Рыма МУРАВЕЙ, начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Кадры з мультымедыя-патэнцыялам”

 /i/content/pi/cult/193/2138/Muravej.jpg
— Людзі — найвялікшая каштоўнасць грамадства, таму галоўная мэта — стварыць ім дастойныя ўмовы як для самаадданай працы, так і для цікавага, карыснага адпачынку.
Лічу, што кадравая палітыка ў сферы культуры на сучасным этапе ў многім залежыць ад умелага спалучэння, з аднаго боку, традыцый, вопыту, прафесіяналізму, а з другога — мабільнасці, інфарматызацыі і мультымедыятэхналогій, якія абавязкова павінны грунтавацца на прынцыпах духоўнасці і агульначалавечай маралі. А вынік — высокая якасць абслугоўвання насельніцтва і належныя ўмовы працы кожнага работніка.
Глыбоцкі раён — адзін з найбуйнейшых у Віцебскай вобласці. Яго насельніцтва — 46 тысяч чалавек. Трэба адзначыць, што на працягу апошніх 20 гадоў у раёне склалася зладжаная сістэма работы з кадрамі. У структуру аддзела ўваходзіць 75 устаноў культуры.
Дзякуючы плённай працы кіраўніка-наватара Марыі Паляк з’явіліся першыя ў рэспубліцы раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр, Дом рамёстваў, група гаспадарчага абслугоўвання. Тады ж была праведзена цэнтралізацыя бібліятэк і клубных устаноў раёна. Эфектыўнасці работы садзейнічае ўвядзенне эканамічнай службы, штатнай адзінкі юрысконсульта.
Кадравая работа аддзела культуры будуецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай Праграмай “Кадры культуры: 2006 — 2010 гг.”. Аналіз яе выканання дае магчымасць сачыць за пытаннямі ў гэтай сферы і шукаць шляхі іх вырашэння.
Так, у 2008 годзе агульная колькасць працуючых склала 400 чалавек, з іх кіраўнікоў і спецыялістаў культуры — 232, сярод якіх 27,5% складае моладзь, 51% — работнікі сярэдняга ўзросту, 21,5% — работнікі сталага ўзросту, а гэта значыць, што энтузіязм, талент і вопыт даюць свае плённыя вынікі.
Аналіз адукацыйнага ўзроўню сведчыць аб тым, што большасць кадраў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, а профільная адукацыя складае 83% (па вобласці — 74%). На наступны год ставіцца задача павысіць гэты паказчык да 90%.
Якія крыніцы магчыма для гэтага выкарыстаць? Такія, як атрыманне профільнай адукацыі, метадычная вучоба, курсавая падрыхтоўка, самаадукацыя.
Нам прыемна адзначыць, што моладзь нашага раёна з задавальненнем паступае ў навучальныя ўстановы культуры і мастацтва, дзе заразнавучаецца 49 чалавек, з іх: на стацыянары — 28, завочна — 21, у тым ліку вышэйшую адукацыю атрымліваюць 29 навучэнцаў.
Але ж як хочацца, каб моладзь хутчэй вярталася на працу! Праблема ў тым, што калі студэнт заканчвае сярэднюю спецыяльную ўстанову, дзе вучыцца 4 гады, а потым адразу паступае ў вышэйшую навучальную ўстанову, то чакаць яго даводзіцца 9 гадоў! Таму прапануем тэрмін атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі скараціць да 3 гадоў, а выпускнікоў такіх устаноў залічваць ва Універсітэт культуры і мастацтваў на 3-ці курс.
Важна, што сярод маладых спецыялістаў — выхадцаў з нашага раёна, якія вярнуліся працаваць дадому, — таленавітыя і творчыя спецыялісты. Прыкладам стала выдатнае выступленне Юлі Сярдзюк на Рэгіянальным фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў “Еўропа плюс Полацк-2008”, дзе яна атрымала Гран-пры.
У мэтах замацавання кадраў у раёне пільная ўвага надаецца жыллёваму пытанню. Для работнікаў культуры пабудавана гаспадарчым спосабам 14 кватэр, працуе інтэрнат. Паколькі зараз з’явілася магчымасць выдзялення жылля ў аграгарадках маладым спецыялістам культуры, то мы вельмі чакаем прыезду ў раён харэографаў, фалькларыстаў, харавікоў.
Моладзі неабходны падтрымка і парады вопытных калег, таму ў раёне для рэзерву кадраў на працягу трох апошніх гадоў працаваў дыскусійны клуб “Асоба”, які спрыяў фарміраванню якасцей кіраўніка, арганізатара, асобы. Як працяг традыцыі — работа па актывізацыі маладзёжнага руху, адкрыццё школы дзі-джэяў, семінар-практыкум для бібліятэчных работнікаў “Укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій”, семінары “Роля ўстаноў культуры ў сферы вольнага часу”, “Работа самадзейнага тэатра як сродак эстэтычнага выхавання насельніцтва”.
Не застаюцца па-за ўвагай ветэраны працы культуры. Прыемным сюрпрызам для іх стала ўрачыстае ўручэнне “Залатога абанемента”, які дае права бясплатнага наведвання ўсіх культурных мерапрыемстваў раёна.
Якасць работы сферы культуры ў многім залежыць і ад умоў працы. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць прыемную падзею — адкрыццё абноўленай бібліятэкі сямейнага чытання, якая аб’яднала не толькі дзіцячую і раённую бібліятэкі, аддзел камплектавання, цэнтр публічнай інфармацыі, але і метадычную службу раёна, перасоўны аўтаклуб, бібліобус. Тэхнічнае забеспячэнне таксама спрыяе павышэнню якасці работы: установа абсталявана 22 камп’ютэрамі (8 — у чытальнай зале), маецца ламінатар, перфабіндэрдля брашуравання, мультымедыйны цэнтр, іншая аргтэхніка. Таму на сучасным этапе перад кожным работнікам культуры пастаўлена задача: дасканала авалодаць тэхналогіямі.
Значным стымулам для павышэння якасці працы становіцца матэрыяльнае заахвочванне. Па выніках працы за год работнікі культуры прэміруюцца па 13 намінацыях.
Першую групу па аплаце працы сярод устаноў культуры аграгарадкоў вобласці маюць толькі дзве: Падсвільскі ГДК і Дзеркаўшчынскі ЦК Глыбоцкага раёна, калектывы якіх традыцыйна становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі не толькі раённых, абласных, але і рэспубліканскіх конкурсаў.
Сістэма работы з кадрамі дала свой вынік: на сённяшні дзень мы маем 16 калектываў са званнямі “народны”, “узорны”, І месца ў абласным конкурсе ўстаноў культуры аграгарадкоў. Духоўнаму адраджэнню спрыяе Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат”, у гэтым годзе раён удзельнічае таксама ў Міжнародным праекце “Візуалізацыя традыцый латышскага і беларускага фальклору ў фарміраванні мастацкага трансгранічнага моста”.
А наперадзе — новыя планы, ажыццяўленне якіх магчымае толькі пры поўным выкарыстанні творчага патэнцыялу кожнага работніка культуры.