Гукі ліры духоўнай

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Заўтра ў Мінску адкрываецца ІХ Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў, які працягнецца да 22 красавіка. У межах свята пройдзе конкурс хораў і ансамбляў, паказ відэафільмаў, вечары духоўнай паэзіі, багатая выставачная праграма.

Заўтра ў Мінску адкрываецца ІХ Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў, які працягнецца да 22 красавіка. У межах свята пройдзе конкурс хораў і ансамбляў, паказ відэафільмаў, вечары духоўнай паэзіі, багатая выставачная праграма.

- Міністэрства культуры ўжо тры гады працуе сумесна з Епархіяй, - сказаў падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры РБ намеснік міністра культуры Валерый Гедройц.- Сэнс гэтай працы добра выказаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт: "Абуджэнне ў чалавеку духоўнага пачатку, дапамога яму ў асэнсаванні сябе асобай непаўторнай, выхаванне ў ім пачуцця дабрыні да сябе падобных - гэта справа першаступеннай важнасці. Будзе ў душы людской мір і парадак - будзе добрапрыстойна і ў нашым грамадстве". У такой сумеснай дзейнасці мы імкнёмся, каб мерапрыемствы, што ладзіць міністэрства, насілі яшчэ больш духоўны характар і былі накіраваны, найперш, на моладзь, якой належыць будучыня нашай краіны. Разам працуем над правядзеннем фестываляў і святаў, у тым ліку Дня беларускага пісьменства. Разам рупімся пра захаванне нашай нацыянальнай спадчыны, вялікую частку якой складаюць цэрквы, іншыя храмавыя збудаванні. Дзякуючы гэтаму фестывалю, як зазначыў мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк, харавы ўхіл узнікне і ў Міжнародным фестывалі "Мінская вясна", у межах якога пройдуць асобныя канцэрты праваслаўных песняспеваў і конкурсныя праслухоўванні. Фестываль будзе мець не толькі вялікае выхаваўчае значэнне, падкрэсліла галоўны рэдактар часопіса "Мастацкая адукацыя і культура", кандыдат педагагічных навук Любоў Раманенка. У яго межах адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, якая збярэ не толькі навукоўцаў, але і практыкаў-рэстаўратараў. Сярод іх - такія знаныя майстры, як доктар мастацтвазнаўства Наталя Сярогіна з Санкт-Пецярбургу, якая займаецца нотнай расшыфроўкай старадаўніх песняспеваў, доктар мастацтвазнаўства, мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі, навуковы супрацоўнік Кастрамскога мастацкага музея Святлана Каткова і інш.

Старшыня Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Грамадства падтрымкі хрысціянскай культуры "Добротолюбие", кандыдат мастацтвазнаўства Ларыса Густава, якая з'яўляецца аўтарам праекта, мастацкім кіраўніком і адным з галоўных арганізатараў фестывалю, звярнула ўвагу прысутных на дабрачынны кірунак свята. Сапраўды, далучыцца да яго змогуць усе жадаючыя. У нядзелю а 10-ай гадзіне раніцы ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска адбудзецца Боская літургія і малебен. Пасля ўсіх пакліча канцэрт "Званы Белай Русі", што адбудзецца на прыступках і стане не проста паказальнай праграмай, але і асветніцкай акцыяй. Яшчэ адзін такі ж канцэрт адбудзецца роўна праз тыдзень перад Канцэртнай залай Беларускай дзяржаўнай філармоніі, за гадзіну да ўрачыстага закрыцця фестывалю. На фінальным гала-канцэрце будуць уганараваны лаўрэаты і дыпламанты конкурсу, якіх вызначыць прадстаўнічае журы, у складзе якога - народны артыст СССР, прафесар Віктар Роўда, народны артыст Балгарыі, кампазітар, дырыжор, прафесар Драгамір Нэнаў, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, мастацкі кіраўнік "Гродзенскай капэлы" Ларыса Іконнікава, кандыдат педагагічных навук, прафесар Альбіна Пякуцька, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вера Пракапцова, прадстаўнікі Расіі, Украіны, Латвіі. Узначаліць журы кандыдат багаслоўя, дырэктар знакамітага Міжнароднага фестывалю "Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі" Міхаіл Нігерэвіч (Польшча).

Н.Б