Эдуард ЦІХОВІЧ, дырэктар Гродзенскай абласной філармоніі:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Што супрацьпаставіць эфекту замкнёнага кола?”

 /i/content/pi/cult/193/2140/Cihovich.jpg
— За 21 год існавання Гродзенскай абласной філармоніі ў нас сфарміраваўся багаты з эстэтычнага пункта гледжання творчы калектыў.
Своеасаблівая “візітоўка” філармоніі, яе перліна — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва” ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя росы”. На працягу 20 гадоў калектыў працуе над адраджэннем і папулярызацыяй беларускай харэаграфічнай і музычнай культуры. Ён з’яўляецца своеасаблівым нацыянальным набыткам Беларусі. Ансамбль адчувае пастаянную падтрымку з боку аблвыканкама, Міністэрства культуры, Адміністрацыі Прэзідэнта. Неаднаразова артыстам выдзяляліся Прэзідэнцкія надбаўкі. У 2008 годзе мастацкі кіраўнік Вера Чычына была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, а музыкант аркестра Віктар Вашкевіч — медалём Францыска Скарыны. Сваё мастацтва калектыў дэманстраваў на сцэнічных пляцоўках Расіі, Украіны, Казахстана, Літвы, Польшчы, Германіі, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі, Партугаліі, Кітая. Ансамбль — пераможца і лаўрэат разнастайных прэстыжных еўрапейскіх фестываляў, удзельнічаў у запісе забаўляльных праграм Іспанскага тэлебачання, быў удзельнікам культурнай праграмы эканамічнага форуму ў Давосе (Швейцарыя).
У арганізацыі паўнацэннай работы калектыву цяжка пераацаніць значэнне спецыяльна створанай рэпетыцыйнай базы, наяўнасць свайго камфартабельнага аўтобуса “Сетра”, за што мы ўдзячныя адміністрацыі Гродзенскага аблвыканкама і ўпраўленню культуры.
15 гадоў у філармоніі працуе група сучаснай харэаграфіі “ТАД”. Яе стваральнік і кіраўнік — Дзмітрый Куракулаў, першы лаўрэат прэміі Яўгенія Панфілава, творца, які не проста фантаніруе ідэямі, але і ўвасабляе іх у жыццё. У 2008 годзе Дзмітрый быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры. Група — пастаянны ўдзельнік Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, дзе ўзнагароджвалася прэміямі, спецыяльнымі прызамі, дыпломамі, з яе творчасцю знаёмы гледачы Гомеля, Санкт-Пецярбурга, Чэлябінска, Масквы. У 2007 годзе калектыў быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта РэспублікіБеларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва” за яскравы мастацкі эксперымент і актыўную канцэртную дзейнасць. У творчых работах “ТАДа” сінтэзуюцца элементы авангарда, акрабатыкі, пластыкі, мадэрн-танца, поп-культуры. У рэпертуары — больш за 100 мініяцюр і аднаактовых балетаў. І ў кожнай пастаноўцы — матэрыялізаваная творчая энергія, фантазія, філасофскія развагі аб жыцці.
Вось ужо некалькі гадоў запар вядучае месца ў такой спецыфічнай сферы, як абслугоўванне турніраў па спартыўных танцах, займае наш канцэртны аркестр. З гэтай мэтай калектыў запрашаюць на самыя значныя спаборніцтвы ў Беларусі, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі, Польшчы. Аднак асновай жыццядзейнасці аркестра застаюцца беларускія песні і рускамоўны рэпертуар, у якім прадстаўлена вялізная колькасць аранжыровак народных і сучасных беларускіх песень.
Радуе, што выхаванка нашага прадзюсерскага цэнтра Аляксандра Стэльмах на адборачным туры дзіцячага “Еўрабачання” ўвайшла ў пяцёрку наймацнейшых, а дзве юныя спявачкі занялі прызавыя месцы ў абласным конкурсе “Песня над Нёманам”. Усяго ў Цэнтры развіваюць свае таленты 12 чалавек ва ўзросце ад 9 да 25 гадоў.
Творчы “партрэт” нашай філармоніі будзе не поўным, калі не сказаць аб дзейнасці інструментальнага ансамбля “Медыум”, які ў 2008 годзе атрымаў званне лаўрэата на Міжнародным конкурсе “Санок-2008” у Польшчы, і ансамбля “Цёплы вечар”, што аб’яднаў музыкантаў высокага прафесійнага ўзроўню. Шчырых слоў пахвалы за сваю канцэртную дзейнасць заслугоўваюць салісты філармоніі Аляксандр Казакевіч, Дзмітрый Казека, Аляксандр Валынскі, Ларыса Мяркулава, Аляксандр Звяровіч, Вячаслаў Панькоў, Уладзімір Захараў. У гэтым агульным шэрагу асабліва хочацца адзначыць Алу Аўдзейчык: нядаўна ёй была ўручана прэмія імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За высокія дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”.
Завяршаючы характарыстыку філармоніі, скажу, што ў 2008 годзе яе небюджэтныя прыбыткі склалі амаль 2 мільярды рублёў (1 945 186 000 рублёў).
Словам, у Гродзенскай філармоніі ёсць вялікія патэнцыйныя магчымасці для арганізацыі высокапрафесійнага канцэртнага абслугоўваннянасельніцтва, чым, прынамсі, і павінна займацца філармонія як канцэртная арганізацыя.
Але нельга, быццам страус, хаваць галаву ў пясок. Ланцуговая рэакцыя, звязаная з фінансамі, самым непасрэдным чынам закранула і нас. Усе праблемы, якія і раней мелі месца, але вырашаліся на ўзроўні вобласці, гучаць сёння нашмат вастрэй, чым раней, і патрабуюць, на мой погляд, увагі на больш высокім узроўні.
Найбольшы працэнт прыбытку філармоніі традыцыйна прыносяць вялікія калектывы. (Праблему я так і назваў бы: “Праблема вялікіх калектываў”.) Сёння арганізаваць іх канцэрты ў райцэнтрах, тым больш, на сяле, “атрымаўшы” пры гэтым рэальны “кошт” калектыву, і пакрыць выдаткі практычна немагчыма. Але для выканання планаў канцэртнага абслугоўвання філармоніі вымушаны ісці на арганізацыю стратных канцэртаў. Страты пакрываюцца за кошт прыбытку ад канцэртаў расійскіх і іншых эстрадных выканаўцаў. Пры гэтым кошт выступленняў несуадносны з коштам, якія прапаноўваюць нашы калектывы. Узнікае наступная праблема: ці рэальнае пры гэтым перавышэнне экспарту над імпартам? За кошт чаго пакрываць страты? Эффект замкнёнага кола: вялікія калектывы — стратныя; страты пакрываем імпартам; экспарт павінен перавышаць імпарт, што нерэальна.
Яшчэ адна праблема датычыцца працы бухгалтэрыі. Наспела неабходнасць у пераглядзе складу затрат, што адносяцца на сабекошт у тэатральна-відовішчных арганізацыях, бо мы маем сур’ёзныя цяжкасці ў пошуку магчымасцей аплаты некаторых пунктаў бытавога райдэра — праезд, пражыванне, харчаванне — прыезджых артыстаў і ў набыцці, што немалаважна ў спецыфіцы працы філармоній, кветак і іншых расходаў.
На сённяшні дзень у вобласці — 20 пляцовак канцэртнага і тэатральнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці. На жаль, каля 40% з іх не маюць фартэпіяна, што не дазваляе праводзіць тут паўнацэнныя філарманічныя выступленні.
Нядаўна мы сутыкнуліся са, здавалася б, не самай складанай праблемай — набыццём кантрабаса: у рэспубліцы гэтыя музычныя інструменты не вырабляюцца. Камісія Гродзенскага аблвыканкама дала згоду на набыццё імпартнага музычнага інструмента за кошт бюджэту, а камісія дзяржаўнагаоргана, які стаіць вышэй, — не зацвердзіла, нягледзячы на тое, што грошы на набыццё былі выдзелены.
З нядаўняга часу аддзелы культуры райвыканкамаў атрымалі магчымасць самастойна ажыццяўляць арганізацыю канцэртнай дзейнасці на месцах, дубліруючы пры гэтым галоўную задачу абласных філармоній. З аднаго боку, мы разумеем, што аддзелу культуры даведзены план платных паслуг і яго трэба выконваць, але, з другога боку, не за кошт арганізацыі канцэртнай дзейнасці прафесійных калектываў.
І, нарэшце, праблема арганізацыі “канцэртаў з пісьмамі”. Гаворка ідзе аб мерапрыемствах, якія не ўнесены ў Рэспубліканскі гадавы план гастрольна-канцэртнага абслугоўвання насельніцтва. Нам жа даводзіцца, па-першае, змяняць свае, ужо выбудаваныя, планы. Па-другое, ставіцца пад пагрозу рэалізацыя білетаў на планавыя канцэрты.
І, па-трэцяе, большасць такіх калектываў працуюць па гарантыйнай (прычым немалой) аплаце. Усё гэта прыводзіць да дэарганізацыі працоўнага працэсу і ўзнікненню дэбіторскай запазычанасці.
Аднак якія б праблемы нам ні дыктаваў час, сваю асноўную задачу мы бачым у стварэнні ўмоў для рэалізацыі творчасці маладых артыстаў, падрыхтоўцы высокапрафесійных канцэртных праграм, што садзейнічаюць развіццю, абагачэнню і росквіту беларускай нацыянальнай культуры.