Гліняны самавар

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

У Гарадку адкрылася выстаўка ганчарства, названая арганізатарамі з раённага Дома рамёстваў і фальклору “Зямное і вечнае”.

 /i/content/pi/cult/192/2129/Samavar.jpg
Чарговая экспазіцыя дэманструе паліхромную кераміку — сучасную і рэтраспектыўную. Першыя ганчарныя вырабы, прадстаўленыя чарапкамі і аскепкамі, знойдзены пры раскопках у ваколіцах і на тэрыторыі нашага горада і захоўваюцца ў фондах Гарадоцкага краязнаўчага музея.
Экспануюцца, натуральна, і творы сучасных глінамесаў. Да прыкладу, вядомы майстар Уладзімір Патарыс перадаў у свой час вялікую калекцыю посуду ўласнага вырабу ў мясцовы краязнаўчы музей. Прадстаўлены на выстаўцы і творы Васіля Семянкова — вучня Сцяпана Амасовіча, аднаго з пяці братоў, што перанялі ганчарнае мастацтва ў свайго бацькі. Увазе гледача прадстаўлена і калекцыя гліняных вырабаў патомнага рамесніка Сяргея Шункевіча. Сярод экспантаў “Зямнога і вечнага” — збаны, куфлі, міскі, дэкаратыўныя самавары, спарышы, вазы... Усяго — больш за 200 твораў.
Ёсць сярод экспанатаў і вырабы глінамесаў-жанчын. Алена Бараўцова, кіраўнік гуртка па ганчарстве пры Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору, працавала разам з Васілём Семянковым над стварэннем калекцыі “Абварная кераміка”. Майстрыха стала лаўрэатам рэспубліканскай выстаўкі “Жывыя крыніцы”. А Ірына Шалаева летась прыняла ўдзел у пленэры ганчароў “Гліна спявае”, дзе заняла І месца сярод майстроў па вырабе цацак-свістулек.
Выстаўка “Зямное і вечнае”, нягледзячы на непазбежныя стракатасць і шматпрадметнасць, дае досыць поўнае ўяўленне аб стане традыцыйнага ганчарскага мастацтва Беларусі.

Аліна БАСТАВА
Гарадок