Анатоль АКУШЭВІЧ, начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

“Мінімальны пакет” з максімальнай аддачай"

 /i/content/pi/cult/193/2135/Akushevich.jpg
— Выкананне праграмы адраджэння і развіцця сяла Мінскай вобласці на 2005 — 2010 гг. стала вызначальным кірункам дзейнасці галіны па паляпшэнні якасці сацыяльна-культурнага абслугоўвання жыхароў сельскай мясцовасці. Распрацаваныя мерапрыемствы па рэалізацыі праграмы дазваляюць забяспечыць вяскоўцаў мінімальным пакетам сацыяльных паслуг, стварыць неабходныя ўмовы для задавальнення культурных патрэб насельніцтва.
У вобласці ў 2008 годзе падлягалі пераўтварэнню ў аграгарадкі 64 сельскія населеныя пункты. Паводле пашпартоў планаў іх развіцця, праведзены рамонтныя работы на 79 аб’ектах галіны, ажыццёўлены капітальны рамонт Зажэвіцкага сельскага дома культуры Салігорскага раёна, рэканструяваны два сельскія дамы культуры ў Мядзельскім і Дзяржынскім раёнах (1 чарга).
Новае нараджэнне атрымалі ўсе аб’екты культуры, сярод іх — Горкаўскі сельскі дом культуры і Каваліцкая бібліятэка-клуб Старадарожскага раёна, Старобінская раённая бібліятэка Салігорскага раёна, Танежыцкі СДК Слуцкага раёна, Багушэвіцкі СДК Бярэзінскага раёна, Юр’еўскі СДК Смалявіцкага раёна, Нёманскі і Камянкоўскі СДК Уздзенскага раёна, Сакоўшчынскі СДК Валожынскага раёна і г. д.
Новы будынак клубнай установы атрымалі жыхары аграгарадка “Будслаў” Мядзельскага раёна. За кошт мясцовага бюджэту пабудаваны Дом вольнага часу, каштарысны кошт якога ў бягучых цэнах складае 855,2 млн. рублёў. Гэта другі аб’ект, пабудаваны ў рэгіёне па дадзеным праекце (першапачаткова ён быў распрацаваны для Занарацкага дома вольнага часу). Будаўніцтва невялікіх кампактных устаноў дазваляе забяспечыць неабходныя ўмовы для правядзення разнапланавых культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, і ў той жа час выдаткі на іх утрыманне — мінімальныя.
За перыяд з 2005 года на рамонтныя работы аб’ектаў культуры аграгарадкоў у цэлым па вобласці асвоена 32,5 млрд. рублёў, у тым ліку ў 2008 годзе — 16,4 млрд. рублёў, або 131% ад гадавой планавай сумы. Сродкі інавацыйных фондаў (9,8 млрд. рублёў), мясцовых бюджэтаў і пазабюджэтныя паступленні (2,5 млрд. рублёў і 0,2 млрд. рублёў), прадугледжаныя на рамонтныя работы ўстаноў культуры аграгарадкоў ў 2008 годзе, асвоены ў поўным аб’ёме.
На працягу дзеяння Праграмы ў Мінскай вобласці штогод выконваюцца ўсе кантралюемыя паказчыкі.
На базе ўстаноў, якія рэканструююцца, створаны новыя тыпы ўстаноў культуры, сярод якіх — Ракаўскі і Навасельскі цэнтры культуры і вольнага часу, Варонінскі і Цаперскі клубы сацыяльна-культурных паслуг, Барсукоўскі цэнтр традыцыйнай культуры, Жабінскі культурна-аздараўленчы цэнтр, дзе створаны сучасныя ўмовы для паўнавартаснага адпачынку і заняткаў спортам для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва. На базе апошняга працуюць трэнажорныя залы для бодзібілдынгу, маюцца пляцоўкі для заняткаў фітнесам і настольным тэнісам, дзіцячая пляцоўка для спартыўна-забаўляльных гульняў, Цэнтр запатрабаваны ў маладзёжным асяроддзі.
За перыяд рэалізацыі Праграмы па адраджэнні і развіцці сяла ў вобласці аднавілі дзейнасць 42 мабільныя ўстановы культуры — аўтаклубы, бібліобусы, кінавідэакомплексы. У 2008 годзе для набыцця аўтамабіляў з абласнога бюджэту былі выдзелены сродкі ў памеры 328,3 млн. рублёў. Створаны 8 кінавідэакомплексаў, 3 аўтаклубы і бібліобус. Па спецыяльных маршрутах і графіках бібліобусамі ажыццяўляецца рэгулярнае абслугоўванне больш чым 200 аддаленых ад стацыянарных бібліятэк маланаселеных пунктаў. Аўтаклубы сёння ўкамплектаваны самай сучаснай гукаўзмацняльнай аўдыё-, відэа- і DVD-апаратурай. Незаменны клуб на колах і ў арганізацыі абменных канцэртаў паміж раённымі ўстановамі культуры.
