Галоўны прыз — “Залаты Рог”

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Па добрай традыцыі, у Рагачове адбылася студзеньская цырымонія ўручэння прызоў за дасягненні ў сацыяльна-культурнай сферы “Залаты Рог-2008”. У гарадскім Доме культуры трынаццаты раз ушанавалі лаўрэатаў-пераможцаў конкурсу.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Банчук як кіраўнік экспертнай групы штогадовай цырымоніі “Залаты Рог” горача вітаў яе ўдзельнікаў. А ўсім пераможцам уручалі статуэткі з выявай сімвала Рагачова — залатога рога.
Уладальнікамі галоўных прызоў, да прыкладу, сталі: за асабісты ўклад у фарміраванне пераемнасці пакаленняў, патрыятызм, умацаванне нацыянальных традыцый — жыхарка вёскі Раманаўка Стаўпнянскага сельсавета, носьбіт традыцыйнай беларускай культуры (народных песень, танцаў, абрадаў) Надзея Швед; за асабісты ўклад у развіццё духоўнасці, эстэтыкі быцця — сям’я Ніны і Дзмітрыя Чарнецкіх з пасёлка Беліцк; за асабістую мужнасць і прыклад жыццялюбства — выкладчык дзіцячай школы мастацтваў горада Рагачова, інвалід па зроку Уладзімір Пісарэнка ды іншыя.
Сярод лаўрэатаў спецыяльных прызоў цырымоніі “Залаты Рог-2008”: метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ніна Дупеенка — за арганізацыю і правядзенне праграмы, прысвечанай 100-годдзю з дня смерці У.Кігна-Дзедлава; дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Клаўдзія Савельева — за арганізацыю і правядзенне Кігнаўскіх чытанняў; клуб ветэранаў працы ГД (старшыня — Людміла Кабылянец) — за актыўны лад жыцця, паездкі з канцэртамі ў аддаленыя населеныя пункты раёна, уменне арганізоўваць свой вольны час і за ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе...
Завяршылася мерапрыемства канцэртам і сюрпрызам — святочным феерверкам на сцэне.

Міхась КАВАЛЁЎ
Рагачоў