Дзе будзе працаваць "эксклюзіў"?

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

11 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбыўся “круглы стол” пад назвай “Стан мастацкай адукацыі: першае рабочае месца выпускніка мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў”, падчас якога разглядаліся пытанні працаўладкавання сёлетніх выпускнікоў ВНУ. Падрабязна пра яго мы раскажам у бліжэйшым нумары газеты. Сёння ж мы размаўляем з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктарам мастацтвазнаўства Рычардам СМОЛЬСКІМ пра асаблівасці папярэдняга размеркавання і перспектывы атрымання першай працы студэнтаў-дыпломнікаў іншых факультэтаў акадэміі.

- Рычард Баляслававіч, якім чынам выглядае на сённяшні дзень карціна размеркавання сёлетніх выпускнікоў Акадэміі мастацтваў?

- Канчатковае размеркаванне адбудзецца ў маі, але ўжо сёння можна гаварыць, што нашы выпускнікі будуць запатрабаваныя і працаўладкаваныя, - практычна па кожнай са спецыяльнасцей мы маем свае заяўкі на спецыялістаў. На тэатральным факультэце выпускаецца акцёрскі курс (кіраўнік курса - Лідзія Манакова), дзе з 14 чалавек 12 бюджэтнікаў. На некаторых з іх ужо сёння маюцца персанальныя заяўкі: траіх чалавек "забірае" Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, аднаго - Рэспубліканскі тэатр Беларускай арміі, свае заяўкі даслалі яшчэ і некалькі сталічных тэатраў, а таксама і тэатры з рэгіёнаў: з Мазыра, Слоніма...

- Ці не атрымаецца так, што асноўная маса выпускнікоў-акцёраў "асядзе" ў сталіцы?

- Безумоўна, маладыя акцёры імкнуцца, па магчымасці, застацца ў Мінску - тут яны маюць больш разнастайныя магчымасці для творчай самарэалізацыі. Але ж, натуральна, гэта не значыць, што абласныя і гарадскія тэатры не маюць патрэбы ў прафесійных кадрах. І таму мы імкнёмся размяркоўваць нашых выпускнікоў з улікам патрэб не толькі сталічных калектываў. Іншая справа, што сёння тэатры ў рэгіёнах не заўсёды могуць стварыць умовы, неабходныя для маладых спецыялістаў. Для гэтага яны павінны прапанаваць ім хаця б мінімальны "джэнтльменскі набор" - жыллё, няхай на першы час не кватэру, але асобны пакой у інтэрнаце. Часта яны папросту не маюць такой магчымасці...

- Адзін са стратэгічных клопатаў сучаснага беларускага тэатра - маладая рэжысура. Дзе працаўладкуюцца сёлетнія выпускнікі-рэжысёры?

- Так, гэта правільна зазначана, што рэжысёр у сучасным нашым тэатры - фігура, можна сказаць, ключавая. І акадэмія сёлета дае пуцёўкі ў жыццё чатыром спецыялістам-рэжысёрам, выпускнікам курса Барыса Луцэнкі. Праўда, даводзіцца адзначаць, што глабальны працэс фемінізацыі закрануў і нашу рэжысуру: на курсе - тры дзяўчыны і толькі адзін хлопец. Адна з выпускніц мае права свабоднага размеркавання. Астатнія ж на сённяшні дзень ужо "знаходзяцца на прыкмеце" ў пэўных тэатраў, прычымне толькі сталічных. Хачу адзначыць і тое, што ў свой прафесійны шлях яны ўступаюць не "раптам". Днямі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца рэжысёрскі дэбют Ягора Лёгкіна - спектакль "Маці" паводле К.Чапека, а неўзабаве яшчэ адна дыпломніца - Вольга Саратокіна - прадставіць пастаноўку "Сталіца Эраунд" па п'есе нашага ж выпускніка Сяргея Гіргеля ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Так што іх будучыя працадаўцы змогуць ужо скласці пэўнае ўражанне пра творчыя і прафесійныя якасці сваіх будучых падначаленых.

- Сёлета акадэмія выпускае і такіх "рэдкіх" спецыялістаў, як тэатральныя арганізатары...