Але галоўнае — мабільныя ўстановы ў пэўнай ступені ліквідуюць “геаграфічную няроўнасць” у культурным абслугоўванні насельніцтва, дапамагаюць больш паспяхова ўкараняць сацыяльныя стандарты ў сельскай мясцовасці.
На пастаянным кантролі ўпраўлення культуры — пытанні камп’ютэрызацыі сельскіх бібліятэк, стварэнне пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва.
Штогод выконваецца і перавыконваецца заданне па стварэнні філіялаў і класаў дзіцячых школ мастацтваў. Толькі за апошнія два гады за кошт пашырэння сеткі і адкрыцця новых класаў і філіялаў у сельскай мясцовасці агульны кантынгент навучэнцаў ДШМ павялічыўся больш чым на 500 чалавек.
На 200% выканана заданне па стварэнні працоўных месцаў у аграгарадках. Дзякуючы галіновай рэгіянальнай праграме “Кадры” на 2001 — 2005 і 2006 — 2010 гг. праводзіцца значная праца па забеспячэнні кваліфікаванымі кадрамі сельскіх устаноў культуры. Сярод спецыялістаў ва ўстановах аграгарадкоў 90,5% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю.
Павышэнню якаснага ўзроўню спецыялістаў спрыяе мэтанакіраваная прафарыентацыйная праца. Толькі ў 2008 годзе па мэтавай форме падрыхтоўкі ў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў паступілі 9 абітурыентаў з Міншчыны. Яшчэ 10 выпускнікоў сярэдніх школ з аграгарадкоў у мінулым годзе сталі навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, а 8 чалавек — навучэнцамі Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага.
Шырока выкарыстоўваюцца магчымасці завочнай адукацыі. У розных навучальных установах культуры і мастацтваў рэспублікі завочна атрымліваюць адукацыю 145 спецыялістаў аграгарадкоў. Усяго за перыяд 2005 — 2008 гг. ва ўстановы культуры аграгарадкоў прыбылі 169 маладых спецыялістаў. Замацаванню кадраў на сяле спрыяе, у тым ліку, рашэнне жыллёвых пытанняў. Так, за час дзеяння Праграмы спецыялістам галіны выдзелена 12 жылых дамоў, 5 кватэр і адзін катэдж.
Дзякуючы рэалізацыі Праграмы па адраджэнні і развіцці сяла ўстановы культуры Міншчыны сталі эстэтычна больш прывабныя, у іх створаны неабходныя ўмовы для якаснага абслугоўвання насельніцтва. Аднак, па практыцы, якая склалася, фінансаванне рамонтных работ ажыццяўляецца ў ІІІ — ІV кварталах і іх заканчэнне на большасці аб’ектаў запланавана на канец года, што стварае цяжкасці. Акрамя таго, абмежаваны аб’ём выдзеленых сродкаў не заўсёды дазваляе правесці поўны комплекс неабходных работ і ў дастатковай ступені абсталяваць абноўленыя ўстановы новай мэбляй і сучаснай апаратурай.
Але, разам з тым, па вобласці аб’ём сродкаў, выдаткаваных на набыццё матэрыяльных каштоўнасцей, з кожным годам узрастае. На гэтыя мэты ў 2008 годзе выдаткавана каля 7 млрд. рублёў (для параўнання: у 2005 годзе гэтая сума складала 4,7 млрд. рублёў).
Набыццё музычных інструментаў — адна з асноўных праблем у абсталяванні клубных устаноў і дзіцячых пазашкольных вучэбных устаноў рэгіёна. Працэнт зносу наяўнага інструментарыя складае ад 87% да 90%. Праблема ўскладняецца тым, што не ўсе неабходныя інструменты вырабляюцца на айчынных прадпрыемствах, ды і якасць прадукту не задавальняе. Мы актыўна працуем над вырашэннем гэтай праблемы. Так, у 2008 годзе выдаткавана 200 млн. рублёў на цэнтралізаванае набыццё музычных інструментаў.
Аднак у будучыню мы глядзім з аптымізмам. Вызначаны задачы на 2009 год, прадугледжаны неабходныя для ўладкавання інфраструктуры аграгарадкоў сродкі, што дазволіць павялічыць аб’ём паслуг культуры насельніцтву і будзе спрыяць далейшаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна.