камісіі. Як член Прэзідыума ЦК Прафсаюза работнікаў культуры я ведаю аб цеснай сувязі і ўзаемадзеянні, што існуюць паміж прафсаюзам работнікаў культуры і Міністэрствам культуры, спадзяюся, на карысць усіх людзей, якія працуюць у сферы культуры і мастацтва. Галоўнае, у нас ёсць гатоўнасць сумесна супрацоўнічаць на карысць агульнай справы — развіцця нацыянальнай культуры і мастацтва.