- Так, мы далёка не кожны год набіраем студэнтаў па гэтай спецыяльнасці. Сёлета ў нас выпускаюцца сямёра тэатральных менеджэраў, і сярод месцаў іх будучай працы - Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Палац рэспублікі, Палац культуры "Трэстбудіндустрыі" ў Шабанах, Фонд дапамогі таленавітай моладзі... Пагадзіцеся, запатрабаванасць спецыялістаў па менеджменце ў сферы культуры відавочная.

- Давайце звернемся і да кіна- тэлеспецыяльнасцей...

- Сёлета акадэмія выпускае спецыялістаў у галіне тэлерэжысуры. І тут усе пяцёра нашых бюджэтнікаў ужо фактычна маюць свае першыя працоўныя месцы: тры чалавекі атрымаюць размеркаванне на Першы нацыянальны тэлеканал, адзін - на АНТ, адзін - на ВаенТВ. Зрэшты, зазвычай студэнты-тэлевізійшчыкі ўжо на другім-трэцім курсе пачынаюць рэальна працаваць на тэлебачанні, так што да свайго выпуску могуць сябе пэўным чынам зарэкамендаваць і "падрыхтаваць глебу" для ўласнага размеркавання. Дарэчы, у сувязі з тэлерэжысёрамі літаральна з месяц таму ў нас узнікла дыскусія з факультэтам журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Маўляў, яны выпускаюць журналістаў-тэлевізійшчыкаў - універсалаў, якія здольны і рэпарцёрамі працаваць, і за камеру стаць, мы ж нібыта "дубліруем" спецыяльнасць. Але наша пазіцыя прынцыповая ў тым, што акадэмія рыхтуе тэлерэжысёраў як, у першую чаргу, творчых дзеячаў, а не рэпарцёраў. Для нас яны, у першую чаргу, - спецыялісты па экранных відах мастацтва. Не сакрэт, што сучаснае тэлебачанне развіваецца сёння па двух глабальных накірунках. Першы з іх - інфармацыйны, калі тэлебачанне выступае як электронны сродак масавай інфармацыі. А вось другі накірунак, які, дарэчы, заваёўвае сёння ўсё большую прастору, - стаўленне да тэлебачання як да асобнага экраннага віду мастацтва. Я маю на ўвазе вытворчасць тэлевізійных фільмаў, спектакляў, серыялаў, самых разнастайных тэлепраграм... І вось тут ужо на першае месца выходзяць не рэпарцёрскія якасці тэлевізійшчыка, а яго творчыя навыкі, чаму мы і вучым нашых студэнтаў.

- Атрымліваецца, што ўсе тэлерэжысёры застаюцца сёлета ў сталіцы. А ў краіне ж маецца даволі шырокая сетка рэгіянальнага тэлебачання, дзе, я ўпэўнена, кваліфікаваныя кадры не зашкодзяць.

- Так, я цалкам згодны з тым, што рэгіянальнае тэлебачанне - гэта на сённяшні дзень адзін з перспектыўных накірункаў працы. І пра тое, што сёння тэлебачанне актыўна развіваецца не толькі ў сталіцы, сведчаць хаця б вынікі сёлетняй "Тэлевяршыні", якая выявіла цэлы шэраг цікавых праектаў менавіта рэгіянальнага тэлебачання. І зноў жа, большасць з іх - не рэпартажнага, а менавіта культуралагічнага накірунку. Прынамсі, калі гаварыць пра прыток нашых кадраў у рэгіёны, тут самым паказальным з'яўляецца факультэт дызайну. На 49 бюджэтнікаў мы маем ужо 50 заявак, прычым значаная колькасць выпускнікоў паедзе працаваць менавіта ў рэгіёны - на буйныя вытворчыя прадпрыемствы рэспублікі. Калі гаварыць пра запатрабаванасць тых ці іншых спецыялістаў, у якасці прыкладу прывяду той факт, што сёлета заяўкі на трох жывапісцаў нам даслала Беларуская праваслаўная царква Мінскай епархіі, - з улікам таго, што праца іх будзе палягаць у накірунку царкоўнага іканапісу. І, да слова, у будучым мы думаем пра тое, каб адкрыць у акадэміі спецыялізацыю, звязаную менавіта з іканапісам, калі такія спецыялісты сёння запатрабаваны ў краіне.

- Дарэчы, працаўладкаванне маладых спецыялістаў - гэта, у першую чаргу, клопат арганізацый і прадпрыемстваў - будучых працадаўцаў - ці "галаўны боль" ВНУ?

- Буду гаварыць непасрэдна пра Акадэмію мастацтваў. Справа ў тым, што ў нас няма так званых "масавых" спецыяльнасцей, мы вядзём "паштучную" падрыхтоўку. І кожны з нашых выпускнікоў, так бы мовіць, - эксклюзіў. Натуральна, што пра свой далейшы творчы лёс па-за сценамі акадэміі нашы студэнты пачынаюць задумвацца ўжо з другога-трэцяга курса. І гэта вельмі важна, калі студэнты самі праяўляюць ініцыятыву адносна таго, дзе і як яны будуць працаваць далей, - мы ўсяляк гэта падтрымліваем. Але ж і акадэмія таксама вядзе вялікую арганізацыйную працу, найперш у накірунку таго, як даць магчымасць студэнту вызначыцца з уласным будучым, як "прэзентаваць" яго найлепшым чынам перад будучымі працадаўцамі. І тут сыходзіцца ў адно вельмі шмат фактараў, ад аб'ектыўных да выключна суб'ектыўных, - усё гэта мы мусім улічваць. Ну і, канешне ж, арганізацыі, у якія накіруюцца выпускнікі пасля атрымання дыплома, таксама вышукваюць для сябе кадры з улікам іх унутраных патрэб. На жаль, як я ўжо зазначаў, нярэдка яны аказваюцца звязанымі матэрыяльнымі акалічнасцямі. Але, як я лічу, сёння варта больш актыўна ставіць пытанні перад рэгіянальнымі ўладамі аб неабходнасці стварэння мінімальных умоў для маладых спецыялістаў. Гэта не мусіць быць клопатам адно толькі тэатра, тэлеканала ці мастацкай школы, куды накіроўваецца выпускнік нашай ВНУ, але і рэгіянальных улад.

- І ўсё ж, ці можна спадзявацца, што студэнты сапраўды даедуць да месцаў свайго размеркавання?

- Сёлета мы падрыхтавалі і давялі да ўсіх нашых выпускнікоў спецыяльную Памятку - у ёй у сціслай форме выкладзены асноўныя правы і абавязкі маладых спецыялістаў. Тут можна даведацца, на што яны маюць права і могуць разлічваць, прыбываючы на сваё першае месца працы, у якіх выпадках могуць прэтэндаваць на вольнае размеркаванне, а таксама прапісаны абавязкі - неабходнасць у азначаны тэрмін на працягу трох дзён паведаміць аб гэтым акадэміі. І, канешне ж, прапісана адказнасць у выніку невыканання патрабаванняў. Дарэчы, адказнасць гэтая не "віртуальная". Так, у мінулым годзе адна наша выпускніца-дызайнер Ніна Ісаева на пажадала выехаць па месцы размеркавання - яна выйшла замуж і з'ехала ў ЗША. Акадэмія спачатку прапанавала ёй, згодна з адпаведнай пастановай Савета Міністраў, у добраахвотным парадку вярнуць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на яе навучанне, а калі праз паўгода яна не адрэагавала на гэта, мы афіцыйным чынам, праз пракуратуру, выставілі ёй іск на суму ў 16 мільёнаў рублёў.

- А ці мажлівая такая сітуацыя, калі студэнты, якія вучыліся на платнай аснове, раптам таксама праявяць жаданне атрымаць разам з бюджэтнікамі "афіцыйнае" размеркаванне?

- А чаму б і не? На маю думку, гэта цалкам рэальная сітуацыя. І яна, як, зрэшты, і тое, што большасць студэнтаў-бюджэтнікаў даязджае-такі да свайго першага месца працы, - сведчанне таго, што маладыя людзі - выпускнікі нашай акадэміі - да свайго будучага ставяцца адказна і сур'ёзна.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА